Дасьледнік: «Я шчыра жадаю беларусам аб’яднацца ў нацыю, але аб’яднаць можа толькі мова»
Беларускі дасьледнік Віктар Корбут абараніў у Варшаўскім унівэрсытэце доктарскую дысэртацыю на тэму: «Беларуская мова як фактар фармаваньня беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці ў пэрыяд рэвалюцыі 1905–1907 гг. у публіцыстыцы першых беларускамоўных газэт «Наша доля» і «Наша ніва». «Свабода» пагаварыла зь Віктарам Корбутам.
«Я ж таксама прадукт беларускага нацыянальнага руху, толькі сучаснага»
— Дата абароны вашай доктарскай дысэртацыі супала зь Міжнародным днём роднай мовы 21 лютага, а наданьне доктарскай ступені прыпала на 21 сакавіка, дзень нараджэньня Францішка Багушэвіча. Выпадкова так атрымалася ці ўсё ж вы, з увагі на тэму працы, неяк пра гэта паклапаціліся?
— Ці памятаеце гэтыя радкі зь верша Ўладзімера Караткевіча: «„На Беларусі Бог жыве“, — так кажа мой просты народ...»?
Можа, Ён там замест нас усё заплянаваў? Хацелася б верыць. Тым больш як ляўрэат прэміі імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтру я не магу не адзначыць сымбалічнасьці падзеі. Багушэвіч для мяне як Майсей: невыпадкова ж першыя дзеячы беларускага нацыянальнага руху абвясьцілі яго прарокам.
Аднак, праўду кажучы, я матэрыяліст. Вучоны мусіць ня верыць, не давяраць усяму, што бачыць і чуе, а правяраць. Кожны факт становіцца такім пасьля вэрыфікацыі дасьледчыкам. Людзі ж і дакумэнты часам хлусяць. А мне ў маёй працы хацелася дайсьці да праўды — з чаго і з каго пачаўся беларускі нацыянальны рух, хто рабіў першыя крокі ў стварэньні сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Бо гэта ўзаемазьвязаныя працэсы.
І я быў шчыра рады, што мая праца ўвянчалася пасьпяховай абаронай менавіта ў Міжнародны дзень роднай мовы. Дарэчы, гэта таксама супала з 30-годзьдзем маёй беларускамоўнасьці. Я ж таксама прадукт беларускага нацыянальнага руху, толькі сучаснага.
— А наагул, як і чаму вы выбралі для сваёй доктарскай тэму мовы першых беларускіх газэтаў?
— Ва ўмовах суіснаваньня ў Беларусі ў пачатку ХХ стагодзьдзя моцных польскага і расейскага нацыянальных рухаў і функцыянаваньня ў грамадзка-палітычным і культурным жыцьці польскай і расейскай літаратурных моў, а таксама выключэньня беларускіх дыялектаў з публічнай прасторы, малады беларускамоўны легальны пэрыядычны друк — газэты «Наша доля» («Nasza Dola»), «Наша ніва» («Nasza Niwa») — з 1906 году адыграў выключную ролю ў працэсе фармаваньня беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці, на што ў свой час зьвярнуў увагу беларускі філёзаф Валянцін Акудовіч: «Пачынаючы з „Мужыцкай праўды“ Кастуся Каліноўскага і віленскай „Нашай нівы“ пачатку стагодзьдзя, усе беларускія выданьні ўскосна, сьвядома ці неўсьвядомлена, выконвалі ролю адсутных грамадзкіх і сацыяльна-палітычных інстытутаў. Больш за тое, менавіта на прасторы грамадзка-культурных выданьняў і кнігаў беларусы сфармаваліся як нацыя».
Першыя беларускамоўныя газэты (як і сучасныя СМІ, дарэчы) бачацца мне своеасаблівымі think tanks — «фабрыкамі», у якіх фармавалася (і фармуецца) беларуская нацыянальная ідэнтычнасьць, а разам з тым грамадзка-палітычнымі цэнтрамі, вакол якіх гуртаваўся ў той час яшчэ малады і нешматлікі беларускі нацыянальны рух.
Да «Нашай долі» не існавала ў прыродзе ніводнага легальнага беларускамоўнага і, галоўнае, беларусацэнтрычнага, нацыянальнага выданьня. На старонках першых беларускіх газэт складаўся літаратурны стандарт мовы беларускай нацыі.
У працэсе вывучэньня «Нашай долі» і «Нашай нівы» мне таксама цікава было высьветліць, якія рысы беларускай газэтнай (літаратурнай) мовы пачатку ХХ стагодзьдзя захаваліся ў сучаснай беларускай літаратурнай мове, у т. л. у мове СМІ, а якія — не. Трэба сказаць, што першыя беларускія газэты выходзілі, як яны самі адзначалі ў «шапках», «рускими и польскими литэрами». Гэта было вынікам жаданьня беларускіх дзеячоў ахапіць як беларускамоўных праваслаўных («рускіх»), так і каталікоў («палякаў»). У той час у Беларусі шырока выкарыстоўваліся польскі і расейскі («гражданка») альфабэты, таму яны былі прынятыя і ў беларускім друку. Хаця ўвогуле тагачаснае насельніцтва Беларусі характарызавалася даволі высокім працэнтам непісьменнасьці: у 1897 годзе ў сярэднім умелі чытаць 13,5% жыхароў, прычым не па-беларуску, а па-расейску ці па-польску або па-габрэйску.
Важны аспэкт, які таксама прыцягнуў маю ўвагу, датычыць асаблівасьцяў беларускага правапісу. Браніслаў Тарашкевіч выдаў сваю славутую граматыку ў 1918 годзе. А як пісалі ад 1906-га да 1918-га?
«Тэму працы падказаў польскі беларусіст Мірослаў Янковяк»
— Ці проста было з зацьвярджэньнем вашага дасьледчыцкага выбару? Як паставіліся да яго калегі з Варшаўскага ўнівэрсытэту? Ці было паразуменьне з навуковым кіраўніком?
— Я хацеў бы, карыстаючыся магчымасьцю, падзякаваць тым, хто мяне натхняў і падтрымліваў у маёй навуковай рабоце. Па-першае, гэта вядомы польскі беларусіст, дасьледчык беларускіх дыялектаў Мірослаў Янковяк, чые першыя працы я амаль дваццаць гадоў таму зь цікавасьцю прачытаў яшчэ ў Менску, а затым, пасьля асабістага знаёмства, Мірослаў падказаў мне ідэю паступіць ў дактарантуру ў Польшчы. У той час у Беларусі нада мною згушчаліся хмары... Гэту ідэю падтрымаў і даўні калега, які стаў маім навуковым кіраўніком, вядомы беларускі і польскі гісторык Юры Грыбоўскі. Кіраўнік катэдры міжкультурных дасьледаваньняў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы факультэту прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту Яанна Гэтка таксама падтрымала маё жаданьне вучыцца ў дактарантуры і дасьледаваць пачаткі беларускай прэсы... (поўны сьпіс падзяк — у маёй дысэртацыі і ў маёй душы).
— А на якой мове вы напісалі сваю дысэртацыю і абаранялі яе?
— Па-беларуску пісаў, па-польску абараняў.
«„Руская“ вера падмененая расейска-постсавецкай культурна-геапалітычнай ідэнтычнасьцю»
— Вы, наколькі вядома, даўно і добра валодаеце амаль усімі мовамі, якімі размаўляла Вільня ў часы выхаду там першых беларускіх газэтаў. Адкуль у вас гэтая шматмоўнасьць? Ці не стварала яна праблемаў у выбары ўласнай ідэнтычнасьці?
— Шматмоўнасьць, як і сучасная двумоўнасьць, — гэта і перавага, і бяда ўсіх, хто нарадзіўся ў Беларусі. Добра, калі ты нарадзіўся ў Польшчы, Расеі, Нямеччыне і ведаеш ад нараджэньня польскую (расейскую, нямецкую), вывучыў ангельскую (ці іншую замежную мову) — і ў галаве застаецца месца на нешта, апрача моваў. Ангельцам дык увогуле можна іншых моваў не вучыць! Цяжэй, калі ты мусіш, як у маім жыцьці, пераключацца з расейскай, беларускай, польскай, ангельскай, літоўскай і г. д. Хаця, з другога боку, гэта дазваляе шырэй глядзець на сьвет і спрыяе ў дасьледаваньнях.
Іншая справа, што ў ХХ стагодзьдзі ўсё настолькі зьмяшалася, што, баюся, «звычайнаму» беларусу цяжка разабрацца, хто ён і хто ягоныя продкі. Сярод маіх продкаў былі і беларуска-, і польска-, і расейска-, і, мабыць, літоўскамоўныя. Аднак я лічу, што мова беларускай нацыі адна — беларуская. Так склалася гістарычна да пачатку ХХ стагодзьдзя ў выніку інтэграцыі розных моўных стыхій.
Аналіз жа зьместу першых беларускіх газэтаў за 1906–1907 гады дазваляе сьцьвярджаць, што ў аснову нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў на старонках гэтых выданьняў, фактычных органаў беларускага нацыянальнага руху, была пакладзеная беларуская мова як фактар, які аб’ядноўваў жыхароў тагачаснай Беларусі «польскай» і «рускай» веры ў беларускую нацыю. Сёньня гэтая задача — аб’яднаньня ўсіх жыхароў у адну нацыю — застаецца недасягнутай. Бо фактычна «руская» вера падмененая расейска-постсавецкай культурна-геапалітычнай ідэнтычнасьцю, вядомай як «русский мир», і многія «белорусы» паводзяць сябе не як тутэйшыя, а як чужынцы на тутэйшай зямлі.
«Маёй задачай было не апяваньне подзьвігаў ці крытыка беларускіх актывістаў, а высьвятленьне, чым былі абумоўленыя іх дзеяньні»
— А ці ўплывала ваша нацыянальная самасьвядомасьць на высновы, якія вы зрабілі, прааналізаваўшы мову і зьмест першых беларускіх газэтаў?
— Вучоны не павінен залежаць ад сваіх асабістых густаў і поглядаў. Так, я сымпатызую беларускай мове і беларускай справе. Аднак маёй задачай было не апяваньне подзьвігаў ці крытыка беларускіх актывістаў, а высьвятленьне, чым былі абумоўленыя іх дзеяньні.
Хаця тое, што яны рабілі, абуджаючы сярод непісьменнага беларускамоўнага насельніцтва любоў да роднай мовы і будуючы ідэйныя асновы будучай Беларусі, было сапраўды падзьвіжніцтвам.
Я лічу, што беларускім дзеячам пачатку ХХ стагодзьдзя пры гэтым быў уласьцівы рэалізм. Яны разумелі, што перад імі шмат працы, цяжкай і часам няўдзячнай. Аднак пазьней частка беларускага руху на чале з Вацлавам Ластоўскім пайшла рамантычным шляхам міталягізацыі генэалёгіі беларусаў. З гэтага вынікае трагедыя і нацыі, і яе руху, калі перад імі маячыць, як міраж у пустыні, нейкая «вялікая Беларусь» у мінулым. А яе не існавала. Існавалі Русь, Літва, Рэч Паспалітая польская. А нацыянальная Беларусь нарадзілася ў пачатку ХХ стагодзьдзя. Яна стваралася першымі беларускімі нацыянальнымі дзеячамі, сацыялістамі Луцкевічамі і іх таварышамі па Беларускай сацыялістычнай грамадзе і беспартыйнымі аднадумцамі, якія імкнуліся да нацыянальнага і сацыяльнага вызваленьня беларускамоўных мас.
«My choczem, kab biełarus nia tolki byŭ biełarusam, ale i swabodnym hramadzianinom», — пісала «Nasza Niwa» 24 лютага 1907 году. Гэтая мэта не дасягнутая дагэтуль, як мы можам бачыць, назіраючы за тым, што адбываецца ў Беларусі.
Я шчыра жадаю беларусам аб’яднацца ў нацыю, але аб’яднаць можа толькі мова. Калі гэта будзе беларуская мова, тады будзе і беларуская нацыя. Калі будзе мова расейская — гэта будзе нацыя «рускіх»: белых, заходніх, са знакам якасьці. Беларускасьць — гэта не варыянт рускасьці, а нешта якасна новае, што стварылі Луцкевічы і Ко на месцы старажытных Русі, Літвы і Рэчы Паспалітай. Але гэтае новае змацавана беларускай мовай і больш нічым. Бяз мовы гэтая Беларусь рассыпаецца — на гістарычных літвінаў, русінаў, на сучасных палякаў, расейцаў...
І цяпер «белорусы», якія згодныя быць «русскими со знаком качества» безь беларускай мовы, лічаць гэта «нармальным». А яшчэ нармальным лічаць па-расейску прад’яўляць прэтэнзіі на Вільню і Літву. У часы ж «Нашай долі» і «Нашай нівы», якія, нагадаю, выдаваліся ў Вільні са значнай падтрымкай дзеячоў літоўскага руху (дарэчы, прадаваліся ў віленскай Літоўскай кнігарні Марыі Пясяцкайце-Шлапялене), беларускія дзеячы не былі настроеныя супраць іншых народаў. Яны толькі хацелі, каб беларусы маглі быць самі сабой. І таму ў першым нумары «Naszaj Niwy» Алёйза Пашкевіч (пад псэўданімам Мацей Крапіўка) у артыкуле «Jak nam uczycca» пераконвала чытачоў у тым, што беларуская мова ня «chamska, brydka», спасылаючыся на аўтарытэтнае меркаваньне прарока, Майсея беларускага руху Францішка Багушэвіча (Мацея Бурачка):
«Szmat było takich narodoů — kaže pieśniar biełaruski Maciej Buraczok, — szto stracili napiersz mowu swaju, tak jak toj czeławiek pred skananiem, katoramu mowu zajmie, a potym i zausim zamiorli. Nie pakidajciež mowy naszej biełaruskoj, kab nie umiorli!».
Што тут яшчэ дадаць? Запавет Багушэвіча быў сьвятым для нашаніўцаў, сьвядомых беларусаў пачатку ХХ стагодзьдзя. Але і сёньня ён ня страціў сьвятасьці, сакральнасьці. І хаця я матэрыяліст, аднак лічу, што без сакральнага ня можа быць нацыі. Бо нацыя — гэта вера: у тое, што ты маеш нешта агульнае зь мільёнамі людзей вакол. А ў беларускім выпадку гэты сакрум, бог Беларусі — беларуская мова. Ці ўсё ж пашпарт? Лукашэнка? А калі пашпарт забяруць, а Лукашэнка памрэ, што застанецца ад гэтай «Беларуси»? Задумайцеся...