Эканамісты, стаматолагі, айцішнікі. Кім (не)хочуць быць беларускія абітурыенты?

У гэтым годзе недабор у некаторыя ВНУ быў настолькі высокім, што выкладчыкі вымушаныя былі абзвоньваць бацькоў абітурыентаў і ўгаворваць тых паступаць у іх універсітэты. Праўда, гэта не спрацавала.

Сёлета БДУІР быў у топе па конкурсе сярод абітурыентаў. Ілюстрацыйнае фота «НЧ» 

Сёлета БДУІР быў у топе па конкурсе сярод абітурыентаў. Ілюстрацыйнае фота «НЧ» 

У Беларусі завяршылася ўступная кампанія. Сёлета ўніверсітэты набралі 46 тысяч першакурснікаў. Самы высокі конкурс быў у Гродзенскім універсітэце на спецыяльнасць «Дызайн» — 20 чалавек на месца. Тым часам у сельскагаспадарчых ВНУ не хапае абітурыентаў нават з мінімальнымі баламі.

Куды было складаней за ўсё паступіць?

Сёлета больш за 40 тысяч абітурыентаў падалі дакументы ва ўніверсітэты на «бюджэт», студэнтамі сталі каля 30 тысяч чалавек. Гэта на 2,5 тысячы больш, чым у 2023-м, паведамляюць у Міністэрстве адукацыі. На платную форму навучання залічылі яшчэ 16 тысяч абітурыентаў, піша «Deutsche Welle».

Вось як выглядае топ-5 спецыяльнасцей па прахадным бале: «Сусветная эканоміка» (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт) — 395, «Стаматалогія» (Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт) — 395, «Праграмная інжынерыя» (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі) — 395, «Эканамічная інфарматыка» (БДУ) — 394 і «Прыкладная інфарматыка» (БДУ) — 391.


Глядзіце таксама

Сёлета набралі на тысячу больш «мэтавікоў» — 5,6 тысяч, часцей за ўсё па медыцынскіх, педагагічных і сельскагаспадарчых спецыяльнасцях. Нягледзячы на льготныя ўмовы, у сельскагаспадарчых ВНУ вакантнымі засталіся некалькі соцень бюджэтных месцаў. 

Бацькоў угаворвалі, каб дзеці пайшлі ў сельгасакадэмію

Самая складаная сітуацыя — у Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі (БДСГА), дзе не змаглі набраць 258 студэнтаў. Незапатрабаванымі аказаліся спецыяльнасці «Вытворчасць прадукцыі жывёльнага паходжання», «Вытворчасць прадукцыі расліннага паходжання», «Тэхнічнае забеспячэнне вытворчасці» і «Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт».

Падобная сітуацыя — у Віцебскай ветэрынарнай акадэміі, дзе 174 месцы па спецыяльнасцях «Ветэрынарная медыцына» і «Вытворчасць прадукцыі жывёльнага паходжання» засталіся свабоднымі. Дадатковы набор абвясцілі і ў Гродзенскім аграрным універсітэце, дзе незапатрабаванымі аказаліся ўсё тыя ж спецыяльнасці.

Прахадныя балы ў сельгасуніверсітэты — адны з самых нізкіх. Напрыклад, у сельгасакадэмію на «бюджэт» прымалі абітурыентаў з 64 баламі з 300 магчымых. Але нават гэта не дапамагло вырашыць праблему. Супрацоўнікі акадэміі звярнуліся да бацькоў, каб яны пераканалі сваіх дзяцей паступаць менавіта да іх.

«Мы размяшчалі ў сваіх сацсетках аб'явы пра ўступную кампанію. Далей абзвоньвалі абітурыентаў і іх бацькоў, па школьных спісах, — расказала DW на ўмовах ананімнасці выкладчыца БДСГА. — Расказвалі, што можна бясплатна паступіць, што ў нас нізкія прахадныя балы. Не магу сказаць, што гэта моцна дапамагло. Бацькі першапачаткова негатыўна настроеныя да працы ў сельскай гаспадарцы — усе хочуць, каб іх дзеці жылі ў горадзе і зараблялі пабольш. Часцей за ўсё пыталіся пра заробак».


Глядзіце таксама

Паводле слоў выкладчыцы, «хранічны недабор» кожны год не толькі ў акадэміі, а ў цэлым у сельскагаспадарчых ВНУ краіны. Паводле звестак Белстата, у 2023-м сярэдні заробак склаў 1483 рублі (гэта 423 еўра), у галіне працуе больш за 250 тысяч чалавек, кадравы дэфіцыт — больш за 20%.

Абзвоньваў бацькоў і дэкан факультэта механізацыі Уладзімір Гусараў, у сацсетках ён падзяліўся сумным досведам: «Абзвоньваем абітурыентаў і бацькоў, у адказ чуваць: "Ха-ха-ха, нецікава". Пытаюся адну такую маму: "Чаму нецікава?" — "Маё дзіця што, няўдачнік, каб да вас ісці?"» Гусараў паспрабаваў заклікаць бацькоў да сумлення: «Стаўцеся больш паважліва, калі да вас тэлефануюць. Думаю, мы і тыя, хто ў вашым разуменні няўдачнікі, гэтага не заслужылі. Калі раніцай будзеце гатаваць свайму "ўдачніку" сняданак, паглядзіце на прадукты і зразумейце, што яны не выраслі самі. Іх выгадаваў аграном, заатэхнік, інжынер паправіў дзесьці трактар. Так яны апынуліся ў вас на стале». 

Аднак гэта не дапамагло вырашыць праблему: ВНУ абвясціла пра дадатковы набор, цяпер паступіць на «бюджэт» змогуць абітурыенты нават з мінімальнымі баламі. Набор на завочную форму ў сельскагаспадарчых ВНУ праходзіць у канцы года, каб выпускнікі, якія ўжо нікуды не паступілі, маглі падаць дакументы хаця б туды.

Закрыццё прыватных ВНУ не дапаможа дзяржаўным

Сёлета закрыліся дзве з пяці прыватных ВНУ. Ці дапаможа гэта дзяржаўным універсітэтам? Былы дацэнт факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Павел Баркоўскі лічыць, што істотнага ўплыву на набор гэта не акажа. За дзесяць гадоў колькасць першакурснікаў скарацілася на 30%: з 64 тысяч у 2014 годзе да 46 тысяч у 2024-м.

Эксперт адзначае, што ўлады замоўчваюць яшчэ адну праблему — адток беларускіх студэнтаў за мяжу. Кожны год расце колькасць беларусаў у польскіх ВНУ: 10 гадоў таму было 3 955 студэнтаў, 5 гадоў таму — 8 378, апошні набор — ужо 12 тысяч.


Глядзіце таксама

«І гэта прытым, што паступленне ў еўрапейскую ВНУ сёння моцна ўскладнена — дзяржава стварае перашкоды ў афармленні дакументаў, пазбаўляе адтэрміноўкі на службу ў войску, — кажа ён. — Нягледзячы на гэта, колькасць студэнтаў у Польшчы супастаўная з беларускімі студэнтамі ў расійскіх універсітэтах. Хоць паступіць у Расію значна прасцей: няма моўнага бар'ера, там агульны конкурс і нават ствараюць спецыяльныя стыпендыі, якія за апошнія два гады выраслі з 70 да некалькіх тысяч».

Баркоўскі лічыць, што тэндэнцыя будзе толькі павялічвацца: «У беларускіх школьнікаў добры патэнцыял, каб атрымліваць адукацыю за мяжой. Вядома, ёсць моўны бар'ер, але і яго пераадольваюць нашы выпускнікі. А далей яны сутыкаюцца з зусім іншым падыходам да адукацыі, у іх больш магчымасцей для стажыровак і развіцця кар'еры».