«Чарговае прабіццё дна». Акаўнт пра нацыянальныя татуіроўкі прызналі экстрэмісцкім

Акаўнт «Беларусь на целе», прысвечаны нацыянальным татуіроўкам, улады прызналі экстрэмісцкім.

Тату Паўла Белавуса.

Тату Паўла Белавуса.

Праект «Беларусь на целе» збіраў пратэсныя татуіроўкі беларусаў. Акаўнт вяла беларуская журналістка Жэня Доўгая.

Пра стварэнне праекта Жэня раней распавядала, што яго ідэя паўстала пасля таго, як сілавікі арыштавалі Паўла Белавуса і абвінавацілі ў «пікетаванні татуіроўкай». У Паўла на руках былі невялічкія бел-чырвона-белыя сцяжкі і імя сына і дачкі. Жэня кажа, што пасля гэтага ёй стала цікава, «колькі людзей праз татуіроўкі паспрабавалі адрэфлексаваць падзеі 2020 года». І яна напісала ў сваім інстаграме, што шукае людзей, якія зрабілі сабе татуіроўкі пасля падзей 2020 года. Людзей адгукнулася вельмі шмат…

Цяпер стала вядома, што, згодна з рашэннем Ленінскага суда Брэста, акаўнт пра татуіроўкі прызнаны 24 кастрычніка экстрэмісцкім.

_photo_2022_10_25_20_40_45.jpg

Жэня Доўгая пракаметавала гэта рашэнне так:

— На самай справе, нічога дзіўнага для мяне канкрэтна не адбылося. Таму што ўжо былі званочкі ў выглядзе затрыманняў за татуіроўкі, затрыманняў тату-майстроў. І было пару разоў такое, што людзі прасілі выдаліць з акаўнта свае татуіроўкі. Таму што ім тэлефанавалі сілавікі і ўдакладнялі, ці іх гэта татуіроўка. Проста чарговае прабіццё дна.