Эксперт: Фінальным пунктам канцэнтрацыі нелегальных мігрантаў стане сама Беларусь

Ці паспее Еўропа зрэагаваць на перанакіраванне Беларуссю мігранцкіх патокаў да іншых межаў і якімі будуць наступствы для нашай краіны?

neft2_121.jpg

За апошнія чатыры дні польскія памежнікі на мяжы з Беларуссю затрымалі 349 замежнікаў, якія спрабуюць патрапіць у ЕС. У ноч на аўторак, 10 жніўня, на латвійска-беларускай мяжы затрымалі 65 мігрантаў, а ўсяго за мінулыя суткі — каля 200 чалавек.

Тым часам памежная служба Літвы паведамляе, што за мінулыя суткі ў краіну з Беларусі не трапіў аніводны мігрант, літоўскія памежнікі вярнулі ў Беларусь амаль 100 чалавек, якія спрабавалі незаконна перасекчы дзяржаўную мяжу ў недазволеных месцах.

Латвія абвясціла рэжым НС на мяжы з Беларуссю праз сітуацыю з мігрантамі.

Перанакіраванне мігранцкіх патокаў, а таксама наступствы такога развіцця падзей для Беларусі з «Салідарнасцю» абмеркаваў дырэктар «Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў» Арсеній Сівіцкі.

— Перанакіраванне плыней мігрантаў шмат у чым абумоўлена тым, што літоўскія ўлады прынялі пастанову эфектыўна блакаваць спробы нелегальнага перасячэння мяжы з боку Беларусі, — адзначае эксперт. —

З улікам таго, што супольнасці мігрантаў хутка адаптуюцца да зменлівых умоў і асяроддзя, яны, адпаведна, выбіраюць напрамкі, якія, з іх пункту гледжання, менш абароненыя. У дадзеным выпадку гэта латвійскі і польскі напрамкі.

Аднак відавочна, што гэтыя краіны хутка і рашуча адрэагуюць на гэты міграцыйны крызіс па прыкладзе літоўскіх улад. Асабліва з улікам таго, што гэтыя дзеянні знаходзяць салідарнасць і падтрымку з боку ЕС. Таму ў рэшце рэшт гэта прывядзе да таго, што Беларусь акажацца ў такім санітарным кардоне з боку суседзяў, а фінальным пунктам канцэнтрацыі нелегальных мігрантаў стане сама Беларусь.

Важна таксама адзначыць, што стратэгія Мінска аказаць міграцыйны ціск на сваіх суседзяў і такім чынам прымусіць іх сесці за стол перамоў церпіць крах. Гэтага не адмаўляюць нават самі беларускія ўлады. У афіцыйных каментарах прадстаўнікоў МЗС прызнаецца той факт, што нашы суседзі і ў цэлым ЕС ігнаруюць сігналы з боку Мінска аб гатоўнасці шукаць нейкае сумеснае рашэнне.

Пры гэтым, безумоўна, гучаць абвінавачванні ў бок Еўрасаюза аб тым, што менавіта ён з'яўляецца прычынай крызісу ў сувязі з аднабаковым рашэннем спыніць супрацоўніцтва з Беларуссю ў сферы кіравання мяжой. Што прадугледжвала ў тым ліку і фінансаванне з боку ЕС, якое цяпер заблакаванае.

Замест гэтага Еўрапейскі Саюз пазбягае прамых кантактаў з беларускімі ўладамі і лічыць за лепшае купіраваць праблему на этапах яе зараджэння, каардынуючы свае дзеянні з краінамі, якія выступаюць донарамі нелегальных мігрантаў.

У якасці аднаго з апошніх прыкладаў можна прывесці эфектыўнае супрацоўніцтва ЕС з уладамі Ірака. Думаю, Еўрасаюз і далей працягне такое ўзаемадзеянне. У рэшце рэшт, калі сітуацыя на мяжы паміж Беларуссю і еўрапейскімі краінамі ў бліжэйшы час не нармалізуецца, то, як ужо было анансавана, ЕС разгледзіць магчымасць увядзення дадатковых санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі.

Таму адзіная магчымасць пазбегнуць развіцця падзей па гэтым сцэнары — вяртанне беларускага боку да выканання сваіх міжнародных абавязацельстваў, незалежна ад таго, ці гатовы Еўрасаюз вярнуцца да супрацоўніцтва ў сферы кіравання межамі і фінансаваць гэтую дзейнасць, ці не.