«Экстрэміст Іосіф Бродскі». Што рабіць тым, у каго кніга на паліцы?
Юрыст і праваабаронца Павел Сапелка тлумачыць, што цяпер рабіць тым, у каго Бродскі — улюбёны аўтар.
Учора стала вядома, што суд прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі «Баладу пра маленькі буксір» Іосіфа Бродскага і кнігу Уладзіміра Арлова з ілюстрацыямі Паўла Татарнікава. «Айчына: малая гісторыя. Ад Рагнеды да Касьцюшкі». Апошняя — бестселер, і стаіць на многіх кніжных паліцах у беларускіх дамах.
— Павел, раскажыце, якой раней была правапрымяняльная практыка, што тычыцца прызнання інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі?. Як гэта ўсё працуе з прававога пункту гледжання?
— Насамрэч, гэта даўняя гісторыя. Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў пачаў фармавацца з 2008 года і прайшоў некалькі этапаў станаўлення.
Калі ўзгадаць, то першай інфармацыйнай прадукцыяй, прызнанай экстрэмісцкай, быў СD-дыск «Урок беларускай мовы», канцэрт «Салідарнасці з Беларуссю» і нешта яшчэ. Далей экстрэмісцкай прызнавалася ўсякая чарнасоценна-праваслаўная літаратура кшталту «Расія, прачніся: у абарону Айчыны» або «Тайны сусветны ўрад».
А затым зноў сталі прызнавацца экстрэмісцкімі выданні незалежных СМІ, накшталт знакамітага «Прэс-фота Беларусі-2011» выдавецтва «Логвінаў».
Шчыра кажучы, я не бяруся нават ацэньваць абгрунтаванасць прызнання тых ці іншых друкаваных выданняў экстрэмісцкімі, таму што, па вызначэнні, усе судовыя рашэнні па гэтым пытанні з'яўляюцца закрытымі.
Гэта можна даведацца толькі адным спосабам: калі ты сам з'яўляешся зацікаўленай асобай — маецца на ўвазе працэсуальны статус. Калі, умоўна кажучы, у цябе адабралі кніжку, а яна твайго аўтарства, і ты змог уступіць у гэты працэс. Але гэта па розных прычынах атрымлівалася не ва ўсіх.
— Тое, што ўсе свежыя справы разглядаў суд Цэнтральнага раёна Мінска — гэта заканамернасць?
— Не, гэта супадзенне, таму што там поўная разнастайнасць судоў і гэтым займаюцца самыя розныя з іх.
Я нават са здзіўленнем заўважыў, што зноў вярнуліся ў сферу цікавасці органаў, якія ажыццяўляюць прафілактыку экстрэмісцкай дзейнасці, рознага роду нацысцкія і неанацысцкія інфармацыйныя матэрыялы. Таму што на нейкі час яны згубіліся за тэлеграм-каналамі пратэснага характару.
А цяпер я вам скажу тое, чаго ніхто не ведае. Я нядаўна задумаўся, а якая наогул колькасць экстрэмісцкіх матэрыялаў цяпер існуе, таму што на самой справе іх спіс не пранумараваны, а ў некаторых рашэннях прызнаюць такімі адразу некалькі.
І на 29 верасня гэтага года ў Беларусі я налічыў 1955 адзінак інфармацыйнай прадукцыі, прызнанай экстрэмісцкай. Гэта значыць, зараз гэтая лічба павінна быць каля 2 тысяч.
Што тычыцца гэтых двух канкрэтных кніг, пра якія мы даведаліся сёння, то трэба выразна сказаць, што прызналі экстрэмісцкімі два канкрэтных выданні. Гэта значыць, выданні тых жа самых кніг, але з іншымі выходнымі дадзенымі, не з'яўляюцца экстрэмісцкай прадукцыяй.
І што будзе адбывацца з гэтымі канкрэтнымі кнігамі, на гэта дае адказ закон Аб супрацьдзеянні экстрэмізму, у артыкуле 19 якога гаворыцца пра тое, што забаронена распаўсюджванне, публічная дэманстрацыя, а таксама іх выраб, выданне, захоўванне і перавозка ў мэтах распаўсюду.
Гэта значыць, апошнія чатыры дзеянні забараняюцца менавіта ў мэтах распаўсюду.
Праўда, трэба заўважыць, што, на жаль, улады не выконваюць нават свае законы і вельмі часта да нас даходзяць звесткі аб тым, што захоўванне інфармацыйнай прадукцыі, прызнанай экстрэмісцкай, цягне за сабой адвольную адказнасць.
Гэта значыць, проста пішуць у пратаколе, што чалавек захоўваў гэтыя матэрыялы з мэтай распаўсюджвання, і гэта лёгка праходзіць праз наш «справядлівы» суд, і чалавек атрымлівае пакаранне.
І калі быць максімальна адкрытым, то супакойваць людзей тым, што захоўванне не ўтварае складу злачынства, будзе не зусім правільным. Трэба разумець, што заўсёды ёсць месца самавольству.
Паводле «Салідарнасці»