Беларусы не адмовяцца ад нацыянальных сімвалаў на ЧС на хакеі

Кіраўнік арганізацыі Анатоль Міхнавец адзначыў, што забараняць заўзець пад нацыянальнымі сімваламі беларусам Міжнародная хакейная федэрацыя не мае ні маральнага права, ні юрыдычнага. Сцяг з’яўляецца нацыянальным сімвалам, а не палітычным і аргументацыя яго забароны з боку функцыянераў міжнароднай арганізацыі выглядае надуманай, сказаў ён “Еўрарадыё”.



pahonia.jpg

Нагадаем, што 3 траўня арганізатары чэмпіянату свету па хакеі ў Швецыі і Фінляндыі выклікалі паліцыю на беларусаў, якія прыйшлі на трыбуну арэны ў Стакгольме падтрымаць зборную Беларусі ў матчы з Чэхіяй.

Арганізатарам чэмпіянату не спадабаліся бела-чырвона-белыя сцягі, якія вывесілі сябры “Беларускай Нацыянальнай Памяці”. Паводле хакейных функцыянераў, сцягі з’яўляюцца палітычнай сімволікай і не могуць выкарыстоўвацца.

Адзін са сцягоў быў вялізны (была таксама і харугва з выявай герба "Пагоня"). Яго неаднаразова паказвалі падчас жывой трансляцыі на тэлеканале "Беларусь-2".

Калі паліцыя паспрабавала згарнуць бела-чырвона-белыя сцягі, на абарону беларусаў сталі шведскія заўзятары. У выніку беларускія сцягі змаглі правісець на трыбунах да канца матчу. Аднак арганізатары заявілі, што больш беларусаў з нацыянальнымі сцягамі на трыбуны не пусцяць.

Пазней генеральны сакратар хакейнага ЧС-2013 у Стакгольме Тоні Вірэн пацвердзіў забарону Міжнароднай хакейнай федэрацыі выкарыстання бел-чырвона-белага сцягу на матчах чэмпіянату.

Еўрарадыё