ДПК адмаўляе факт уцёкаў беларускага памежніка. Украінскі суд — пацвярджае

Дзяржпамежкамітэт Беларусі заяўляе, што беларускія памежнікі не перасякалі беларуска-украінскую мяжу, і паведамляе, што не атрымліваў афіцыйнай інфармацыі аб затрыманні грамадзяніна Беларусі ва Украіне.

demrk.jpg


«Ніякай афіцыйнай інфармацыі аб затрыманні грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі Украіны ў адрас Дзяржпамежкамітэта не паступала. Ад імя прадстаўнікоў дзяржаўнай памежнай службы Украіны ў інтэрнэт-рэсурсах распаўсюджваецца інфармацыя аб тым, што ўкраінскія вайскоўцы затрымалі невядомага паблізу беларускай мяжы без дакументаў. Згодна з публікуемымі паведамленнямі, мужчына заявіў, што з'яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. Пацвердзіць або абвергнуць словы пра беларускае грамадзянства затрыманага з прычыны адсутнасці дакументаў немагчыма» — заяўляе ДПК, піша REFORM.by.

Дзяржпамежкамітэт нагадвае, што 29 чэрвеня двое невядомых збіраліся незаконна перасекчы мяжу з Украінай, адзін з іх быў затрыманы.

Нагадаем, Дзяржаўная памежная служба Украіны днямі заявіла, што беларускі памежнік з Брэсцкай памежнай групы парушыў мяжу, каб далучыцца да УСУ і ваяваць з Расіяй. Са слоў памежніка, ён спрабаваў перайсці мяжу з таварышам, але таго затрымалі.

У Адзіным дзяржаўным рэестры судовых рашэнняў Украіны апублікавана рашэнне Шацкага раённага суда Валынскай вобласці ад 5 ліпеня. У ім гаворыцца, што ўдзень 29 чэрвеня старшыня па матэрыяльным забеспячэнні Брэсцкай памежнай групы нелегальна перасёк мяжу на тэрыторыі Шацкай абшчыны Ковельскага раёна Валынскай вобласці. Яго затрымалі ўкраінскія памежнікі. Суд прысудзіў мужчыну да двух сутак арышту.

ДПК заявіў, што беларускія памежнікі не перасякалі мяжу ва Украіну і знаходзяцца на месцах службы.