Беларусы стварылі петыцыю, каб высветліць, навошта Віцебская БХМД закупае мяшкі для трупаў

Віцебская БХМД за паўгода закупіла 520 мяшкоў для трупаў пры гадавой неабходнасці ў 50.

36e57bee_a069_483c_8631_1804cfb63c09_w1023_r1_s.webp


Беларусы стварылі петыцыю з патрабаваннем патлумачыць, для якіх мэт УАЗ «Віцебская гарадская клінічная бальніца хуткай медыцынскай дапамогі» за няпоўныя 6 месяцаў закупіла 520 патолагаанатамічных пакетаў.
На сайце дзяржзакупак прысутнічаюць тэндары, паводле якіх Віцебская БХМД у красавіку і ліпені 2021 года ўжо закупіла 400 пакетаў патолагаанатамічных на агульную суму 3 800 рублёў. У жніўні быў абвешчаны яшчэ адзін тэндар на закупку 120 пакетаў з тэрмінамі пастаўкі 1-7 верасня.
Больш за тое, паводле даных сайта дзяржзакупак, менавіта Віцебская БХМД у 2021 годзе закупляла мяшкі для трупаў больш актыўна, чым іншыя ўстановы аховы здароўя Беларусі.
Аўтары петыцыі адзначаюць, што кіраўніца аддзела матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Віцебскай абласной клінічнай лякарні Юлія Кастрова ў траўні 2020 года гаварыла, што гадавая патрэба ўстановы ў патолагаанатамічных пакетах — усяго 50 штук. Так, гэта іншая ўстанова аховы здароўя, аднак нельга не адзначыць ашаламляльную розніцу ў патрэбах.
Петыцыя будзе адпраўленая ў БХМД Віцебска з патрабаваннем даць адказы на пытанні:
— Чым абумоўлена закупка 520 мяшкоў для трупаў за няпоўныя 6 месяцаў? — Якая сярэднямесячная / сярэднегадавая патрэба ў патолагаанатамічных пакетах ва ўстанове аховы здароўя? — Ці звязана закупка з вялікай смяротнасцю пацыентаў ўстановы ад COVID-19?