Амапаўцы «дрэнна памятаюць падзеі». Як праходзіць суд над палітвязнямі Мачалавым і Грышчанкам
У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 23 снежня працягваўся разгляда крымінальнай справы палітвязняў Станіслава Мачалава і Дзмітрыя Грышчанкі. Іх абвінавачваюць ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле у іх (ч.1 арт 342 КК), а Мачалава дадаткова яшчэ і ў гвалце альбо пагрозе ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК РБ).
Справу разглядае суддзя Віктар Казачок, дзяржабвінаваўца — пракурор Алейнікава, нагадвае «Вясна».
Справу ўзбудзілі па падзеях 20 верасня, калі ў Гомелі
праходзіла акцыя пратэсту. Удзельнікі акцыі, ратуючыся ад амапаўцаў, перабеглі
праз праезную частку вуліцы Савецкай. Следства кваліфікавала гэта як «блакаванне дарогі».
Да затрымання Грышчанка і Мачалаў не былі знаёмыя адзін з
адным, аднак у працэсе следства іх зрабілі саўдзельнікамі, якія нібыта
дзейнічалі ў складзе групы.
Станіслаў Мачалаў (паводле абвінавачвання) 20 верасня 2020 года прыняў актыўны ўдзел
у арганізаваных Дзмітрыем Грышчанкам і іншымі асобамі дзеяннях па парушэнні
грамадскага парадку, руху гарадскога транспарту, працы грамадскіх арганізацый,
якія знаходзяцца па вуліцы Савецкай. Пасля прарыву ачаплення супрацоўнікаў АУС
Мачалаў у групе з Грышчанкам і іншымі асобамі выйшлі на праезную частку на забараняльнае
святло святлафора, наўмысна парушаючы грамадскі парадак, загадзя адказваючы за
свае дзеянні ў парушэнні правілаў ПДР, што прывяло да парушэння працы
транспарту і іншых грамадскіх арганізацый. Яны ж, дзейнічаючы ў групе людзей у перыяд часу з 12.30
да 17.30, дзейнічаючы наўмысна па матывах палітычнай варожасці, не жадаючы
пакідаць месца незарэгістраванага масавага мерапрыемства, адчуваючы
азлобленасць у дачыненні да супрацоўнікаў АУС, ужылі пагрозу гвалту і гвалт над
супрацоўнікамі АУС пры наступных абставінах.
Знаходзячыся на участку вуліцы Савецкай падчас прарыву
ачаплення, Мачалаў сумесна групай асоб станавіўся ў счэпку і здзяйсняў
пагрозлівыя руху ў бок Іванова, пасля гэтага здзейсніў гвалтоўныя дзеянні над
супрацоўнікам АУС Івановым [прозвішча схаванае], шляхам ціску сваім целам і
ўтрымання рукамі,. Гэтак жа здзейсніў пагрозу гвалту ў дачыненні да Ларына
[прозвішча схаванае], шляхам дэманстрацыі намеру напасці на супрацоўніка АУС
падчас выканання ім службовых абавязкаў, здзяйсняючы пагрозлівыя ўдары рукамі і
нагамі ў бок Ларына.
Дзмітрый Грышчанка засведчыў, што людзі прыйшлі на мірнае
шэсце, каб выказаць сваю грамадзянскую, грамадска-палітычную пазіцыю мірным
шляхам, былі натхнёныя і вясёлыя, настроены рашуча, але мірна. Падчас шэсця не
перашкаджалі працы транспарту, крамам і іншым грамадскім арганізацыям.
Ні Станіслаў Мачалаў, ні Дзмітрый Грышчанка сваёй віны ў
судзе не прызналі.
Сёння у судзе працягнуўся допыт сведак па справе.
Сведкі абвінавачвання — супрацоўнікі АМАП, таксама давалі
паказанні суду пад прыдуманымі імёнамі. 20 верасня мінулага года яны
знаходзіліся ў цэнтры горада ў складзе мабільнай групы.
— Мы перакрылі шлях натоўпу пратэстоўцаў. Людзі пачалі
праяўляць агрэсію, падыходзілі бліжэй і бліжэй. Наперадзе стаялі жанчыны, за
імі — мужчыны, якія паводзілі сябе асабліва агрэсіўна, — заявіў адзін са
сведак-міліцыянтаў, успамінаючы пра падзеі 20 верасня. — Жанчыны сталі
прарываць загараджальны ланцуг супрацоўнікаў. Ззаду іх падштурхоўвалі
радыкальна настроеныя мужчыны.
— Нехта вылучаўся з натоўпу? — удакладніла пракурор.
— Вось гэтыя два чалавекі! — сведка паказаў на Дзмітрыя і
Станіслава.
— Я быў тады ў масцы або без? — запытаўся ў сведкі Дзмітрый.
— Не памятаю, — адказаў сьведка.
Дзмітрый і Станіслаў не пагадзіліся з паказаннямі сведкі.
— Вашы паказанні абсалютна разыходзяцца з тым, што было ў
рэчаіснасці, — адрэагаваў на заяву сведкі Дзмітрый Грышчанка. — На відэазапісе
нічога падобнага не зафіксавана!
Пры праглядзе відэафайлаў, далучаных да справы, Станіслаў і
Дзмітрый звярнулі ўвагу суду, што ў момант знаходжання удзельнікаў маршу на
праезнай частцы вуліцы Савецкай на святлафоры гарыць зялёнае святло.
«Аб якім перакрыцці дарогі ідзе гаворка?» — адзначылі
абвінавачаныя.
Другі сведка-амапавец першапачаткова заявіў суду, што дрэнна
памятае падзеі больш чым гадавой даўнасці. Калі суддзя прапанаваў яму ўсё ж
такі паспрабаваць успомніць, міліцыянт распавёў, што ўдзельнікі маршу «штурхалі супрацоўнікаў, збівалі іх з ног. Яны планава будаваліся ў
счэпкі. Крычалі: «Карнікі!» Заклікалі не падпарадкоўвацца міліцыі і ісці наперад».
Сведка заявіў, што Дзмітрый відавочна кіраваў гэтым
ланцугом.
У матэрыялах справы таксама фігуравалі каментары, якія пісаў
Зміцер у тэлеграм-чаце «Вольнае панства». Экспертыза, якая
праводзілася дастаткова доўга, не знайшла ў гэтых каментарах ні прыкмет
экстрэмізму, ні заклікаў да незаконных дзеянняў, ні ўзбуджэння нянавісці да
каго-небудзь.
30 снежня ў судовым пасяджэнні плануюцца спрэчкі бакоў.
Прысуд можа быць вынесены 3 студзеня будучага года.