БТ: Яўген Новікаў застаецца штатным супрацоўнікам Белтэлерадыёкампаніі
Закрыццё праграмы «Правы чалавека: погляд у свет» ніяк не звязанае з яго стаўленнем да падзеяў ва Украіне, а сам прапагандыст застаецца супрацоўнікам Белтэлерадыёкампаніі.
Пра гэта ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» заявіла кіраўніца прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі Святлана Смалонская-Краскоўская.
«Тая інфармацыя, якую сёння паспяшаліся распаўсюдзіць некаторыя СМІ пра тое, што «Новікава выгналі з БТ», яна, мякка кажучы, абсурдная і не адпавядае рэчаіснасці. На
сёння Яўген Новікаў працягвае заставацца супрацоўнікам Белтэлерадыёкампаніі і працуе ў штаце нашага медыяхолдынгу.
Праграма «Правы чалавека: погляд у свет» не выходзіць у эфір на тэлеканале «Беларусь-24», і гэта абсалютна нармальная практыка, бо любы тэлевізійны праект
рана ці позна зачыняецца і спыняе сваё існаванне, калі гаворка не ідзе пра інфармацыйную праграму. А ў гэтым выпадку мы кажам пра праграму, якая выходзіла на беларускім тэлебачанні больш за 10
гадоў — для тэлевізійнага праекта гэта досыць вялікі тэрмін.
Яўгену Новікаву, у сваю чаргу, прапанавана распрацаваць і прадставіць новую канцэпцыю арыгінальнай праграмы любога фармату і жанру.
Што тычыцца тэлеканала «Беларусь 24», то на сёння наш міжнародны тэлеканал працягвае сваё вяшчанне ва Украіне, сігнал даступны праз спадарожнікавыя антэны, абвесткі ад
кабельных аператараў пра разрыў стасункаў у Белтэлерадыёкампанію не паступала», — адзначыла яна.
На просьбу пракаментаваць заяву Новікава, што закрыццё праграмы звязана з яго «прынцыповай пазіцыяй» з нагоды падзей ва Украіне, Смалонская-Краскоўская адзначыла, што
«гэта аўтарская пазіцыя Яўгена Новікава».
Вядомы прапагандыст Яўген Новікаў, вядучы праграмы «Правы чалавека: погляд у свет», заявіў, што яе зачынілі. З ягоных слоў, прычынай стала яго пазіцыя што да ўкраінскіх падзей.
Цяпер яго праграма выходзіць на расійскім радыкальным нацыяналістычным рэсурсе «Крамола».
15 кастрычніка Нацыянальная рада Украіны па пытаннях тэлебачання і радыёвяшчання прызнала тэлеканал «Беларусь-24» неадпаведным патрабаванням Еўрапейскай канвенцыі аб
трансгранічным тэлебачанні, а таксама з заканадаўствам Украіны, і звярнулася ў суд з пазовам аб забароне вяшчання на сваёй тэрыторыі.
Падставай для гэтай пастановы сталі скаргі тэлегледачоў, а таксама выбарачны маніторынг, які правялі ўкраінскія чыноўнікі, адказныя за медыйную палітыку.
У праграме «Правы чалавека. Погляд у свет» на тэлеканале «Беларусь 24» гледачы выявілі антыўкраінскую прапаганду і скажэнне інфармацыі пра падзеі ва
Украіне.
svaboda.org