Ці ж мы не нацыя лідараў?
Анлайн-хаб для навучання і супрацоўніцтва «Нацыя лідараў» з’явіўся пасля падзей 2020 года ў Беларусі. Пра яго дзейнасць «Новаму Часу» расказаў аўтар курса па абароне грамадзянскіх правоў Андрэй Бодылеў.
Вынікам масавых пратэстаў 2020 года стаў надзвычайны гвалт з боку рэжыму і масавая эміграцыя з краіны.
Безумоўна, выехала далёка не ўсе прыхільнікі перамен, многія засталася ў Беларусі. І многім цяпер не хапае практычных ведаў: як абараняць сябе ва ўмовах рэпрэсіяй, што кожны дзень узмацняюцца. Гэтую нішу заняў анлайн-хаб «Нацыя лідараў», што паўстаў два гады таму і пашыраецца далей.
— Праект пачаўся з нашай сустрэчы з сённяшняй кіраўніцай праекта. У яе было жаданне стварыць пляцоўку, дзе можна папаўняць веды ў галінах, якія ў сённяшняй Беларусі ўвогуле стараюцца не згадваць, а наадварот — імкнуцца мінімізаваць удзел беларусаў у той жа праваабароне ці палітыцы. А ў мяне было жаданне стварыць навучальны курс для беларусаў па абароне сваіх правоў.
Так мы і прыйшлі да праекта «Нацыя лідараў». Я напісаў курс па праваабароне, яшчэ адна выкладчыца (прозвішча не называю — бяспека перш за ўсё) па псіхалогіі — ступені самавыгарання, каб псіхалагічна падтрымаць беларусаў у змрочныя часы.
— Трэба разумець, што штуршком для стварэння праекта сталі пратэсты 2020 года, беспрэцэдэнтны гвалт і наступная масавая эміграцыя з краіны?
— Сапраўды так, найперш рэпрэсіі ў Беларусі. Але на гэтай пляцоўцы мы даем веды людзям для штодзённага жыцця ў Беларусі, тое, што спатрэбіцца ім тут і цяпер: каб яны вучыліся адрозніваць прапаганду ад фактаў, мелі псіхалагічную падтрымку.
Больш за тое, на той момант аналагічных пляцовак у пашыраным выглядзе проста не існавала.
— На каго разлічаны праект — на беларусаў у Беларусі ці беларусаў у выгнанні?
— Канечне, перш за ўсё наш праект разлічаны на людзей у Беларусі: адсоткаў 80% навучэнцаў жывуць тут, і адсоткаў 20 — тыя, хто ўжо знаходзіцца за межамі краіны.
За год праз нашую пляцоўку прайшлі 3125 чалавек.
— Ці бяспечна беларусам удзельнічаць у вашым праекце? Ці не можа паўтарыцца гісторыя з «Чорнай кнігай Беларусі»?
— Калі людзі захоўваюць усе меры бяспекі, то нічога небяспечнага няма. Нашы навучэнцы могуць удзельнічаць у занятках голасам ці пісьмова. На сайце мы выкладваем відэа сустрэч, іх пісьмовую версію і заданні. Падчас анлайн-сустрэч у тэлеграме я падключаю відэа, каб мяне было бачна, і мы разбіраем незразумелыя моманты, якія засталіся пасля прагляду відэа ці падчас тэстаў, а таксама я ці іншы настаўнік даем дадатковую інфармацыю па тэме.
Мы падказваем удзельнікам абавязкова карыстацца VPN і раім ствараць спецыяльныя тэлеграм-чаты для ўдзелу ў такіх сустрэчах. Усе навацыі, якія выкарыстоўваюцца для бяспекі, мы выкарыстоўваем на пляцоўцы.
Акрамя таго, самі курсы пабудаваныя такім чынам, што мы даем веды, а не «дражнім быка». Хаця і цудоўна разумеем, што ў сённяшняй сітуацыі ў Беларусі могуць дачапіцца да чалавека без прычыны. Але нас пакуль не прызналі экстрэмістамі (гэта, напэўна, пытанне часу).
Сітуацый, як у ЧБК, у нас не здаралася. У нас калектыў вельмі дружны. Тыя навучэнцы, якія знаходзяцца ў Беларусі, не маюць доступу да інфармацыі, уцечка якой магла б нашкодзіць астатнім: яны не маюць доступу ні да прозвішчаў, ні да іншых персанальных звестак. А тыя, хто мае дачыненне да пляцоўкі за мяжой — людзі, правераныя часам, дзякуй Богу, пакуль не расчараваліся ні ў адным.
Дый мы самі не імкнемся збіраць максімум інфармацыі пра навучэнцаў: чалавек можа прыйсці да нас, не называючы сваё імя і прозвішча. Канечне, ёсць рызыка, што да курсаў далучыцца нейкі спецслужбіст, але нават калі і так, то ніякай персанальнай інфармацыі пра іншых ён не атрымае.
— Які курс карыстаецца найбольшай папулярнасцю?
— Псіхалогія, ступені самавыгарання, напэўна, самы папулярны курс. За дванаццаць патокаў на яго запісалася найбольшая колькасць удзельнікаў: 1050 рэгістрацый. Да прыкладу: на мой курс за той жа час зарэгістравалася 402 чалавекі. Так што тэма самавыгарання карыстаецца найбольшым попытам. Зразумела, што ў цяперашняй унутрыпалітычнай сітуацыі, і асабліва пасля пачатку вайны, колькасць удзельнікаў курса па псіхалогіі рэальна павялічылася: беларусам, асабліва валанцёрам — як у самой Беларусі, так і за мяжой — складана было прыняць тое, што адбываецца.
І, канечне, ніяк не параўнаць з курсамі, якія толькі нядаўна дадаліся. Курс «Сейбіт прамовы», які вучыць майстэрству прамаўляць, прымае толькі першы паток. Хаця ўжо рэгістрацый досыць многа — 75. Калі глядзець тэндэнцыю, то ён можа стаць не менш папулярным за псіхалогію.
— А дзе бераце сваіх выкладчыкаў?
— Курс «Сейбіт прамовы», напрыклад, вядзе акцёр, які не з’язджаў з Беларусі датуль, пакуль на яго не завялі крымінальную справу. Ён займаўся ў мяне на першым курсе «Абарона грамадзянскіх правоў», потым застаўся ў якасці валанцёра, многа цікавіўся прававымі пытаннямі (хацеў стварыць культурную прастору ў адным мястэчку). Спачатку ён сам вызваўся зладзіць заняткі па прамаўленні для каманды праекта, і мы падтрымалі яго, прапанавалі весці адпаведны курс. Пасля таго, як акцёр апынуўся ў Польшчы, ён пачаў выкладаць.
Выкладчыкі вырастаюць і з вучняў, як мы бачым, і прыходзяць да нас з іншых пляцовак: мы стасуемся з рознымі супольнасцямі, у іншых структурах, арганізацыях, супольнасцях можна знайсці шмат цікавых людзей.Зараз на нашай пляцоўцы дзейнічаюць восем курсаў, і мы збіраемся пашырацца.
Галоўная ідэя, якую мы неаднаразова абмяркоўвалі, — у будучыні вырасці ў школу для дарослых беларусаў. Таму шукаем новыя сферы нашага жыцця, у якіх адсутнічаюць неабходныя веды.
— Чаму «Нацыя лідараў»? Які сэнс закладзены ў назве?
— Штуршком для такой назвы стала разуменне, што мы, беларусы, асабліва ў 20-м годзе, — лідары. Мы не памяркоўныя, не паніклыя, не рахманыя, не забітыя, як выяўляла прапаганда Лукашэнкі. Не, мы лідары ў лепшымі значэнні слова, і мы можам многае.
Сярод беларусаў шмат мастакоў, шмат знакамітых выкладчыкаў, многія выхадцы з Беларусі сталі прэзідэнтамі ці прэм’ер-міністрамі ў іншых краінах, згадаем той жа Ізраіль. Сярод нас многа таленавітых людзей, якія могуць многае даць і Беларусі, і ўсяму свету.
Ці ж мы не нацыя лідараў пасля гэтага?..