БагатаДата: 26 студзеня — 1 лютага
Вы ведаеце, што Віленская беларуская гімназія адзначае сваё 100-годдзе? А пра тое, калі адзначаецца Дзень беларускай навукі? Прапануем вам цікавыя падзеі і даты наступнага тыдня.

26 студзеня
25 гадоў таму пайшоў з жыцця беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч Алесь Адамовіч. Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч называе яго сваім настаўнікам. Аўтар кніг «Вайна пад стрэхамі», «Сыны ідуць у бой», «Хатынская аповесць», «Карнікі», «Блакадная кніга», «Я з вогненнай вёскі», «Апошняя пастараль», сцэнара да фільма «Ідзі і глядзі».

Алесь Адамовіч.
Алесь Адамовіч быў вельмі актыўны ў грамадскім жыцці, спрыяў пашырэнню праўды пра Чарнобыль. Нашумелым стаў ягоны выраз пра Беларусь як «Вандэю перабудовы». Пад ціскам уладаў БССР Алесь Адамовіч з’ехаў у Маскву. Там працаваў дырэктарам НДІ кінамастацтва. Быў народным дэпутатам СССР.

Уладзімір Жбанаў. Фота minsknews.by
65 гадоў споўнілася б скульптару Уладзіміру Жбанаву. Яго вядомыя працы: «Дзяўчынка пад парасонам», «Прыкурвальшчык», «Незнаёмка» ў Міхайлаўскім скверы непадалёк ад чыгуначнага вакзала, «Фатограф» і «Пані з сабачкам» каля Камароўскага рынка, «Паштальён» каля кінатэатра «Кастрычнік», «Сям’я» каля ЦУМа, «Дойлід» на плошчы Незалежнасці.
25 гадоў таму з ініцыятывы кіраўніка антыкарупцыйнай камісіі Вярхоўнага Савета Аляксандра Лукашэнкі быў адкліканы з пасады спікера Станіслаў Шушкевіч. Пытанне на галасаванне ў парламенце было пастаўлена з такой фармулёўкай — «у сувязі з непрыняццем мер па барацьбе з карупцыяй, адсутнасцю кантролю за працай праваахоўных органаў і праяўленую асабістую нясціпласць». У гісторыі падзея засталася як «адстаўка за скрыню цвікоў». Нібыта Шушкевіч задарма скарыстаўся паслугамі гаспадарчай управы Саўміну для рамонту кватэры і лецішча, хаця ён іх аплаціў. Адставіць прапаноўвалася і прэм’ер-міністра Вячаслава Кебіча, але наменклатурная дэпутацкая большасць пакінула яго на пасадзе.
27 студзеня
Міжнародны дзень без інтэрнэту. У гэты дзень можна адпачыць ад глабальнага павуціння або проста задумацца пра залежнасць ад тых самых сацсетак і пра тое, колькі часу яны забіраюць.

Міжнародны дзень памяці ахвяраў Халакосту. Гэта дата абраная таму, што менавіта 27 студзеня 1945 года былі вызваленыя вязні самага вялікага фашысцкага канцэнтрацыйнага лагеру Асвенцым.
Дзень беларускай навукі. Адзначаецца ў апошнюю нядзелю студзеня.
100 гадоў таму ў Кіеўскай вобласці нарадзіўся Мікалай Альшэўскі, камандзір танка, экіпаж якога геройнічаў пры вызваленні Мінска ў ліпені 1944 года. Праз месяц Альшэўскі быў цяжка паранены і сканаў ад ранаў у Літве, дзе і пахаваны. Вуліца Альшэўскага ў Мінску названая менавіта ў яго гонар.
28 студзеня
100 гадоў таму нарадзіўся народны артыст Беларусі Павел Кармунін. Ён стварыў дзве сотні вобразаў на сцэне Купалаўскага тэатра, здымаўся ў фільмах «Рудабельская рэспубліка», «Доўгія вёрсты вайны», «Дзяржаўная мяжа».

Генадзь Грушавы
5 гадоў таму памёр Генадзь Грушавы, дэпутат Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 склікання, кіраўнік дабрачыннага фонду «Дзеці Чарнобыля».
29 студзеня
155 гадоў таму мяшчанкай Рохляй Фрумкінай быў заснаваны Мінскі броварны завод, які з 1994 года называецца «Аліварыя». За сваю гісторыю бровар меў некалькі назваў (завод Лекерта, «Беларусь», «Багемія») і ўладальнікаў (сярод іх і гарадскі галава граф Чапскі). Цяпер піўзавод знаходзіцца ў тым самым будынку, дзе і распачаў працу.

Завод "Аліварыя" ў Мінску
135 гадоў з дня нараджэння беларускага грамадска-палітычнага дзеяча Антона Луцкевіча. Пры яго ўдзеле з’явілася першая легальная беларускамоўная газета «Наша Доля», а потым і «Наша Ніва». Менавіта Антон Луцкевіч напісаў праект Трэцяй Устаўной граматы, якой абвяшчалася незалежная Беларуская Народная Рэспубліка. Затым быў міністрам замежных справаў і прэм’ер-міністрам БНР.
30 студзеня
285 гадоў таму адбылася Віленская бітва. Гэта быў адзін з эпізодаў «вайны за польскую спадчыну» 1733–1735 гадоў. Пасля смерці ў 1733 годзе караля польскага і вялікага князя літоўскага Аўгуста ІІ пачаліся бескаралёўе і барацьба за ўладу паміж магнацкімі групоўкамі. Хутка гэта перарасло ў міжнародны канфлікт. Францыя стаяла за былым каралём Станіславам Ляшчынскім, а Расія ды Аўстрыя — за Аўгустам ІІІ. Шляхта абрала Ляшчынскага, але расійскія войскі хутка дапамаглі стаць на чале Рэчы Паспалітай Аўгусту ІІІ. У выніку Ляшчынскі мусіў уцячы да свайго зяця, французскага караля Людовіка XV.
31 студзеня
35 гадоў спаўняецца хакеісту Міхаілу Грабоўскаму. Адзін з нешматлікіх беларусаў, хто гуляў у НХЛ. Прызнаваўся найлепшым хакеістам нашай краіны ў 2009, 2011 і 2013 гадах.

Анатоль Грыцкевіч
90 гадоў з дня нараджэння доктара гістарычных навук Анатоля Грыцкевіча. Быў дырэктарам НДІ Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, прэзідэнтам Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».
1 лютага
100 гадоў таму пачаліся рэгулярныя заняткі ў Віленскай беларускай гімназіі. Вядомыя яе настаўнікі і вучні: Барыс Кіт, Рыгор Шырма, Браніслаў Тарашкевіч, Антон і Іван Луцкевічы, Наталля Арсеннева, Міхал Вітушка, Максім Танк, многія іншыя дзеячы і творцы.