Аўтуховіч падаў ад слабасці і прасіў выклікаць хуткую. Суддзя: «Вам проста трэба паесці»
Мікалай Аўтуховіч настолькі знясілеў, што прасіў медыцынскай дапамогі проста на пасяджэнні. За гэта яго выдалілі з клеткі і спынілі працэс.
Пра знясіленасць Аўтуховіча, які 16-ы дзень працягвае
галадоўку, напісала яго дачка.
«Сёння турэмны доктар зноў заявіў, што стан бацькі дазваляе
яму ўдзельнічаць у судовых пасяджэннях. Адвакат у чарговы раз заявіла
хадайніцтва на агляд бацькі вонкавымі лекарамі, якое, натуральна, было
адхіленае. Аналіз крыві, які бралі ў мінулы чацвер, 21 ліпеня, нібыта яшчэ не
гатовы.
Тата (пакуль яго вялі на суд) упаў ад слабасці і стукнуўся
аб кайданкі», — напісала дачка Аўтуховіча.
Па інфармацыі «Н*шай Нівы», на пасяджэнні 26 ліпеня Мікалай
прасіў урача. Ён хацеў, каб выклікалі хуткую дапамогу, але суддзя Максім
Філатаў адмовіў, сказаўшы, што Аўтуховічу «проста трэба паесці».
Пасля Мікалая Аўтуховіча выдалілі з пасяджэння і амаль
адразу перанеслі працяг працэсу.
Заўтра ў судзе будзе перапынак, ён працягнецца ў чацвер.
«Групу Аўтуховіча», у якой 12 чалавек, судзяць па
«тэрарыстычных» артыкулах Крымінальнага кодэкса. За кратамі яны знаходзяцца з
канца 2020 года.
Аўтуховіч 11 ліпеня абвясціў «сухую галадоўку». Ён патрабуе, каб яму пачалі перадаваць лісты ад сваякоў і іншых людзей. Нядаўна абарвалася ліставанне нават са старой маці.
Аўтуховіч — беларускі рэкардсмен у турэмным галадаванні. У
2009 годзе ён галадаваў 90 дзён, у 2005-2006 — 74 дні. Пры гэтым ён піў ваду. У
2013 годзе ён на знак пратэсту парэзаў сабе жывот у турме.
Мікалаю Аўтуховічу 59 гадоў, ён ветэран вайны ў Афганістане,
ваўкавыскі прадпрымальнік і грамадскі актывіст. Гэта трэцяе яго зняволенне. За
кратамі ён больш як паўтара года. Усяго па «справе Аўтуховіча» судзяць 12
чалавек.
Блізкія просяць дасылаць Мікалаю негазаваную ваду, сокі, мёд
у пластыкавых пакунках, каб ён у любы момант мог пачаць выхад з галадоўкі.
Падтрымаць Мікалая Аўтуховіча, дасылаць яму лісты і
бандэролькі можна на адрас: Турма №1, 230023, Гродна, Кірава, 1, Аўтуховічу
Мікалаю Мікалаевічу.