Ці магчыма «склеіць» грамадства? Фрыдман — пра досвед Германіі
Раскол у беларускім грамадстве дасягнуў такіх памераў, што ўжо немагчыма проста зрабіць выгляд, што нічога не адбываецца, і «перагарнуць старонку». Давядзецца прайсці доўгі і балючы шлях да прымірэння. І досвед іншых краін можа нам дапамагчы ў гэтым.
Пратэсты 2020-га года, наступны ад'езд сотняў тысяч беларусаў з краіны і жорсткія рэпрэсіі толькі паглыбілі раскол у беларускім грамадстве. Пераадоленне гэтага расколу стане адной з ключавых задач пасля завяршэння эпохі Лукашэнкі. Новыя ўлады акажуцца перад няпростым выбарам: або «перагарнуць старонку» і не вярэдзіць раны, або ўстаць на цяжкі і балючы шлях пераасэнсавання мінулага. Досвед іншых краін гаварыць хутчэй на карысць другога варыянту.
3 кастрычніка адзначаецца 34 гады з дня аб'яднання Германіі. Гэтая краіна, расколатая пасля Другой сусветнай вайны, была адным з ачагоў «халоднай вайны» ў Еўропе, піша Аляксандр Фрыдман на «Позірку».
Калі ФРГ пайшла па дэмакратычным шляху, ўступіла ў NATO і стала лакаматывам еўрапейскай інтэграцыі, то па іншы бок жалезнай заслоны, у ГДР, усталявалася сацыялістычная дыктатура, у якой парушэнні базавых правоў і свабод грамадзян сталі штодзённасцю, іншадумства выкаранялася.
Да 1990 года каля чатырох мільёнаў усходніх немцаў перабраліся на Захад. Гэтая тэндэнцыя захавалася і пасля крушэння камуністычнага рэжыму ў ГДР.
Архівы Штазі былі адкрыты
За мінулыя дзесяцігоддзі Усходняя Германія прайшла складаны, але агулам паспяховы шлях эканамічнай, сацыяльнай і палітычнай трансфармацыі. Настальгія па ГДР паступова сышла на нішто, для сярэдняга і асабліва маладога пакалення эпоха сацыялізму з'яўляецца далёкім мінулым.
Хоць значныя поспехі ультраправай партыі «Альтэрнатыва для Германіі» і левых папулістаў з «Саюза Сары Вагенкнехт» у новых федэральных землях і з'яўляюцца трывожным сігналам, але алармісцкія заявы пра новы раскол у германскім грамадстве і асцярогі з нагоды эрозіі дэмакратычных структур на ўсходзе Германіі відавочна перабольшаныя.
Найважнейшым элементам трансфармацыі ў Германіі стала крытычнае пераасэнсаванне эпохі ГДР. Вярхушка дыктатарскага рэжыму і супрацоўнікі мясцовай дзяржбяспекі Штазі, датычныя да злачынстваў, паўсталі перад судом. Дзяржаўным чыноўнікам, якія жадалі працягнуць сваю кар'еру ў аб'яднанай Германіі, давялося прайсці праверку на прадмет супрацоўніцтва са Штазі і ўдзелу ў злачынных дзеяннях.
Архівы Штазі адкрыліся, грамадзяне атрымалі магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі дзяржбяспекі. Сама люстрацыя насіла ў Германіі выбіральны і менш радыкальны характар, чым у шэрагу іншых краін былога сацлагера.
Ці можа германскі прыклад быць карысным для Беларусі?
Большасць тых, хто з'ехалі пасля 2020 года, не вернуцца
Пасля аб'яднання Германіі пераважная большасць выхадцаў з усходняй часткі краіны, якія раней пакінулі ГДР, так і не вярнулася ў родныя мясціны. Гэта тлумачыцца прычынамі эканамічнага і сацыяльнага характару. Многія ўсходнія германцы наладзілі сваё жыццё ў заходняй частцы краіны. І хоць за перыяд трансфармацыі ўзровень жыцця на Усходзе значна вырас, перспектывы на Захадзе ўсё яшчэ выглядаюць у многіх адносінах куды больш прывабна.
У Беларусі пакуль нават не назіраецца тэндэнцый да перамен, а грамадзяне, якія пакінулі краіну, паступова абжываюцца і пускаюць карані ў эміграцыі. Відавочна, што чым пазней у Беларусі пачнецца трансфармацыя, тым менш эмігрантаў вернецца ў выніку на радзіму.
Гэтая тэндэнцыя абернецца (і ўжо абарочваецца) для Беларусі стратай чалавечага капіталу, але з'яўляецца ў пэўнай ступені і шанцам на будучыню: транснацыянальная беларуская дыяспара, якая падтрымлівае цесныя сувязі з краінай, зможа даць імпульсы для яе еўрапеізацыі і дэмакратызацыі пасля завяршэння эпохі дыктатуры.
А калі «перагарнуць старонку»?
Метафара пра «перагорнутую старонку» трывала ўвайшла ў арсенал беларускай дзяржаўнай прапаганды пасля падаўлення пратэстаў 2020 года і выкарыстоўваецца самім Аляксандрам Лукашэнкам.
Афіцыйныя ўлады хоць і заяўляюць пастаянна пра «адзінства грамадства», але пры гэтым узялі курс на пераслед сваіх праціўнікаў, іх выцісканне з краіны, не збіраюцца весці з імі сумленны і адкрыты дыялог.
Адзінства паводле рэцэпту Лукашэнкі азначае навязванне пакорлівай лаяльнасці рэжыму і рашучае падаўленне іншадумства. Вынікам такой палітыкі з'яўляецца вядомае з савецкіх часоў знешняе «адзінства», за фасадам якога хаваюцца нявырашаныя супярэчнасці, канфлікты, прага помсты і адкрытая нянавісць.
Лукашэнка аддае сабе справаздачу ў гэтых тэндэнцыях і магчымых рызыках для яго ўлады ў выпадку «адлігі», а значыць не пойдзе на сур'ёзныя змены курсу. Праз свой узрост і фізічны стан кіраўнік рэжыму, аднак, праз некаторы час вымушаны будзе выпусціць са сваіх рук стырно праўлення. А найлепшыя шанцы ўзяць уладу — у топ-чыноўнікаў з найбліжэйшага атачэння правадыра.
У гэтым выпадку Беларусь наўрад ці чакаюць радыкальныя перамены. Вектар развіцця краіны пад кіраўніцтвам наменклатуры, якую выгадаваў Лукашэнка, будзе хутчэй нагадваць траекторыю Туркменістана, Узбекістана ці Казахстана, дзе замест таго, каб пераасэнсаваць мінулае, «перагарнулі старонку». Змена кіраўнікоў там хоць і прывяла да пэўнай лібералізацыі, але не азначала пераходу да дэмакратычнага ўладкавання.
Зрэшты, у Беларусі, дзе відавочна існуе запыт на дэмакратыю, а грамадства ў 2020 годзе прадэманстравала гатоўнасць і жаданне пазбавіцца аўтарытарызму, больш мяккі «лукашызм без Лукашэнкі» можа стаць этапам транзіту ад дыктатуры да дэмакратыі.
Патрэбна прышчэпка ад дыктатуры
І ў перыяд транзіту, і пасля яго завяршэння Беларусь сутыкнецца з сур'ёзнымі выклікамі палітычнага, сацыяльнага і эканамічнага характару. Перабудова дзяржавы і грамадства на дэмакратычных прынцыпах у краіне, дзе дзесяцігоддзі знішчалася дэмакратычная культура і грамадзяне не валодаюць дэмакратычным досведам, будзе спалучана з сур'ёзнымі цяжкасцямі.
Калі ў выпадку былой ГДР палітыка трансфармацыі праводзілася шмат у чым з і за кошт Заходняй Германіі, то Беларусі на такую маштабную падтрымку звонку разлічваць не даводзіцца. У такой сітуацыі пераасэнсаванне найноўшага мінулага краіны можа адысці на другі план, а складанасць і супярэчлівасць задачы можа адпудзіць нават дэмакратычна выбраныя ўлады.
Падобнае развіццё падзей было б сур'ёзнай, а магчыма і фатальнай памылкай. Пераадолець унутраныя канфлікты і пабудаваць трывалае дэмакратычнае грамадства ў Беларусі можна толькі шляхам пераасэнсавання мінулага. І прыклад ГДР у гэтым кантэксце асабліва актуальны.
Выдаленне найбольш адыёзных кадраў з сістэмы дзяржаўнага кіравання, расследаванне злачынстваў, пакаранне вінаватых, усебаковае вывучэнне мінулага, свабодны допуск да архіўных матэрыялаў і шырокі грамадскі дыялог пра найважнейшыя праблемы мінулага і сучаснасці павінны стаць асновай для стабільнага дэмакратычнага развіцця краіны, прышчэпкай ад дыктатуры.
* * *
За 34 гады пасля аб'яднання Германія прайшла складаны і шмат у чым праблематычны шлях — з поспехамі і паразамі. Цярністы шлях чакае і Беларусь. Германскі досвед, перш за ўсё, у справе пераасэнсавання ўласнай супярэчлівай гісторыі, можа паслужыць Беларусі добрым прыкладам.