Беларуская асацыяцыя журналістаў патрабуе спыніць атаку на TUT.BY і іншыя медыярэсурсы

«Сённяшнія дзеянні ў дачыненні да найбуйнейшага і папулярнага ў краіне інфармацыйнага рэсурса з’яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўлад па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне», — гаворыцца ў заяве арганізацыі.

baj700_grey_1_4.png


Беларуская асацыяцыя журналістаў прыняла тэрміновую заяву ў сувязі з сітуацыяй вакол інтэрнэт-партала TUT.BY.

Раніцай 18 траўня Дэпартамент фінансавых расследаванняў прыйшоў з ператрусамі ў рэдакцыю, да журналістаў і рэдактараў найбольш папулярнага беларускага інтэрнэт-партала TUT.BY. Амаль адначасова TUT.BY быў заблакаваны Міністэрствам інфармацыі. Ператрусы адбываюцца таксама ў рэдакцыях структурных падраздзяленняў TUT.BY — AV.BY, RABOTA.BY.

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» лічыць гэтыя факты працягам наступу на свабоду слова. Спасылкі ўлад на эканамічныя парушэнні, якія нібыта сталі падставай для пераследу, ужо шмат гадоў актыўна выкарыстоўваюцца дзеля абгрунтавання рэпрэсіўных захадаў супраць праваабаронцаў, медыя, незалежных прафсаюзаў.

Гэта не першыя спробы ціску на найбуйнейшы і папулярны беларускі інфармацыйны партал. У жніўні 2018 года некалькі рэдактараў TUT.BY трапілі пад крымінальны пераслед па так званай «справе БелТА», на пачатку 2019 года галоўны рэдактар партала Марына Золатава была па гэтай справе асуджаная. Напрыканцы 2020 года партал TUT.BY пазбавілі статусу СМІ, неаднойчы на яго адрас з боку службовых асоб гучалі пагрозы заблакаваць дзейнасць.

Сённяшнія дзеянні ў дачыненні да найбуйнейшага і папулярнага ў краіне інфармацыйнага рэсурса з’яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўлад па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі заблакаваныя дзясяткі грамадска-палітычных сайтаў і сайтаў медыя, шэраг друкаваных выданняў вымушаныя былі спыніць выхад. На раніцу 18 траўня за кратамі ў Беларусі знаходзяцца 16 журналістаў і медыяспецыялістаў, 11 з іх — па крымінальных справах.

Тыдзень таму прадстаўнікі медыясектара падпісалі адкрыты супольны зварот «Спыніць паляванне на ведзьмаў!». Дзеянні супраць TUT.BY, AV.BY і RABOTA.BY паказваюць, што гэты заклік пакуль не пачуты.

Грамадскае аб'яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» патрабуе ад улад неадкладна спыніць атаку на TUT.BY, AV.BY, RABOTA.BY і рэпрэсіі супраць журналістаў і медыя ў Беларусі.