Ці стане ў беларускіх школах менш настаўнікаў-недавукаў?
Чым абернецца ўказ кіраўніка дзяржавы аб новых правілах паступлення?
У падпісаным Аляксандрам Лукашэнкам указе пра новыя правілы паступлення ўтрымліваюцца асаблівыя новаўвядзенні для выпускнікоў педагагічных класаў. Цяпер яны будуць паступаць на педагагічныя спецыяльнасці ў ВНУ на дзённую бюджэтную форму навучання па выніках гутаркі. Але пасля атрымання дыплома іх абавязваюць адпрацаваць па размеркаванні 5 гадоў.
Чаму дзяржава пайшла на такі крок і да чаго ён прывядзе?
Лівянт: Новаўвядзенні — следства канстатацыі сумнай рэчаіснасці
Ужо больш за пяць гадоў педагагічныя вну не дабіраюць абітурыентаў на бюджэт, прычым недабор павялічваецца.
— Па спецыяльнасцях матэматыка і фізіка колькасць месцаў для навучання скарацілася, як мінімум, у два разы, і ўсё роўна конкурсу, па сутнасці, няма, — адзначае рэпетытар Яўген Лівянт. — Новыя льготы — паступленне фактычна без экзаменаў — гэта проста следства канстатацыі сумнай рэчаіснасці. Нічога не змяняецца: як бралі на педагагічныя спецыяльнасці практычна ўсіх жадаючых, так і цяпер будуць браць.
Дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі БДПУ імя М.Танка Сяргей Якавенка адзначыў на прэс-канферэнцыі, што льготы пры паступленні для выпускнікоў педкласаў дапамогуць прыцягненню матываваных абітурыентаў. Але Яўген Лівянт мяркуе, што новаўвядзенні не прывядуць да павышэння ўзроўню падрыхтоўкі маладых настаўнікаў.
— Узровень падрыхтоўкі выпускнікоў педагагічных ВНУ сёння памежна нізкі. Давайце будзем сумленныя: ужо доўгі час на многія педагагічныя спецыяльнасці паступаюць самыя слабыя абітурыенты. Не думаю, што новаўвядзенні здольныя павысіць іх матывацыю і ўзровень падрыхтоўкі, — лічыць рэпетытар.
Мажэйка: Сумоўе вяртае карупцыйныя рызыкі
Эксперт Ліберальнага клуба Вадзім Мажэйка лічыць, што ільготамі для абітурыентаў педагагічных класаў спрабуюць залатаць існуючую ў педагагічных ВНУ дзірку.
— На педагагічныя спецыяльнасці вельмі нізкі конкурс. Паступіць на бюджэт і атрымаць стыпендыю і інтэрнат — не складае для жадаючых вялікай працы, — кажа Вадзім Мажэйка.
Але эксперт мяркуе, што павелічэнне тэрміну адпрацоўкі па размеркаванні — ня лепшае рашэнне.
— Нават з улікам замены ЦТ на сумоўе павелічэнне абавязковай адпрацоўкі хутчэй будзе адпужваць патэнцыйных абітурыентаў, — лічыць Вадзім Мажэйка.
Вяртанне сумоўя для выпускнікоў педагагічных класаў ён разглядае, у тым ліку, як эксперымент у сферы адукацыі.
— Працягваецца абмеркаванне таго, што мадэль ЦТ не ідэальная і ад яе трэба сыходзіць. Магчыма, улады хочуць паглядзець, як будзе працаваць сумоўе ў новых умовах. Але, на мой погляд, разам з сумоўем магчыма вяртанне карупцыйных рызык і кумаўства, хоць у педагагічных ВНУ з улікам недабору ўбачыць гэта будзе складана, — кажа эксперт Ліберальнага клуба.
Вадзім Мажэйка адзначае: новаўвядзенні для выпускнікоў педагагічных класаў не вырашаюць асноўную праблему — маладыя беларусы не хочуць быць настаўнікамі.
— Прафесія педагога сёння непрэстыжная і низкааплочваемая. На настаўнікаў вешаюць масу старонніх абавязкаў і функцый, іх прымушаюць хадзіць па дамах вучняў. Для змены такога становішча спраў трэба зрабіць нешта большае, — лічыць эксперт.
Паводле zautra.by