«BYSOL» запусціў збор сродкаў для палітзняволеных жанчын

Сакавіцкае свята, якое прынята лічыць Днём жанчын, стане добрай падставай нагадаць пра палітзняволеных жанчын, якіх рэжым трымае ў закладніцах у беларускіх турмах.

Андрэй Стрыжак. Фота: euroradio.fm

Андрэй Стрыжак. Фота: euroradio.fm

Фонд «BYSOL» запусціў збор сродкаў для падтрымкі палітзняволеных жанчын. Гэтым разам фонд ладзіць гэты збор сумесна з асацыяцыяй беларускага бізнесу за мяжой «АВВА». Падрабязнасці «Радыё Ўнэт» расказаў кіраўнік «BYSOL» Андрэй Стрыжак:

— Гэта наш традыцыйны збор, які мы праводзім ужо не першы год. Ён прымеркаваны да 8 сакавіка, да дня, які ў савецкай гістарыяграфіі заўсёды лічыўся такім «чырвоным днём календара» і нейкай супрацьвагай 23 лютага. Але насамрэч гэты дзень першапачаткова не мае савецкай падаплёкі. Гэта дзень, у які мы прыгадваем, што роўнасць жанчын вельмі важная і для развіцця грамадства і ўвогуле для справядлівасці як такой. 

На сённяшні дзень, на жаль, у Беларусі вельмі шмат жанчын знаходзяцца ў статусе рэпрэсаваных, у тым ліку і палітычных зняволеных. І вось мы ўжо не першы год праводзім такую кампанію, у якой спрабуем такім чынам прыцягнуць увагу да праблемы, нагадаць людзям, што сядзяць жанчыны ў турмах. У сілу пэўных абставінаў і той інфармацыі, якая ў нас ёсць, жанчынам сядзець у турмах яшчэ горш, чым мужчынам. І сама па сабе сітуацыя вельмі праблемная і складаная. 

У гэтым годзе мы вырашылі рабіць гэты збор разам з асацыяцыяй беларускага бізнесу за мяжой «АВВА». І хочам прыцягнуць увагу жанчын-бізнесовак да праблемы таго, што іншыя жанчыны, у тым ліку і бізнесоўкі таксама, сядзяць у турме. І частка тых палітзняволеных, якія ўжо выйшлі і зараз спрабуюць пачынаць сваё новае жыццё, таксама з’яўляюцца сяброўкамі гэтай асацыяцыі. 


Глядзіце таксама

Калі канкрэтна казаць, то гэта Вольга Рытус і Вольга Скрышчук. Яны адкрываюць хостэлы ў Варшаве — вось такі бізнес у былых палітзняволеных. І яны таксама запісалі для нас спецыяльна зварот, у якім запрашаюць падтрымаць жанчын, якія зараз знаходзяцца за кратамі. 

Вельмі важна памятаць пра тое, што гэты дзень — дзень салідарнасці. І ў першую чаргу з нашымі жанчынамі, якія знаходзяцца цяпер у зняволенні. І мы абвясцілі такі збор. Агульная планаваная сума збору – 10 000 еўра. Дваццаць кейсаў мы «закрыем» гэтымі сродкамі — па 500 еўра зробім выплаты для 20 жанчын, якія зараз знаходзяцца ў зняволенні. 

Аблава, якая адбылася напрыканцы студзеня, канешне, унесла вялікія карэктывы ў працу шматлікіх структур, якія займаюцца дапамогай палітзняволеным унутры Беларусі. Мы ўважліва вывучылі досвед калег, якія трапілі пад удар, удасканалілі нашы ўнутраныя пратаколы бяспекі. Але збольшага магу сказаць, што тое, як мы працуем, тыя механізмы, якія мы выкарыстоўваем, застаюцца пад абаронай. І ў прынцыпе мала што змянілася ў аб’ёмах дапамогі, у магчымасцях рабіць дапамогу бяспечнымі шляхамі. Так што «BYSOL» працягвае сваю працу, нягледзячы на гэтыя атакі. 

Бізнэсоўцы ўжо ўдзельнічаюць у гэтым зборы. Акрамя таго, ёсць відэазварот, які быў запісаны, ёсць наша пастаянная інфармацыйная супольная кампанія, якая прыцягвае ўвагу да гэтага збора, і будуць яшчэ інвэнты афлайн, звязаныя са зборам. Так што будзе шмат яшчэ чаго цікавага ў гэтай кампаніі, і я думаю, што гэта не апошняя наша супраца з безнесоўцамі ў кірунку падтрымкі палізняволеных.

Паўдзельнічаць у зборы сродкаў можна тут. Але ўвага! Калі вы знаходзіцеся ў Беларусі, паклапаціцеся пра сваю бяспеку і не карыстайцеся карткамі беларускіх і расійскіх банкаў для падтрымкі фонду.