Алег Гулак: Нашай выбарчай сістэме патрэбныя санітары

Кампанія назірання праваабаронцаў заўсёды адзначалася «празаходнім» падыходам да канстатацыі вынікаў выбараў. То бок, трэба не казаць пра «поўны негатыў» кампаніі, але і знайсці хоць якія станоўчыя моманты.



img_9329_logo.jpg

Прэзідэнцкія выбары 2015 года для ўдзельнікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» не сталі выключэннем. І тое, што было добрае, таксама было адзначана. Але, на вялікі жаль, гэтае добрае не паўплывала на вынікі кампаніі.

 

Прэзентуючы папярэднюю справаздачу па назіранні за выбарчым працэсам, адзін з каардынатараў кампаніі праваабарончага назірання Валянцін Стэфановіч адзначыў, што кампанія пачыналася ў цалкам неспрыяльнай сітуацыі. Найперш, у месцах зняволення заставаліся палітвязні, сістэматычна пераследаваліся незалежныя журналісты, і гэтак далей. Вызваленне ж палітвязняў у жніўні, крыху сцішаныя рэпрэсіі для прадстаўнікоў СМІ і адносная «вольніца» ў правядзенні масавых акцый, у тым ліку і несанкцыянаваных, — гэта тое, што было адзначана, як станоўчае.

 

А старшыня «Беларускага Хельсінкскага камітэта» Алег Гулак назваў «безумоўна станоўчым момантам» тое, што ў адрозненне ад сітуацыі 2010-га года «мы зараз сядзім тут, а не ў іншым месцы — гэта самы пазітыўны момант».

 

Аднак усё гэта не паўплывала на вынікі выбараў. Таму што нашая выбарчая сістэма хранічна хворая, і лячыцца не жадае.

img_9323_logo.jpg

Як і раней, было адзначана мізэрная колькасць прадстаўнікоў апазіцыйных партый у камісіях розных узроўняў. Агульная колькасць апазіцыянераў у тэрытарыяльных выбарчых камісіях склала 0,5%, а ва ўчастковых камісіях — 0,046%. Між тым, гэта ў пяць разоў (!) менш, чым на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах.

 

Так, у гэтай кампаніі ўлады не чынілі перашкодаў у зборы подпісаў і правядзенні агітацыйных пікетаў за кандыдатаў у прэзідэнты. Аднак кампанія праводзілася па новых правілах — кандыдаты павінны былі агітаваць за сябе за кошт грошай, сабраных імі самімі ў перадвыбарчыя фонды. Што, зразумела, істотна абмежавала колькасць агітацыйных матэрыялаў. Фактычна, мы не бачылі агітацыі за кандыдатаў у дэпутаты, апроч той, якую рабіў сам Цэнтарвыбаркам.

 

Беспрэцэдэнтна-невытлумачальная для назіральнікаў і практыка датэрміновага галасавання. Зразумела, што для «загону» насельніцтва на выбарчыя ўчасткі актыўна скарыстоўваўся «адміністрацыйны рэсурс». «Увогуле, якая справа кіраўніцтву навучальных установаў альбо прадпрыемстваў, прагаласавалі іх супрацоўнікі на выбарах, альбо не?», — здзіўляецца Валянцін Стэфановіч. Адзначаючы, што датэрміновае галасаванне выклікае найбольшы недавер, ён таксама і паведаміў, што арганізатарамі выбараў не было прынята ніводнага рашэння, каб палепшыць гэтую працэдуру. Напрыклад, калі ў памяшканні застаецца скрыня для галасавання, то чаму б не паставіць там і вэб-камеру, якая б ў анлайне транслявала пустое памяшканне?

 

Ну і, канешне, па-ранейшаму выклікае вялікія пытанні працэдура падліку галасоў. Старшыня «Беларускага Хельсінкскага камітэта» Алег Гулак адзначыў, што амаль усе назіральніцкія арганізацыі патрабавалі ці высоўвалі прапановы па празрыстым падліку галасоў. «Праваабаронцы за свабодныя выбары» прапанавалі ЦВК прыняць такую пастанову яшчэ напачатку кампаніі. ЦВК адказаў, што гэта не ў іх кампетэнцыі, а ў кампетэнцыі участковых камісіях. Што дзіўна, таму што ЦВК ажыццяўляе як агульнае, так і метадычнае кіраўніцтва ўсімі камісіямі.

 

Таму, па словах Гулака, больш за 50 доўгатэрміновых назіральнікаў за хадою кампаніі, і больш за 300 кароткатэрміновых назіральнікаў «не зафіксавалі ніводнага выпадку празрыстага падліку галасоў».

 

«Мы вымушаныя паўтарыць: пры такой працэдуры падліку галасоў давяраць вынікам выбараў падставаў няма», — канстатаваў Гулак.

 

То бок, беларуская выбарчая сістэма хворая на старыя балячкі. А таму назіральнікі робяць выснову, што «выбарчы працэс не адпавядаў шэрагу ключавых міжнародных стандартаў правядзення дэмакратычных і свабодных выбараў». І дадаюць, што ў шэрагу выпадкаў было парушанае і нацыянальнае беларускае заканадаўства.

 

«Прынцыповыя рэчы проста не змяняюцца. Нашыя ўлады проста не ўмеюць праводзіць выбары па-іншаму. За апошнія 15 год нікога ніколі не тое што не прыцягнулі да адказнасці, не было нават дадзена прынцыповай адзнакі да тых асобаў, якія так праводзілі выбары», — лічыць Гулак.  І дадаў, што нашая выбарчая сістэма мае патрэбу ў санітарах, як у лесе, дзе такія «санітары» знішчаюць хворых і непрыдатных жывёлаў.

 

Але галоўная выснова ўсё ж у тым, што ў правядзенні беларускіх выбараў нічога не змянілася. Зусім нічога. І таму наўрад ці міжнародная супольнасць мае права ставіцца да гэтых выбараў неяк інакш, чым да папярэдніх.