Больш жорсткая адказнасць за «п'янае кіраванне»: ДАІ прапануе ўвесці градацыі ап'янення
ДАІ прапанавала ўвесці градацыю па ступені ап'янення і зрабіць больш жорсткай адказнасць за кіраванне аўтамабілем п'янымі вадзіцелямі.
Пра гэта ў эфіры тэлеканала АНТ распавёў начальнік ДАІ Беларусі Дзмітрый Карзюк.
Па словах Карзюка, ДАІ прапанавала падзяліць стан алкагольнага ап'янення кіроўцы. Першая ступень — ад 0,3 да 0,79 праміле алкаголю. Для гэтай катэгорыі парушальнікаў павялічаць штраф да 100 базавых велічынь (цяпер ад 50 да 100. — Рэд.). Тэрмін пазбаўлення права кіравання застанецца тым жа — 3 гады. Другая градацыя — ад 0,8 праміле і больш. Такім кіроўцам будзе пагражаць штраф у 200 базавых велічынь (5100 рублёў) і пазбаўленне правоў на 5 гадоў.
— Гэтыя больш жорсткія правілы мы ўзгаднілі з усімі зацікаўленымі [ведамствамі]. Пры перапрацоўцы кодэкса, я думаю, гэтая норма будзе ўнесеная, — рэзюмаваў начальнік ДАІ краіны.
Як беларускіх п'яных кіроўцаў караюць цяпер?
Калі ты трапіў упершыню — атрымліваеш штраф у 50–100 базавых (1275–2550 рублёў) і 3 гады пазбаўлення. Калі другі раз на працягу года — надыходзіць крымінальная адказнасць: канфіскацыя аўто, у тым ліку калі яно не належыць самому п'янаму кіроўцу, пазбаўленне правоў ужо на 5 гадоў з папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, арыштам альбо абмежаваннем волі і штрафам да 1000 базавых (25 500 рублёў), а ў шэрагу выпадкаў — пазбаўленне волі да двух гадоў.
Паводле auto.tut.by