Былы намеснік камандзіра групы «Алмаза»: «Спачатку ім плацілі штодня, але ўжо няма грошай»

Старшы лейтэнант Ігар Макар — былы намеснік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падраздзялення МУС Беларусі «Алмаз». Макар заклікае людзей працягваць мірны пратэст, а сілавікоў — не выконваць злачынных загадаў.

Ігар Макар

Ігар Макар


Ігар Макар нарадзіўся ў Горадні ў 1977 годзе. Пасьля службы ў войску, у 1997-м, паступіў на службу ў Гарадзенскі АМАП. З 1998 году пачаў працаваць у «Алмазе». Скончыў Акадэмію фізічнага выхавання і спорту Рэспублікі Беларусь, паступіў у Інстытут правазнаўства. Пакінуў службу і ўзначаліў ахову колішняга экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна, з 2006 году — у палітычнай эміграцыі. Ігар Макар супрацоўнічае з аб’яднаннем By_Pol, якое дапамагае сілавікам, што адмовіліся выконваць злачынныя загады. Ён адказвае на пытанні Радыё Свабода.

— Як вы ацэньваеце жорсткія затрыманні і эскалацыю гвалту з боку сілавікоў?

—У Лукашэнкі ёсць мэта задушыць цалкам усе пратэставыя акцыі. Чым менш народу выходзіць, тым больш працуюць супрацоўнікі. Я кантактаваў з супрацоўнікамі АМАПу, яны вельмі стомленыя, таму яны робяць усё, каб мітынгі і пратэставыя акцыі проста скончыліся. Чым менш народу выходзіць, тым будзе больш затрыманняў.

— Цяпер іншае пакаленне служыць у «Алмазе», але некаторыя людзі, з якімі вы працавалі, яшчэ засталіся. Ці вядома вам, якія там настроі? Ім даводзіцца выконваць усё ж не ўласцівыя для гэтага падраздзялення функцыі. Гэта антытэрарыстычнае падраздзяленне, а не для змагання з мірнымі дэманстрантамі.

— Я магу сказаць не толькі пра «Алмаз», а прабегчыся коратка па ўсіх падраздзяленнях. Добры настрой толькі ў людзей, якіх я б назваў кабінетнымі: следчых, участковых, оперупаўнаважаных. Яны разумеюць, што за гэтую брудную працу трэба будзе потым адказваць. У такіх падраздзяленнях як АМАП, «Алмаз», «Альфа», СОБР, настрой абсалютна не адэкватны. З імі размаўляць на мове ўльтыматуму. «Вазьміцеся за галаву, падумайце пра людзей» — гэта не працуе. Лукашэнка дамогся аддзялення сілавога блоку ад народу. Ён уцягнуў падраздзяленні ў агрэсію, якая праяўляецца з кожным днём усё больш і больш. Галоўная прычына, чаму людзі на гэта ідуць, — абсалютная, татальная беспакаранасць. Гэта працягваецца 26 гадоў. Ніхто ні за што не адказвае. Таму на нармальнай мове размаўляць зь імі нельга.

— Вы больш не працуеце там, у палітычнай эміграцыі шмат гадоў, нядаўна бралі ўдзел ва Сусветным кангрэсе беларусаў. Як вы цяпер гледзіце на тое, што робяць вашы былыя паплечнікі? Якая ваша чалавечая і прававая ацэнка?

— Я вельмі сурʼёзна асуджаю іх дзеянні. Больш за тое, яны робяць злачынства. Тое, што зрабіў супрацоўнік «Алмазу», які стрэліў у Тарайкоўскага, — гэта злачынства, за якое можна даць вышэйшую меру пакарання. Гэта было помпавае ружжо, якое прымяняецца толькі ад 50 метраў. Пра гэта павінен ведаць кожны супрацоўнік. Не разумею, чаму алмазавец страляў. Да Тарайкоўскага было 20–25 метраў, што і прывяло да смяротнага выніку.

Былі яшчэ два параненыя гумавымі кулямі, пра якіх гавораць у сілавых структурах. Іх змясцілі ў шпіталі, і дактары іх адратавалі. Гэта неадэкватныя паводзіны, таму што супрацоўнік падраздзялення, асабліва «Алмаза», ведае, на якой адлегласці можна ўжываць помпавае ружжо. Яно для спынення супрацьпраўнага дзеяння. Менш за 50 метраў — смяротны вынік. Мы бачым на відэа чалавека з паднятымі рукамі, ёсць пацвярджэнне прымянення гэтай зброі, але чамусьці ніхто нічога не робіць. Я лічу, што трэба расследаваць кожны выпадак. Браць відэафакты, высвятляць асобу і рыхтаваць да суду.

Ігар Макар злева

Ігар Макар злева


— Вы кажаце, што сілавікі стомленыя, злыя і хочуць усё як найхутчэй спыніць. Ці ёсць спосаб з імі размаўляць, пераконваць?

— Ужо не. Я спрабаваў каля месяца таму. Я глядзеў відэа з кожнай акцыі. Я ў жыцці шмат бачыў, але ў мяне мурашкі па скуры ішлі. На людзей, дзяўчатак, хлопцаў налятаюць пяць амапаўцаў і проста збіваюць дубінкамі. Я спрабаваў гаварыць са сваімі сябрамі, нават тымі, хто ў органах цяпер працуе, каб пагаварылі з тымі, хто непасрэдна ўдзельнічае ў разгонах, з амапаўцамі. Мае сябры пагаварылі з супрацоўнікамі АМАПу і сказалі: «Ігар, нават не трэба размаўляць, нічога не будзе».

Прасіць, каб не білі пратэстоўцаў, бо гэта мірная акцыя, гэта ж ваш народ, яны ж вам плацяць заробак, вы ж бюджэтнікі, — гэта ўжо не дзейнічае. У адной з размоваў супрацоўнік АМАПу сказаў, што яны ўсё разумеюць, але не рабіць гэтага яны не будуць, бо яны ўжо зрабілі столькі, што назад дарогі няма. Цытую даслоўна: «На сённяшні дзень мы як на вайне, для нас усе, хто выходзіць на вуліцу, на мірныя акцыі пратэсту, гэта ворагі, і мы будзем стаяць да апошняга». Мой сябра сказаў, што вас жа кіне Лукашэнка. Так было з «Беркутам» ва Украіне, так было з рыскім і віленскім АМАПамі пасля распаду СССР. І ён кажа: мы разумеем, што ён нас кіне, але цяпер мы стаім як адзін за аднаго. І мы будзем стаяць да канца, назад дарогі няма.

— Ці шмат такіх людзей, як вы, якія сышлі?

— Ёсць. Некаторыя людзі, якія са мной працавалі ў «Алмазе», а цяпер «на гражданке», у асноўным у Расіі на заробках, ва ўсіх семʼі. Ніхто ў палітыцы не ўдзельнічае.

— Як бы вы звярнуліся да мірных пратэстоўцаў, якія ведаюць, што іх могуць затрымаць, пабіць, пакалечыць на мірным пратэсце, і ўсё роўна выходзяць? Што ім рабіць? Як ім абараніцца?

— Я размаўляў з людзьмі, якія цяпер працуюць у сістэме, якім гэта моцна надакучыла. Надакучыла і сілавая структура, і тыя, хто выходзіць, і ўся сітуацыя. Першае, што я хацеў бы сказаць людзям, якія выходзяць на пратэставыя акцыі, гэта велізарны дзякуй. Я разумею, што ёсць беларускі народ, ёсць беларусы як нацыя. Тое, што было зроблена, гэта велізарны плюс. Калі чалавек гатовы выходзіць, трэба выходзіць, але патрэбны толькі мірныя акцыі. Так, будуць затрыманні, магчыма жорсткія, СІЗА, штрафы, але трэба ператрываць, бо я думаю, што мы зможам перамагчы ў гэтай барацьбе супраць Лукашэнкі. Ён ужо не ўтрымаецца ва ўладзе. Ні ў якім разе не рабіце радыкальных дзеянняў. Будуць правакацыі, і гэта будзе на руку Лукашэнку. Патрэбны толькі мірныя акцыі. Трываць да апошняга. Нават калі выйдзе 100 чалавек, гэта ўжо будзе добра. Проста стаць у ланцуг, нічога не парушаючы. Проста мірная акцыя. Пастаялі і разышліся. Калі нехта зробіць хоць нешта — вывесіць сцяг, напіша словы падтрымкі — усё пойдзе ў агульную скарбонку.

— Вы кажаце, што цяпер пераконваць сілавікоў не мае сэнсу. Але ўсё ж, можа, вы як былы спецназавец паспрабавалі б звярнуліся да сілавікоў?

— Як былы супрацоўнік, як афіцэр зраблю апошні заклік. Можа, да кагосьці дойдзе. Звяртаюся да ўсіх супрацоўнікаў, задзейнічаных для разгону мірных акцый пратэсту. Не рабіце злачынства. Калі вы баіцеся быць звольненымі (некаторыя кажуць, што адзін за адным назіраюць), проста рабіце выгляд, падымайце дубінку, але не біце людзей, затрымлівайце, і калі ёсць магчымасць, адпусціце. Хай чалавек уцячэ. Збірайце на будучыню інфармацыю, таму што кожны адкажа за ўсё, што зрабіў.

Я згодны з Паўлам Латушкам, што калі не будзе дастаткова доказаў, бо нехта быў у балаклаве, ёсць дэтэктар хлусні, і кожны супрацоўнік, які працаваў у гэты час, яго пройдзе. Падумайце пра сваю сям’ю і будучыню, пра свой народ, бо вы той жа народ.

Друкуецца са скарачэннямі.