Беларускамоўны ролік «беларус у Роўна» за суткі сабраў 12 000 праглядаў

"Рускай мовы ў Роўна я амаль не чуў" — расказвае аўтар у сваім роліку.

rouno.png


Два месяцы таму на Youtube-канале "Dzimych Вяселы Неадэкват" з'явілася відэа аб тым, як стваральнік каналу падарожнічаў у Роўна. Тое былі даволі звычайныя падарожныя нататкі з долей іроніі: аўтар адзначаў нязвыклыя для беларусаў рэчы, такія як ушчэнт разбіты вакзал, кава за 90 беларускіх капеек альбо продаж сім-картаў без пашпартаў і рэгістрацыі.


Відэа мела менш за 300 праглядаў. Але роўна да таго моманту як да яго не дабраліся ўкраінцы.
Менш чым за суткі яго паглядзела 12 000 чалавек. Пад ролікам на сёння - 117 каментараў. Абсалютная большасць дзякуюць за ролік і за ўжыванне беларускай мову.
Нечаканы "хайп" адзначылі нават некаторыя ўкраінскія медыі.
Сам Дзмітрый - жыхар Брэсту. Сваё жаданне зняць ролік аб Украіне, ён патлумачыў нам няспыннымі страшылкамі пра яе ад кіраўніка дзяржавы.
— Мяне задзяўблі вечныя пужанні Ўкраінаю АГЛа. Да таго ж чытаў пра рэформу мясцовага самакіраваньня раней. Вельмі ўразіла! Таму зьявілася жаданне самому пабачыць, што ды як? Пажыць ў сям'і простага ўкраінца.
— А хто быў асноўнай аўдыторыяй роліка?
— 98% - украінцы! Посціў у кучы, мо 10 беларускіх суполках - 203 прагляды. А запосціў у Рівненскай суполцы  і опля - за пару дзён ужо 24 тысячы праглядаў! Я захацеў паказаць нашым людзям, што жыць можна па іншаму і ім хлусяць!