«Галасы пад сярпом». Як у часы СССР змагаліся з «варожымі» радыёстанцыямі
На гэтым тыдні Беларуская служба «Радыё Свабода» адзначыла 70-годдзе. Гісторыю праекта немагчыма ўявіць па-за феноменам, калі ў часы СССР людзі масава слухалі забароненыя заходнія радыёстанцыі.
Цікава, што першым пачаў радыёвяшчанне на краіны Захаду якраз Савецкі Саюз. «Маскоўскае радыё» вяшчала на нямецкай і англійскай мовах ужо з кастрычніка 1929 года. На Захадзе ролю радыё ў інфармацыйных войнах канчаткова зразумелі толькі пасля вайны. ВВС, да прыкладу, стала рэгулярна выпускаць перадачы на рускай мове з 1946-га.
А з 1 сакавіка 1953 года пачала вяшчанне радыёстанцыя «Вызваленне ад бальшавізму» (пазней — проста «Вызваленне»), якая з 1959 года стала называцца «Радыё Свабода». У рамках праекту неўзабаве з'явілася і беларуская служба.
З самага пачатку савецкае кіраўніцтва і ўлады краін Усходняй Еўропы разглядалі радыёвяшчанне як інфармацыйную зброю Захаду ў Халоднай вайне, прыладу заходняй прапаганды, накіраваную на ўзбуджэнне грамадскай незадаволенасці дзеяннямі ўлады, фармаванне масавай апазіцыі кіруючаму рэжыму. Яшчэ з лютага 1948 года ў СССР пачалі сістэматычна глушыць заходнія станцыі так званымі «глушылкамі» — магутнымі генератарамі электронных шумоў.
Глушылкамі справа не абмежавалася. Так, пры жыцці Сталіна адзін з прыдворных пісьменнікаў паспеў атрымаць сталінскую прэмію за п'есу, у якой выкрываў будні «Голаса Амерыкі».
А ў 1984-м выйшаў фільм «Канкан у ангельскім парку» — пра ўнутраны свет украінскай службы «Радыё Свабода». Паводле сюжэта, малады ўкраінскі паэт і разведчык прыязджае па турыстычнай пуцёўцы ў Мюнхен і паступае на службу ў радыёцэнтр «Свабода», будынак якога знаходзіцца на тэрыторыі Англійскага парка Мюнхена. Фільм, дарэчы, сабраў 18 млн 300 тыс. гледачоў. Аднак, думаецца, такія творы хутчэй адлюстроўвалі цікавасць да «галасоў». Збольшага папулярнасць карціны можна таксама спісаць на наяўнасць эратычных сцэн, якія былі дзіка запатрабаваны ў той час.
Такая вайна з «галасамі» можа падацца дзіўнай, паколькі ў чыстым выглядзе фармат заходніх радыёстанцый цяжка назваць прапагандысцкім. Немагчыма ўявіць, каб у эфір ВВС выпусцілі экзальтаваных асобаў, кшталту Азаронка. На хвалях заходніх радыёстанцый чыталі літаратурныя творы, філасофскія эсэ, мемуары, ладзіліся «круглыя сталы» і дыспуты на культурныя і палітычныя тэмы. Дзякуючы «галасам», аўдыторыя ў СССР і Усходняй Еўропе змагла азнаёміцца з многімі творамі, вядомымі толькі ў «самвыдаце».
Паступова ў заходніх радыёстанцый з'явіўся сталы слухач. Для праслухоўвання былі неабходныя радыёпрыёмнікі, якія дазваляюць слухаць перадачы на кароткіх хвалях. Многія савецкія прымачы мелі КВ-дыяпазоны. Але для дасведчаных радыёаматараў не складала вялікай праблемы перабудаваць прымач на іншыя, патрэбныя дыяпазоны. Акрамя таго, для ўзмацнення сігналу прыёму ўжываліся імправізаваныя антэны з любога падручнага матэрыялу.
Зрэшты, часам марнаваць высілкі на барацьбу з глушылкамі не даводзілася. У перыяды разрадкі міжнароднай напружанасці глушэнне «варожых галасоў» магло аслабляцца або спыняцца. Так адбылося ў верасні 1959 года з «Голасам Амерыкі» падчас візіту Мікіты Хрушчова ў ЗША, а ў 1963 годзе — пасля закліку Кэнэдзі спыніць Халодную вайну. Аднак падобныя паслабленні ніколі не датычыліся перадачаў «Радыё Свабода», якая лічылася структурай ЦРУ.
Паступова склаўся цэлы рытуал праслухоўвання заходніх радыёстанцый. У патрэбны час, як правіла па начах, калі глушылкі, нібыта, працавалі не так магутна, людзі цярпліва, праз трэск, вылоўлівалі патрэбную хвалю на сваіх прыборах. Паколькі ў правінцыі галасы глушылі не так моцна, многія на летнія адпачынкі бралі на дачы радыёпрымач.
Большасць слухачоў заходніх радыёстанцый у сваіх успамінах паказваюць, што палітыка спачатку іх мала цікавіла. Прыярытэтам была заходняя рок-музыка. Ад людзей, чыя маладосць прыйшлася на 70-я, даводзілася чуць, як яны збіраліся каля прымачоў у чаканні знакамітых трансляцый Севы Наўгародцава на ВВС.
Аднак паколькі заходнія мелодыі таксама лічыліся крамолай, музычнымі запытамі чалавек не абмяжоўваўся і пачынаў слухаць блокі навін, паступова палітызуючыся.
Праз многія фактары пакуль цяжка ў комплексе прадставіць гісторыю і эвалюцыю аўдыторыі заходніх станцый у БССР. Але нейкія рубежныя кропкі можна вылучыць. Гэта, найперш, 1980 год, калі ў суседняй Польшчы пачаўся рух «Салідарнасць». Нябожчык прафсаюзны актывіст Віктар Івашкевіч расказваў, што ў працоўных калектывах у курылках слухалі польскае радыё і абмяркоўвалі, як бы імпартаваць з-за Буга вопыт тамтэйшага пралетарыяту.
Аднак прарыўным аказаўся 1986 год. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС назіраўся татальны недавер у адрас афіцыёзу, што спачатку хаваў нават факт катастрофы. Альтэрнатывай праграме «Время» аказаліся тыя самыя «галасы». Іх слухалі настолькі масава, што рашэнне спыніць глушыць радыёпраграмы некаторых заходніх станцый увесну 1987-га, ужо нікога не здзівіла.
Гарбачоўская лібералізацыя ў сферы радыёвяшчання стала трыўмфам субкультуры аматараў вольнага радыё і ў той жа час прадвеснікам яе заходу. На Захадзе запатрабаванасць шырокамаштабнай прапагандысцкай дзейнасці праз замежнае радыёвяшчанне рэзка паменшылася, і фінансаванне радыёстанцый значна скарацілася. Акрамя таго, як паказваюць сацыялагічныя даследаванні, насельніцтва постсавецкіх краін праяўляла значна меншую цікавасць да радыё наогул і да замежнага вяшчання, у прыватнасці.
Другім ударам стаў прыход інтэрнэту, які стаў асноўнай крыніцай інфармацыі. Па меры пераходу на лічбавае радыёвяшчанне заходнія студыі спынілі вяшчанне на кароткіх хвалях. Практыка шукаць патрэбную хвалю ў эфірах паступова знікла.
Магчыма, адным з апошніх адэптаў зніклай субкультуры радыёаматараў-апазіцыянераў быў Аляксандр Казулін, які трапіў у турму за пратэсты ў 2006-м. Той неяк распавёў Аляксею Каралю – рэдактару «Новага Часу», пра тое, як у зняволенні з суседзямі па турэмнай камеры ахвотна слухаў выпускі беларускай службы «Радыё Свабода». Паспрабуйце ўявіць такую сітуацыю зараз!