Бясплатны «Добры ровар» вяртаецца на мінскія вуліцы (інструкцыя)
Бясплатны пракат ровараў (байк-кросінг) зноў стартуе ў сталіцы ў першых тыдня чэрвеня. Як і раней, адзін з двух дзясяткаў ровараў можна будзе ўзяць на 12 гадзін на тузіну стаянак у цэнтры горада, папярэдне замовіўшы яго на сайце dobrovar.by.
Як распавёў svaboda.org адзін з кіраўнікоў праекту Кірыла Кудравец, адначасова ў пракаце ровараў будзе 20-25, а парковак — 10-25.
Кірыла адзначае, што летась пракат карыстаўся вялікім попытам: у сістэме зарэгістраваліся 2500 чалавек, і на ровары быў сталы попыт. Праект прыцягнуў з паўсотні валанцёраў, а калі ровары знікалі, шукалі «вялікай талакой». І практычна ўсім стваральнікі праекту задаволеныя, але «хацелася б падвышаць культуру саміх карыстальнікаў, каб было больш беражлівае стаўленне да ровараў».
Праект рэалізуецца цалкам як грамадская ініцыятыва без удзелу дзяржавы — што талакой праз збор грошай на MaeSens, што сіламі добраахвотнікаў, што пры падтрымцы няўрадавых арганізацый, як «Зялёная сетка». Аднойчы праекту падарункамі дапамог і «Прыёрбанк».
Такі валанцёрскі праект можа стаць добрай перадумовай для таго, каб горад займеў грамадскі пракат ровараў, які можна пабачыць у еўрапейскіх гарадах.
Як скарыстацца «Добрым Роварам»:
Дачакацца запуску праекту. Паведамленні пра запуск з'явяцца на сайце dobrovar.by і ў сацсетках.
Зарэгістравацца на сайце.
Выслаць на reg.bikecrossing@gmail.com свой лагін, пад якім рэгістраваліся, і скан альбо якаснае фота апошняй старонкі пашпарту. І дачакацца адказу пра ўзгадненне рэгістрацыі.
Пасля ўзгаднення ўвайсці на сайт пад сваім лагінам і паролем.
Абраць сярод незанятых любы ровар і націснуць «Забраніраваць». Альбо абраць найбліжэйшую стаянку і забраніраваць на ёй ровар, калі ён незаняты.
Запісаць пароль ад замка, якім ровар прычэплены да стаянкі.
Карыстацца роварам цягам 12 гадзінаў з моманту браніравання.
Па заканчэнні вярнуць ровар на адну са стаянак праекту і прычапіць яго замком.
Зайсці на сайт і націснуць кнопку «Вярнуць ровар», пазначыўшы стаянку, на якой пакідаеце ровар.
Паводле greenbelarus.info