«Белсаюздрук» адмовіўся прадаваць «Нашу гісторыю», «Дуду» і «Асцярожна, дзеці!»
«Белсаюздрук» не плануе далей прадаваць часопісы «Нашай Нівы» — «Нашу гісторыю», а таксама дзіцячыя выданні «Дуду» і «Асцярожна, дзеці!».
У шапіках «Белсаюздруку» адмовіліся прадаваць часопіс «Наша гісторыя», а таксама дзіцячыя выданні «Дуду» і «Асцярожна, дзеці!». «Белсаюздрук» спыніў дамову на продаж часопісаў у аднабаковым парадку. Пра гэта паведаміў Ягор Марціновіч.
«Наша Ніва» просіць пра салідарнасць — заклікае людзей 5 і 6 сакавіка прыйсці і набыць часопісы:
«Якраз учора мы атрымалі з друкарні наклад свежага нумару "Гісторыі". І ён завісае мёртвым грузам — у кіёскі яго больш не возьмуць, — адзначае Ягор Марціновіч. — Таму прашу аб салідарнасці — прыйдзіце да нас і купіце часопісы».
Прадаваць «Нашу гісторыю» будуць сёння і заўтра ў рэдакцыі «Народнай волі» па адрасе Энгельса, 34а.У пятніцу, 5 сакавіка — з 14:00 да 20:00. У суботу, 6 сакавіка — з 10:00 да 18:00.
На часопіс «Наша гісторыя», а таксама на дзіцячыя «Дуду» і «Асцярожна, дзеці!» яшчэ можна падпісацца. «Наша Ніва» адзначае, што ў выпадку, калі іх выкінуць і з падпіскі, ёсць планы наладзіць уласную сістэму дастаўкі. Таксама надалей плануецца гэтыя часопісы два дні на месяц прадаваць у рэдакцыі.