«Баюся, сына зробяць пешкай». Маці прапаршчыка, абвінавачанага ў крадзяжы зброі, чакае суду

Ларысе Кульжык не дазваляюць спатканняў з сынам, адвакат не можа расказаць ёй пра падрабязнасці справы, піша «Радыё Свабода».

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота


Пра тое, што ў адной з вайсковых частак Баранавічаў адбываліся крадзяжы зброі і боепрыпасаў, недзяржаўныя СМІ паведамілі 6 жніўня. Пазней факт крадзяжу пацвердзілі ў Мінабароны і Следчым камітэце. 8 жніўня СК паведаміў, што па справе аб крадзяжы зброі ў Баранавічах затрыманыя 14 чалавек. Ініцыятарам узбуджэння крымінальнай справы стаў камандзір часці.

Таксама на пачатку жніўня стала вядома, што адзін з фігурантаў справы — 24-гадовы прапаршчык Дзмітры Кульжык, які, паводле папярэдняй інфармацыі, выносіў зброю з тэрыторыі часці. Родныя Дзмітрыя яго віну катэгарычна адмаўляюць. Маці Дзмітрыя Ларыса пра затрыманне сына даведалася толькі праз пяць дзён, калі да яе з ператрусам прыехала следчая група.

Як стала вядома "Свабодзе", следчыя дзеянні па справе аб крадзяжы зброі ў Баранавічах працягваюцца дагэтуль. Колькасць затрыманых па ёй асобаў павялічылася да 20 чалавек.

«Пра спатканне з сынам прасіла шмат разоў»

Маці прапаршчыка Дзмітрыя Кульжыка Ларыса пра ўсё гэта даведваецца са СМІ. За чатыры месяцы, што прайшлі з моманту затрымання сына, жанчына бачыла яго толькі аднойчы, калі ёй дазволілі перакінуцца з ім парай словаў у Баранавіцкім СІЗА.

«Мне не паведамляюць таго, як адбываецца расследаванне справы, — сказала Свабодзе Ларыса Кульжык. — Мяне як дапыталі на пачатку жніўня, так і ўсё. Не дазваляюць спатканняў з сынам, я не ведаю ніякіх падрабязнасцяў. Я неаднаразова прасіла ў следчага дазволіць сустрэчу. Шмат разоў размаўляла з ім, тлумачыла, што некалькі хвілін маёй сустрэчы з сынам нічога не зменяць. Але ён кажа — не, яшчэ не час. Калі будзе той час — незразумела».

Адзінае, што Ларыса Кульжык ведае: сын па-ранейшаму ўтрымліваецца ў СІЗА ў Баранавічах.

«Калачуся ад кожнага званка з незнаёмага нумару, раптам нешта новае, — кажа жанчына. — Адвакат у сына ёсць, дзяржаўны. Яго дапускаюць на допыты, можа размаўляць з Дзімам у прысутнасці следчага».

Па словах Ларысы Кульжык, больш за ўсё яе здзіўляе тое, што з 20 затрыманых па справе ў СМІ трапіла толькі імя яе сына. Хто іншыя затрыманыя, ці існуюць яны ўвогуле і якая іх роля ў справе аб крадзяжы зброі з баранавіцкай вайсковай часткі, жанчына можа толькі здагадвацца.

«Мы ж дарослыя людзі ўсе, цудоўна разумеем, што вынесці зброю з тэрыторыі часткі — гэта не семкі, — перакананая Ларыса Кульжык. — Прадаваць зброю — гэта ж, вы самі разумееце, немагчыма самастойна, аднаму. Мусіла кіраўніцтва пра гэта ведаць».

«Дзіма баяўся тэлефанаванняў»

Маці затрыманага прапаршчыка расказвае, што да арышту яе сына ў частцы змянілася кіраўніцтва, і перад гэтым павінна была быць праведзеная рэвізія складоў. У тым ліку зброі, за якую Дзмітрый павінен быў несці адказнасць.

«Ён баяўся, калаціўся ад тэлефанаванняў, — расказвае Ларыса Кульжык пра паводзіны сына незадоўга да затрымання. — Мы не часта бачыліся, але Дзіма прыязджаў час ад часу. Да маёй сястры ездзіў, там дзяўчаты яго ўзросту, яны камунікавалі. І адна з іх выпадкова размову падслухала. Сын чамусьці некага баяўся. Торгала яго пастаянна. Калі званілі, то выходзіў паразмаўляць у іншае памяшканне, каб ніхто не мог пачуць».

Маці прапаршчыка змагла пагаварыць з сынам пасля затрымання толькі некалькі хвілін. Яна кажа, што Дзмітры сказаў ёй: «Лепш так, чым граната пад нагамі». На думку Ларысы Кульжык, сын баяўся магчымай помсты, у тым ліку забойства.

«Там замешаныя іншыя людзі, а сын быў толькі як загадчык склада, — кажа Ларыса Кульжык. — Верагодна, яму нават не было куды звярнуцца, не было каму напісаць рапарт. Адвакат мне нічога не расказвае, у яго падпіска аб неразгалошванні. Мне толькі чакаць застаецца, калі расследаванне скончыцца. Я цяпер аднаго баюся, каб яго крайнім не зрабілі. Баюся, што ён толькі пешка ў гэтай гульні».

«Купіла сыну машыну, яна некуды знікла»

Да Ларысы даходзяць чуткі, быццам яе сын займаўся крадзяжамі зброі на працягу году. Пры гэтым яна не заўважала, каб Дзмітры меў нейкія незразумелыя крыніцы прыбыткаў. Кватэру, якую яму выдзелілі як вайскоўцу-кантрактніку, Ларысе прыйшлося абстаўляць на ўласныя грошы.

«Калі сын атрымаў кватэру, я ўзяла крэдыт, колькі было магчыма, — кажа Ларыса Кульжык. — Сваіх грошай дадала. Няшмат, бо заробак невялікі ў мяне. Але як далі гэтую кватэру, то трэба было нешта туды. І мэбля, і тэлевізар. Усё, што было ў той кватэры, я набывала за крэдытныя грошы. Я гэты крэдыт выплачваю дагэтуль».

Ларыса расказвае, што на ўласныя грошы таксама набыла сыну стары аўтамабіль, каб ён мог прыязджаць да яе з Баранавіч. Дзе цяпер тая машына, жанчына не ведае. Калі пасля затрымання сына Ларыса прыехала ў Баранавічы забраць рэчы з пустой кватэры, то аўтамабіля побач з домам не было. Зніклі і некаторыя рэчы з кватэры.

«Сын сціпла жыў, выключна на заробак вайскоўца, — кажа Ларыса. — У яго таксама быў свой крэдыт у банку. Нават у некалькіх. Я не паспела высветліць, на што ён браў грошы. Пайшла У яго таксама быў свой крэдыт у банку. Нават у некалькіх. Я не паспела высветліць, на што ён браў грошы. Пайшла потым перапісала ўсё на сябе, цяпер выплачваю».

На думку жанчыны, калі б сын меў грошы ад продажу выкрадзенай зброі, то не меў бы патрэбы ў банкаўскіх крэдытах.

Як паведамілі "Свабодзе" ў Следчым камітэце, расследаванне гэтай крымінальнай справы працягваецца. Усе абвінавачаныя даюць прызнальныя паказанні. Дата перадачы справы ў суд пакуль невядомая.

www.svaboda.org