Будзьма памятаць. Як дэпартавалі беларусаў
Нямногія з нас задумваліся, што выраз «ціхі тэрор» у нейкім сэнсе гучыць як аксюмаран. Але менавіта «ціхім тэрорам» і называецца тое, што адбывалася на беларускім памежжы (да далучэння Заходняй Беларусі) з канца 1934 па 1937 год. Другая дата зразумелая — махавік рэпрэсіяў быў раскручаны менавіта ў 37-м… А што з першай?
1 снежня 1934 года ў Ленінградзе Леанід Мікалаеў з нагана ў патыліцу забіў на трэцім паверсе Смольнага інстытута кіраўніка ленінградскай партыйнай арганізацыі Сяргея Міронавіча Кірава. Чаму? За гады, што мінулі з таго здарэння, версіяў было нямала: Сталін вінаваціў Каменева і Зіноўева, за часамі Хрушчова вінавацілі самога Сталіна, цяпер жа найбольш распаўсюджаная версія кажа, што Мікалаеў дзейнічаў з уласнай ініцыятывы. Як гэта закранула Беларусь? А вось як: забойства мела наступствы, што тычыліся непасрэдна беларусаў — тых, якія жылі каля тагачаснай мяжы. Вядома, пераследу і да гэтага падлягалі «грамадзяне варожага паходжання, служыцелі культу, збеглыя са ссылкі і заўважаныя ў супрацьпраўных дзеяннях». Але пасля 1 снежня ціск узмацніўся, і часцей за ўсё прадстаўнікі органаў ужо не разбіраліся, ці падпадаюць затрыманыя пад гэтыя катэгорыі, — пачаўся “ціхі тэрор”.
Болей чытайце ў новым выпуску праекта «Будзьма памятаць!» ад кампаніі «Будзьма беларусамі!».