Да 2015 года Мінск можа ўвайсці ў дваццатку "самых веласіпедных" гарадоў свету па працягласці сеткі веладарог
Да 2015 года Мінск можа ўвайсці ў дваццатку "самых веласіпедных" гарадоў свету па агульнай працягласці сеткі веладарог, прагназуе намеснік дырэктара па развіцці сеткі "Велазона" Ігар Давыдзенка.
Паводле яго інфармацыі, агульная даўжыня магістральных і сумешчаных веладарожак Мінска да гэтага часу можа дасягнуць 500 кіламетраў. Тым самым горад атрымае адну з самых працяглых сетак веладарог на постсавецкай прасторы.
Па даўжыні веладарожак Мінск ужо абышоў Маскву, у якой веласіпедыстам даступныя прыблізна 150 кіламетраў. А ў хуткай перспектыве беларуская сталіца можа перасягнуць і многія іншыя гарады: Мадрыд, Будапешт, Мілан, Брусель, Прагу, Барселону, Сінгапур, Токіа, Рыа-дэ-Жанейра, Буэнас-Айрэс. Пры гэтым па колькасці веласіпедыстаў Мінск усё яшчэ будзе саступаць ім, зазначае эксперт.
Самымі працяглымі сеткамі веладарог валодаюць Капенгаген, Нью-Ёрк і Вена — у кожным з гэтых гарадоў налічваецца больш за тысячу кіламетраў веладарожак. Хуткімі тэмпамі развіваюцца веладарогі
Берліна і Манрэаля, працягласць якіх перавышае 700 кіламетраў. Такой жа даўжыні да канца 2014 года дасягне і сетка веладарожак у Парыжы.
Паводле слоў Давыдзенкі, "асаблівасць Мінска заключаецца ў вялікай колькасці сумешчаных дарог, на якіх веласіпеды вымушаныя дзяліць прастору з пешаходамі". "Калі ў краінах
Еўрасаюза веласіпедысты часцей за ўсё ездзяць па асобна выдзеленай паласе дарогі як паўнавартасны транспартны сродак, то ў Беларусі — перамяшчаюцца па тратуарах", —
канстатаваў ён.
Галоўнай перашкодай для мінскіх веласіпедыстаў выступаюць высокія бардзюры. "Вось таму найбольшай папулярнасцю сярод мінчан карыстаюцца горныя веласіпеды — як правіла, такіх
марак, як GT, LTD і Cannondale. А вось цікавасць да гарадскіх веласіпедаў, наадварот, невысокая. Беларусы аддаюць перавагу няхітрым веласіпедам, якія можна выкарыстоўваць як у горадзе, гэтак і за яго
межамі", — зазначыў намеснік дырэктара "Велазоны".
Развіццё інфраструктуры садзейнічае і росту колькасці веласіпедыстаў. На сёння веласіпедамі ў Мінску карыстаюцца больш як 400 тысяч чалавек — гэта кожны пяты гараджанін. Штогод іх колькасць
павялічваецца на 40 тысяч. Па ліку веласіпедаў на тысячу жыхароў Мінск у Беларусі з'яўляецца лідарам (20% супраць 16% па краіне ў цэлым).
Зрэшты, актыўных веласіпедыстаў — тых, хто карыстаецца двухколавым транспартам рэгулярна, — у беларускай сталіцы пакуль крыху больш за 1%. "Але калі Мінск ужо захліснула
хваля масавай цікавасці да веларуху, то да абласных і раённых цэнтраў такая тэндэнцыя яшчэ не дабралася. Па ўсім відаць, гэта адбудзецца найбліжэйшымі гадамі і будзе наўпрост залежаць ад мясцовых
ініцыятыў", — зазначыў Давыдзенка.
Ён таксама ўказаў на неабходнасць развіцця культуры паводзінаў на дарогах. "Пешаходы часам крытыкуюць веласіпедыстаў за хуткую язду па тратуарах, аўтамабілісты — за стварэнне
аварыйных сітуацый на пераходах. Але ж неабходна разумець, што веласіпедыст — такі ж удзельнік дарожнага руху, як і ўсе астатнія, з усімі правамі і абавязкамі", —
падкрэсліў Давыдзенка.
Паводле яго слоў, летам на асобных адрэзках мінскай веладарожкі ў гадзіну праязджаюць больш як 200 веласіпедыстаў. "Гэта даволі высокі паказчык, які ўказвае на папулярнасць такога спосабу
перамяшчэння. І ўсё ж пакуль пераважная большасць мінчан калі і выкарыстоўваюць веласіпед, то радзей аднаго разу на тыдзень. На тое, каб веласіпед пачалі масава ўспрымаць як зручны сродак для
штодзённых паездак, можа пайсці значна больш часу, чым патрабуецца на ўладкаванне веладарог", — заўважыў намеснік дырэктара "Велазоны".
Марына Носава, БелаПАН