Эканамічны суд стаў на бок ідэолагаў
Суддзя Эканамічнага суду Мінску Аліна Драбудзька палічыла законнымі дзеянні гарадскіх ідэолагаў, якія забаранілі прэзентацыю альбому Алеся Дзянісава «Кароткая гісторыя Беларусі».
У Эканамічным судзе Мінску адбылося
пасяджэнне ў сувязі з заявай кіраўніка TuzinFM Сяргея Будкіна, які прасіў прызнаць незаконнымі дзеянні галоўнага
ўпраўлення ідэалагічнай працы Мінгарвыканкаму. Ідэолагі адмовілі ў правядзенні
канцэрту ў межах праекту «Жывы Тузін» Алеся Дзянісава з прэзентацыяй праграмы
«Кароткая гісторыя Беларусі» з прычыны «нізкага
мастацкага ўзроўню выканання». Гэтак вызначыў мастацкі савет пры Мінгарвыканкаме.
Напярэдадні судовага пасяджэння ў адказ на запыт аб пратаколе паседжання
мастацкага савета, аб яго складзе і аб працэдуры ацэнкі ўзроўню выканання,
начальнік ідэалягічнага ўпраўлення Павал Скалабан даў банальную адпіску.
Пры разглядзе справы, суддзя Аліна Драбудзька прыйшла да высновы, што патрабаванні заяўніка ня могуць быць задаволеным, бо ў прыняцці рашэння ідэолагі кіраваліся Кодэксам «Аб культуры», у якім прадугледжана адмова ў выдачы гастрольнага пасведчання. Кола замкнулася.
TuzinFM папрасіў пракаментаваць гэтае рашэнне юрыста праваабарончага цэнтру «Вясна» Паўла Сапелку:
«Суд фармальна ацаніў довады заяўніка і абгрунтаваў рашэнне самім фактам наяўнасці ў дзяржоргана паўнамоцтва ў выдачы дазволу на правядзенне канцэрту. Але аніяк не былі вырашаныя довады, выкладзеныя ў заяве, што такая забарона парушае правы і свабоды, якая ахоўваюцца Канстытуцыяй і міжнароднымі абавязальніцтвамі», – заўважыў экспэрт.
Мы будзем абскарджваць рашэнне Эканамічнага суду Мінску ў гэтай справе ў апеляцыйнай камісіі.
Сяргей Будкін пракаментаваў судовае рашэнне:
— «Именем Республики Беларусь»… Так пачынаецца дакумент, які мне выдалі ў Эканамічным судзе Менску. Паседжанне, у якім я, як арганізатар мерапрыемства, аспрэчваў дзеянні ідэолагаў адносна забароненага канцэрту Алеся Дзянісава, правялі без мяне. Я быў за мяжою і дазнаўся пра тое, што суд адбыўся, па прыездзе. Усё прадказальна, але ўсё адно крыўдная гэтая механіка.
Адны гасударавы людзі выдумалі Кодэкс «Аб культуры», аналагаў якому ў свеце напраўду няма. Ён фактычна ўзаконьвае цэнзуру і татальны кантроль у гэтай сферы. Другія гасударавы людзі (ідэолагі з Мінгарвыканкаму) з прыемнасцю сталі яго прымяняць у адносінах да тых, чый светапогляд для іх непрымальны. Трэція гасударавы людзі (суд) на довад у тым, што гэта наўпроставае парушэнне галоўнанага закона гэтай краіны, засведчылі, што так яно і трэба. Выйшла так, што п.7 арт.214 кодэкса «Аб культуры», дзе вядзецца пра тое, што могуць стварацца мастацкія саветы для ацэнкі мастацкага ўзроўню выканаўцы, вышэй за арт.33 Канстытуцыі Беларусі, у якім кожнаму гарантуецца свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне, а цэнзура недапушчальная.
Алесь Дзянісаў не абражаў чыйсьці гонар, не заклікаў да гвалту, не распаўсюджваў порна. Ён проста паклаў на музыку вершы сляпога паэта са Скідзелю Алеся Чобата з цыклю «Кароткая гісторыя Беларусі». І мне тут крыўдна да слёз зноў, у мільённы раз, калі я бачу гэты татальны падзел паміж нашымі Беларуссямі: маёй краіны, у якой ёсць свая гісторыя, мова, культура, літаратура, а людзі маюць талент, годнасць, і нязломнасць і гэтай вось безыдэйнай, аморфнай, фармалістычнай, падазронай, варожа настроенай «Республикой Беларусь», ад імя якой упаўнаважаны вяшчаць ідэолаг Скалабан, сын выдатнага гісторыка, які ганьбіць свой род, суддзя Аліна Драбыдзька, якая нават на пісьмовы запыт па-беларуску, усё адно адказвае па-руску, ды іншыя гасударавы людзі.
Але мяне грэе думка, што ў маёй Беларусі жыць куды прыемней, цікавей і ўтульней. Менавіта ў ёй праходзіць большасць майго часу, у ёй я працую і адпачываю. Менавіта ў ёй жыве мая сям’я. Менавіта пра яе я распавядаю сваім дзецям. А сутыкненні з варожым паралельным вымярэннем, якія часам здараюцца, мы неяк перажывем. Бо мы мацнейшыя духам і за намі праўда.