Чыноўнікі плануюць, але выходзіць па-іншаму. Чаму расце Мінск і «стаяць» гарады-спадарожнікі?

У планы чыноўнікаў уваходзіла развіццё некалькіх гарадоў Мінскай вобласці, але жыхары сталіцы не спяшаюцца пераязджаць у «перспектыўныя» месцы.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Чыноўнікі не хаваюць, што шчыльнасць насельніцтва сталіцы стала крытычнай: у Мінску жывуць 22% жыхароў краіны. Праблему з перанаселенасцю горада ўлады прызналі яшчэ ў 2010 годзе. Трэба было альбо пашыраць тэрыторыю Мінска, альбо шукаць іншае рашэнне. Так з'явілася ідэя развіваць гарады-спадарожнікі. Чыноўнікі вызначылі дзевяць населеных пунктаў, дзе паабяцалі пабудаваць новае жыллё, інфраструктуру і прадпрыемствы, частку заводаў абяцалі перанесці з Мінска.

Пазней спіс скарацілі да шасці гарадоў: Дзяржынск, Заслаўе, Лагойск, Рудзенск, Фаніпаль і Смалявічы. Тады са спісу выкраслілі Жодзіна, Стоўбцы і Узду. У 2023-м улады заявілі, што ў якасці спадарожнікаў будуць развіваць толькі тры гарады: Смалявічы, Рудзенск і Фаніпаль, зацвердзіўшы новы генплан. А да канца мінулага года паставілі на паўзу і абнаўленне Рудзенска, піша «Deutsche Welle».

Мінчукі не спяшаюцца пераязджаць у гарады-спадарожнікі

Пры гэтым улады працягваюць стрымліваць рост Мінска. «Мы не дазваляем гораду разрастацца. Ні Бараўляны, ні Фаніпаль Мінскам не стануць. Мы робім упор на развіццё гарадоў-спадарожнікаў», — заявіла віцэ-мэр Надзея Лазарэвіч.

На нядаўняй нарадзе аб развіцці транспарту Аляксандр Лукашэнка даручыў пабудаваць хуткасныя чыгуначныя лініі да гарадоў-спадарожнікаў.

«Я ўжо не аднойчы гаварыў, што перанасяленне Мінска — не на карысць тых, хто жыве ў Мінску і хоча прыехаць у сталіцу, — заявіў ён. — Трэба ствараць нармальныя не толькі аўтамабільныя, але і чыгуначныя шляхі. У наступную пяцігодку мы павінны вырашыць пытанні гарадоў-спадарожнікаў».

У 2014-м чыноўнікі заяўлялі, што праз 10-15 гадоў прырост насельніцтва ў гарадах спадарожніках дасягне 130 тысяч чалавек. Толькі з Мінска павінны былі пераехаць да 60 тысяч чалавек. Па факце за дзесяць гадоў насельніцтва ўсіх гарадоў-спадарожнікаў павялічылася ўсяго на 20 тысяч, гэта значыць у шэсць разоў менш за запланаванае. А маніторынг, праведзены Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам, паказаў, што з больш чым 200 тысяч грамадзян, якія стаяць у Мінску на ўліку тых, хто маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, набыць жыллё ў горадзе-спадарожніку згодныя каля тысячы.

Як чыноўнікі спісалі «перспектыўны» пасёлак

Першапачаткова асноўную стаўку ўлады рабілі на Рудзенск. У пасёлку з савецкіх часоў засталася ЦЭЦ, і чыноўнікі меркавалі, што гэта дазволіць зэканоміць на стварэнні інфраструктуры. На базе існуючай ЦЭЦ і кластара заводаў беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі планавалі развіццё вытворчай зоны з арганізацыяй прамысловага парка. Тэрыторыю хацелі пашырыць у шэсць разоў, а насельніцтва павялічыць да 80 тысяч. Так, гарадскі пасёлак разам з прылеглымі вёскамі павінен быў стаць адным з найбуйнейшых гарадоў у Мінскай вобласці. Пазней планку апусцілі да 40 тысяч чалавек, з іх 25,5 тысяч павінны былі скласці мінчукі. Па факце з 2014 па 2022 год насельніцтва павялічылася з усяго на дзве тысячы — да 13,3 тысяч чалавек.


Глядзіце таксама

У 2023-м чыноўнікі прызналі: Рудзенск складаны для асваення. Ён далей за іншыя спадарожнікі знаходзіцца ад Мінска — 50 км, ды і прыродныя ўмовы там спецыфічныя: забалочаныя землі з высокімі грунтавымі водамі, іх цяжка асвойваць, патрабуюцца вялікія інвестыцыі ў інжынерную падрыхтоўку. Таму паказчыкі перагледзелі, а з імі — і план развіцця. У выніку ўлады вырашылі прыпыніць развіццё спадарожніка, а замест яго зрабіць упор на Смалявічы.

«Усё залежыць ад эканомікі, ці паедуць туды людзі. Рудзенск знаходзіцца далей ад Мінска, — тлумачыла ў эфіры дзяржТБ старшыня камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Ірына Гонтарава. — Паколькі ў Смалявічах уся інфраструктура ўжо пабудаваная, лепш працягнуць узводзіць кварталы там. Рудзенск цяпер асвойваць эканамічна немэтазгодна, давядзецца ўзводзіць усю інжынерна-транспартную інфраструктуру, таму яго будуць развіваць пазней».

Да дактароў даводзіцца ездзіць у Мінск

Паводле задумкі ўладаў, жыццё ў гарадах-спадарожніках павінна быць арганізаванае так, каб іх жыхары маглі не ездзіць у Мінск. Аднак на практыцы гэтага пакуль дасягнуць не ўдалося, адзначылі ў каментары DW жыхары Заслаўя, Смалявічаў і Фаніпаля. Асноўная праблема — з медыцынай.

«Не хапае вузкіх спецыялістаў: лор, кардыёлаг, стаматолагі, — пералічвае Аксана, жыхарка Смалявічаў. — У каго ёсць грошы, запісваюцца на платны прыём у Мінск, а інакш чакаць некалькі месяцаў».


Глядзіце таксама

Андрэй разам з сям'ёй пераехаў у Фаніпаль у 2018 годзе. «У Мінску мы прадалі "маласямейку" і змаглі купіць у Фаніпалі двухпакаёвую кватэру, — тлумачыць ён. — Але ўсё наша жыццё так і засталося ў Мінску, проста прывыклі закладваць больш часу на дарогу. Так, у нас актыўна ўзводзяць жыллё, але інфраструктура кульгае. Нібыта і крам хапае, але выбар горшы, чым у Мінску, я ўжо не кажу пра кавярні, гандлёвыя цэнтры. На гурткі дзяцей таксама возім у Мінск, там спецыялісты лепшыя».

Жыхары Заслаўя скардзяцца на экалагічныя праблемы — гэта і якасць вады, і выкіды ад прадпрыемстваў, якія, карыстаючыся падатковымі льготамі, перабраліся ў горад-спадарожнік. «Але ўсё ж жыццё ў Заслаўі спакайней і камфортней, — кажа Марына, сям'я якой прадала кватэру ў Мінску і перабралася ў прыватны дом у Заслаўі. — Тут добрыя школы і дзіцячыя садкі. Праўда, камунальныя праблемы вырашыць складаней, чым у сталіцы. Напрыклад, летам рэгулярна затапляе прыватны сектар. Людзі ўвесь час пішуць скаргі, але чыноўнікі толькі разводзяць рукамі: няма грошай на рэканструкцыю ліўневай сістэмы».