Латвія абвясціла надзвычайны рэжым на мяжы з Беларуссю праз мігрантаў
Урад Латвіі абвясціў рэжым надзвычайнай сітуацыі на мяжы з Беларуссю ў сувязі з наплывам мігрантаў, піша «Delfi».
Паводле звестак выдання, рэжым НС уводзіцца 11 жніўня і будзе дзейнічаць да 10 лістапада ў Лудзенскім, Краслаўскім, Аўгшдаўгаўскім краях і горадзе Даўгаўпілс.
Памежнікам дазволена выкарыстоўваць фізічную сілу і
спецыяльныя сродкі, каб вяртаць у Беларусь людзей, якія незаконна перайшлі
мяжу. Ім будуць дапамагаць вайскоўцы і паліцыя.
Дзяржаўная памежная ахова і ўпраўленне па справах
грамадзянства і міграцыі змогуць у спрошчаным парадку закупляць тавары першай
неабходнасці, прадукты харчавання для мігрантаў. Аблегчаная працэдура будзе
прымяняцца і пры правядзенні закупак, звязаных з размяшчэннем мігрантаў.
Увесці рэжым НС напярэдадні прасіла кіраўніца МУС Латвіі
Марыя Голубева. Гэта звязана з рэзка павялічаным патокам незаконных мігрантаў,
якія спрабуюць перасекчы мяжу. З шостага жніўня мяжу незаконна перайшлі 283
чалавекі, усяго з пачатку года на ўсходняй мяжы памежнікамі затрыманыя 343
парушальнікі.
Начальнік Дзяржаўнай памежнай аховы Гунціс Пуятс раней
нагадаў, што ў цэнтрах размяшчэння практычна няма месцаў, таму парушальнікаў
мяжы прыйдзецца сяліць у намётах. Некалькі свабодных месцаў у цэнтрах
размяшчэння пакуль ёсць для тых мігрантаў, якія не збіраюцца прасіць прытулку ў
Латвіі.
Да гэтага з праблемай павелічэння колькасці незаконных мігрантаў сутыкнулася Літва. З пачатку года тут былі затрыманыя больш за чатыры тысячы чалавек. Улады Літвы абвясцілі рэжым НС і пачалі будаўніцтва на мяжы сцены з калючым дротам. Вільня абвінавачвае ўлады Беларусі ў тым, што яны не перашкаджаюць нелегальнаму перасячэнню мяжы. Кіраўнік МЗС краіны 6 жніўня выступіў з заявай, у якой папярэдзіў мігрантаў пра небяспеку падарожжа ў ЕС праз Беларусь