Беларус з Гдыні распавёў, чаму страляў у офісе Reuters

Беларусу выставілі абвінавачанне ў замаху на забойства. Але суд прыняў рашэнне вызваліць яго з-пад арышту., паведамляе "Радыё Свабода".

e19feb88_3d45_48eb_b33c_58e3a9149ef1_cx0_cy53_cw0_w1023_r1_s.jpg

Грамадзянін Беларусі Сцяпан Свідзерскі распаўсюдзіў заяву, у якой распавёў пра дэталі здарэння 14 лістапада ў сядзібе Thomson Reuters у Гдыні.

 Паводле Свідзерскага, ён ужо некалькі гадоў займаецца спартыўнай стральбой. З вясны 2017 году, калі атрымаў дазвол на зброю, пачаў браць яе з сабою на працу. Так было і ў той дзень, калі яго затрымала паліцыя.

 «Зброю я заўсёды прыносіў законна. Даўгаствольная зброя заўсёды была ў футарале, а кароткаствольная — у футарале ці кабуры, прычэпленай да цела. Хачу падкрэсліць, што я ніколі не даставаў зброю з футаралаў, каб „паказаць“ яе каляжанкам ці калегам», — піша Свідзерскі.

 Паводле яго, у дзень, калі здарыўся інцыдэнт, ён абыходзіўся са зброяй адпаведна правілам.

 «Каля 19 гадзіны я збіраўся выйсці з офіса ў адну з маленькіх крамаў, якія знаходзяцца побач з месцам маёй працы. Я дзейнічаў паводле правілаў і здаровага розуму, зброя ўвесь час была пры сабе. Інцыдэнт пачаўся тады, калі зброю, якая знаходзілася ў футарале, у той час, калі я апранаўся, узяла ў рукі іншая асоба».

 Беларус, які нібыта страляў у Гдыні, страціў працу. Паплечнікі-стралкі збіраюць яму грошы

 Свідзерскі падкрэслівае, што закон абавязвае яго сачыць за зброяй, і калі б ён яе згубіў, то мусіў бы адказваць за гэта перад законам.

 «Усе мае дзеянні, якія я прадпрыняў падчас гэтага здарэння, былі накіраваныя на тое, каб зброя не трапіла ў рукі асобы, якая ня мае права яе мець, і каб як мага больш бяспечна завяршыць гэтую крызісную сітуацыю», — піша беларус. 

Сядзіба фірмы, у якой працаваў Свідзерскі

Сядзіба фірмы, у якой працаваў Свідзерскі


​Паводле Свідзерскага, неаднаразовыя заўвагі выніку не далі.

 «У сувязі з тым, што гэты чалавек са зброяй аддаляўся ад мяне і быў блізка да дзвярэй на калідор, узнікла рызыка, што гэтая асоба знікне з майго поля зроку. Я быў вымушаны прадпрыняць крокі, каб вярнуць кантроль над зброяй».

 Свідзерскі піша, што ён першы папрасіў выклікаць паліцыю і спрабаваў гэта зрабіць самастойна, але яму гэта перашкодзілі зрабіць.

 «Эскалацыя сітуацыі, якая потым адбылася, прымусіла мяне зрабіць папераджальныя стрэлы. Я рашуча заяўляю, што ў мяне не было мэты некага параніць ці нанесці некаму шкоду. Стрэлы былі зробленыя мэтанакіравана ў такое месца і такім чынам, каб нікога не параніць, нават выпадкова».

 Грамадзянін Беларусі дадае, што ніколі б не страляў, калі б да гэтага яго не прымусіла сітуацыя.

 «Я заяўляю, што я невінаваты ў тым, у чым мяне абвінавачваюць. Мае паводзіны, мае крокі былі зробленыя з мэтаю абароны зброі, якую паводле законаў я павінен мець пры сабе. Я ні на каго не нападаў, не пагражаў, ад самага пачатку здарэння і да канца я прасіў выклікаць паліцыю, каб скончыць гэтае здарэнне».