Больш за 320 населеных пунктаў Мінскай вобласці былі абясточаныя з-за моцнага ветру

З-за моцнага ветру ў Мінскай вобласці 3 ліпеня быў абясточаны 321 населены пункт, паведамляе прэс-служба абласнога ўпраўлення МНС.

Фота glavred.info

Фота glavred.info


Без электразабеспячэння апынулася 27 сельскагаспадарчых будынкаў, у тым ліку 22 малочнатаварныя фермы, 21 дашкольная ўстанова, 21 школа, 1.073 трансфарматарныя падстанцыі.
Адключэнні электрычнасці адбыліся ў Вілейскім, Капыльскім, Лагойскім, Мінскім, Маладзечанскім, Пухавіцкім і Смалявіцкім раёнах.
Таксама пашкоджаныя дахі 11 будынкаў у трох раёнах вобласці: Стаўбцоўскім (цялятнік ААТ "Шашкі"); Пухавіцкім (дзве малочнатаварныя фермы, піларама, майстэрня, зернясклад, дыспетчарская ААТ "Вецярэвічы"); Капыльскім (сенасховішча, два цялятнікі, малочны блок ААТ "Племянны завод Дусаеўшчына").
Агулам для аднаўлення дахаў спатрэбіцца 1.830 лістоў шыферу, 30 лістоў полікарбаната, 200 кв. метраў бляхі.
Паводле інфармацыі МНС, у выніку праходжання моцнага ветру 17 чэрвеня на тэрыторыі Мінскай вобласці ўсё яшчэ застаюцца пашкоджанымі дахі васьмі будынкаў.
Андрэй Серада, БелаПАН