Будоўля на былых габрэйскіх могілках — не справа суда
Суд Цэнтральнага раёну Гомеля адхіліў пазоў прэзідэнта Сусветнай асацыяцыі беларускіх габрэяў (ЗША) Якава Гутмана да Гомельскага гарвыканкаму, а таксама Мазырскага райвыканкаму.
Гутман прасіў у пазове адмяніць рашэнні ўладаў пра будаўніцтва жылых дамоў на былых габрэйскіх могілках.
«Паводле вызначэння суддзі Вольгі Вараненкі, я нібыта не маю права падаваць такі пазоў у суд, калі ён не можа разглядацца ў судах з прычыны яго непадведамнасці. Вызначэнне не набыло юрыдычнай моцы, і цяпер разглядаецца мажлівасць яго абскарджвання. Беларусь узяла на сябе міжнародныя абавязанні захоўваць месцы былых могілак усіх нацыянальных, рэлігійных і этнічных груп насельніцтва як культурную спадчыну», — сказаў “Радыё Свабода” спадар Гутман.
Гаворка ў пазове ідзе пра ўзвядзенне 18-кватэрнага дома на вуліцы Сожаўскай, 5 у Гомелі ды шматпавярховага дома з комплексам бытавых пабудоваў на вуліцы Пушкіна, 14, 14а, 14б у Мазыры. На гэтых месцах раней былі габрэйскія могілкі.