Беларусы ацэньваюць высілкі ўладаў па барацьбе з пандэміяй горш, чым у 56 з 57 іншых краін — міжнароднае апытанне

Гэта — адзін з вынікаў даследавання, якое правяла міжнародная група навукоўцаў з 12 вядучых унівэрсітэтаў свету, у тым ліку Гарварду і Кембрыджу, у 58 краінах, сярод якіх была і Беларусь, паведамляе Радыё Свабода.

epid.jpg

Мэтай даследавання было высветліць, як жыхары розных краін рэагуюць на эпідэмію каронавірусу. У перыяд з 20 сакавіка па 6 красавіка на пытанні анкеты адказалі 110 968 чалавек (3300 — з Беларусі). Гэта найбуйнейшае міжнароднае сацыялагічнае даследаванне па тэматыцы каронавірусу. У Беларусі афіцыйным партнёрам даследавання была Беларуская аналітычная майстэрня, кіраваная Андрэем Вардамацкім.
Прапануем вам некаторыя дадзеныя даследавання па 10 краінах свету, у тым ліку па Беларусі і 4 яе суседзях (у Літве даследаванне не праводзілася).
Доля рэспандэнтаў, якія лічаць, што рэакцыя ўладаў іх краіны на пандэмію была недастатковай, у %

epid_2.jpg

З усіх 58 краінаў, дзе рабілася даследаванне, толькі ў Турэччыне доля тых, хто лічыць, што рэакцыя ўладаў іх краіны на пандэмію была недастатковай, вышэйшая, чым у Беларусі. У Турэччыне — 91%, у Беларусі — 86%. Даволі блізкія да беларускага паказніку — у Інданэзіі (83%), у Расіі (85%) і ў ЗША (85%). Наступнае пытанне тычылася таго, наколькі праўдзівымі былі ўлады, інфармуючы насельніцтва пра хаду пандэміі
Доля рэспандэнтаў, якія лічаць, што ўлады былі непраўдзівымі, у %

epid_3.jpg

У цэлым сярод 58 краінаў Беларусь аказалася на 8 месцы паводле недаверу да афіцыйнай інфармацыі адносна хады эпідэміі. Больш, чым у Беларусі, лічылі непраўдзівай афіцыйную інфармацыю, у прыватнасці, у Венесуэле (88%), у ЗША (75%) і ў Расіі (83%).
А вось у адказах на пытанне пра адэкватнасць грамадскай рэакцыі на каронавірус, Беларусь аказалася ў сярэдзіне спісу.
Доля рэспандэнтаў, якія лічаць, што рэакцыя грамадства ў іх краіне на пандэмію была недастатковай, у %

epid_4.jpg

Сярод суседзяў Беларусі ацэнкі рэакцыі грамадства сваёй краіны на пандэмію былі лепшымі за беларускія толькі ў Латвіі. У Польшчы — дакладна такімі ж, як у Беларусі. Ва Ўкраіне і Расіі — горшымі, чым Беларусі.
У даследаванні задаваўся шэраг пытанняў пра тое, якія засцерагальныя крокі супраць пандэміі робяць самі рэспандэнты. У адказах на пытанне «Ці заставаліся Вы дома на працягу мінулага тыдня?» Беларусь была «рэкардсменам» — станоўча адказалі на гэтае пытанне толькі крыху больш за 50% сярод беларускіх рэспандэнтаў. Ва ўсіх астатніх 57-мі краінах доля тых, хто адказаў, што на мінулым тыдні заставаўся дома, была вышэйшай: ад Расіі, дзе такіх было больш за 60%, да Аргентыны, дзе дома заставаліся больш за 90%.
На пытанне «Ці ўстрымліваліся Вы ад наведвання масавых мерапрыемстваў на працягу мінулага тыдня?» станоўча адказалі прыкладна 75% беларускіх рэспандэнтаў. Толькі ў дзвюх краінах гэтая доля аказалася меншай — у Дамініканскай Рэспубліцы (крыху больш за 50%) і ў Сінгапуры (крыху больш за 70%). Ва ўсіх астатніх 55 краінах, дзе праводзілася апытанне, была большай, чым у Беларусі, доля тых, хто ўстрымліваўся ад наведвання масавых мерапрыемстваў. Самай высокай доля такіх апытаных аказалася на Філіпінах — амаль 100%.
Прыкладна палова апытаных беларусаў станоўча адказалі на пытанне, што на мінулым тыдні датрымлівалі дыстанцыю ад іншых людзей як мінімум на два мэтры. Меншай доля станоўчых адказаў была толькі ў Японіі і Чылі. У астатніх 55 краінах большы адсотак апытаных датрымліваў належную дыстанцыю ад іншых людзей.
Падводзячы вынікі, трэба сказаць, што беларускія рэспандэнты ў адказах прадэманстравалі адну з самых нізкіх у свеце ступеняў практыкавання рознага кшталту сацыяльных засцярогаў ад каронавірусу. Пры гэтым сярод іх аказалася рэкордна высокая доля тых, хто палічыў недастатковымі дзеянні сваіх уладаў у барацьбе з каронавірусам. Таксама даволі высокім аказаўся ў Беларусі адсотак тых, хто ацаніў афіцыйную інфармацыю пра пандэмію як непраўдзівую.