Ці выйшлі б мы яшчэ раз на вуліцы з кветкамі?

Калумністка «Свабоды» Наста Захарэвіч задаецца пытаннем, наколькі гатовыя беларускі пасля чатырох гадоў рэпрэсій працягваць мірны супраціў. Ці ёсць месца кветкам у гэтым змаганні?

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Мы, беларускі, — мірныя людзі? Прынамсі, мы былі такімі да таго, як рэжым Лукашэнкі зладзіў у краіне дзяржаўны тэрор, піша Наста Захарэвіч на «Свабодзе».

У кастрычніку ААН традыцыйна згадвае ролю жанчын у барацьбе за мір і пабудове свету без войн. Можна доўга разважаць, наколькі гэтая барацьба абумоўленая біялагічнымі фактарамі, а наколькі — сацыяльнымі ролямі, якія традыцыйна прыпісваюць жанчынам, але сёння гаворка не пра гэта. Сёння я хачу згадаць наш жаночы пратэст 2020 года і пагаварыць пра тое, як Лукашэнка і яго прыспешнікі літаральна знішчаюць у беларусках імкненне да мірнага суіснавання.

Жаночыя пратэсты пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў былі падкрэслена пацыфісцкімі. Згадайце — нас жа заўжды вучылі, што агрэсара трэба залагодзіць, паказаць яму, што ты не жадаеш яму нічога кепскага. Усё пачыналася ў дзяцінстве, калі хлопчыкі задзіраліся, а дарослыя нам гаварылі, што гэта, па-першае, праява сімпатыі, а па-другое, мы мусім неяк так пад іх падладзіцца, каб яны перасталі.


Глядзіце таксама

Мы вывучылі гэтыя ўрокі, і калі замест школьнага задзіры з'явіліся раз'юшаныя сілавікі, мы зрабілі тое самае — спрабавалі давесці ім, што не жадаем зла, а проста хочам, каб яны перасталі з нас здзекавацца. І гэта не дапамагло.

А далей Лукашэнка вельмі плённа працаваў і працягвае працаваць над тым, каб мы не толькі страцілі надзею на мірнае суіснаванне з яго служкамі, але і каб перапоўніліся нянавісцю і жаданнем помсты. Ён працягвае ваяваць з жанчынамі — зусім юнымі, дарослымі і сталымі. Працягвае трымаць у турмах хворых пенсіянерак, падлеткаў, шматдзетных маці. Для яго няма табу, няма аніякіх межаў, за якія не варта пераходзіць.

Ці вядзе нехта падлік, колькі жанчын не дачакаліся сваіх дзяцей-палітвязняў з няволі? А колькі жанчын у зняволенні і ў выгнанні не змаглі развітацца з блізкімі, што памерлі ў Беларусі? Я думаю, што мы ніколі не даведаемся дакладна пра маштаб гэтай нацыянальнай трагедыі, але дзень за днём мы вучымся ненавідзець усё мацней. І накопліваем жаданне адпомсціць.

Лукашэнка тым часам працягвае рабіць выгляд, што ён вялікі абаронца міру. Ён расказвае, ад якой страшнай навалы абараніў Беларусь у 2020-м і як удала вядзе знешнюю палітыку, дагэтуль не адправіўшы беларускія войскі дапамагаць расійцам акупаваць Украіну. І пляваць, што ён дазволіў Расіі выкарыстоўваць нашу зямлю для нападу на Украіну, што з нашай краіны ляцелі ракеты, што па нашай зямлі перавозілася расійская тэхніка і што людзей, якія спрабавалі гэтаму супрацьстаяць, пасадзілі на вялізныя тэрміны.


Глядзіце таксама

Яму, падобна, у цэлым пляваць на рэальнасць, і ён быццам жыве выключна сваімі ілюзіямі і прагай улады. А што ў рэальнасці засталося ад нашага міру? Нейкія кволыя надзеі, якія ледзь-ледзь жывуць, і тое дзякуючы неймаверным высілкам і пастаяннаму нагадванню самім сабе, што нянавісць не палепшыць наша жыццё? Колькі жанчын, што выходзілі ў дваццатым годзе ў белым, гатовыя зрабіць гэта зноў? Ці шмат хто з нас пагадзіліся б цяпер, пасля апошніх чатырох гадоў, ісці на вуліцы з кветкамі, калі б з'явілася такая магчымасць?

Падазраю, што тыя, што асмеліліся б пратэставаць, увечары перад акцыяй тачылі б сякеры, а не збіралі кветкі. І ў гэтым вінаваты Лукашэнка.