Аляксандр Ярашук: МАП — гэта праклён беларускага рэжыму

Міжнародная арганізацыя працы (МАП) у чэрвені ў шосты раз ўнесла Беларусь у свой «чорны спіс» — спецпараграф за парушэнне правоў працоўных і прафсаюзаў. Вырашана таксама накіраваць у верасні кантактную місію ў краіну, каб вывучыць сітуацыю і паспрабаваць высветліць, ці маюць намер беларускія ўлады выконваць яе 12 Рэкамендацый.



jarashuk.jpg

Фактычна іх можна лічыць часткай Еўрапейскага дыялогу для мадэрнізацыі Беларусі, якая тычыцца рэфармавання прафсаюзнай сферы. Пра тое, як улады адгукаюцца на замежныя прапановы, пра адносіны афіцыйнага Мінска з МАП «СН-плюс» распавёў старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.

— Нашыя чыноўнікі паспрабуюць пераканаць членаў кантактнай місіі, што праблем з прафсаюзамі не існуе ...

— Было б няправільна разглядаць гэтую сітуацыю ў адрыве ад агульнапалітычнай. У краіне выбудаваная жорсткая аўтарытарная з элементамі таталітарызму сістэма, дзе няма месца іншадумства, у тым ліку — прафсаюзнаму плюралізму. Таму беларускі рэжым лічыць для сябе самагубчым выкананне Рэкамендацый МАП, асабліва самай галоўнай — скасаванню дазвольнага прынцыпу стварэння і дзейнасці прафсаюзаў, вяртання рабочым канстытуцыйнага права ствараць любыя прафсаюзы і ўваходзіць у іх. Мяркую, і на гэты раз будзе ажыццяўляцца спроба прадаць місіі МАП нейкія касметычныя рашэнні.

— Колькі наогул рэкамендацый выканалі ўлады за тыя гады, што МАП разглядае беларускую справу?

— Напрыклад, аднавілі БКДП у сацыяльным дыялогу на нацыянальным узроўні. (Праўда, у апошні час мой удзел у рабоце Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях зноў блакуецца). БКДП стаў бокам падпісання Генеральнага пагаднення паміж урадам, аб'яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў.

Скасаваная Рэспубліканская рэгістрацыйная камісія, куды ўваходзілі супрацоўнікі судоў, пракуратуры, органаў юстыцыі, КДБ; яна вырашала - каго рэгістраваць, а каго не. Але святое месца пустым не бывае: ролю рэгістрацыйнага фільтра ўзяло на сябе міністэрства юстыцыі.

У весніку Міністэрства працы і сацыяльнай абароны «Ахова працы», а пасля ў газеце «Рэспубліка» апублікаваныя Рэкамендацыі Камісіі па расследаванні МАП.

Адноўленыя на працы некалькі незаконна звольненых нашых таварышаў.

Увогуле, тры з паловай з дванаццаці рэкамендацый улады выканалі; астатнія засталіся на паперы.

— Пасля чэрвеньскай канферэнцыі працы сітуацыя з прафсаюзамі змянілася?

— Яна мела толькі адну тэндэнцыю — пагаршацца. Краіна знаходзіцца ў складанай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі, пра што сведчыць абвастрэнне адносін на шэрагу прадпрыемстваў паміж адміністрацыямі і працоўнымі з нагоды заробкаў. Гэтыя праблемы набываюць хранічны характар, часта выяўляецца, што запазычанасць па заробках складае ад некалькіх месяцаў да года.

У гэтых умовах рэжым расцэньвае існаванне незалежных прафсаюзаў як фактар падвышанай рызыкі. Верагодна, ён мае на тое падставы: апошнія даследаванні НІСЭПД зафіксавалі рост рэйтынгу незалежных прафсаюзаў — сёння нам давяраюць каля 40 працэнтаў грамадзян краіны. Таму і сур'ёзны ціск.

На РУП «Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў», ААТ «Мазырскі НПЗ», іншых прадпрыемствах рабочых прымушаюць да выхаду з незалежных прафсаюзаў пад пагрозай непрацягнення кантрактаў.

— Гэта значыць варта казаць не пра пашырэнне ўплыву незалежных прафсаюзаў, а пра банальнае выжыванне?

— Мы заўсёды думаем пра развіццё, але дазвольны прынцып дзейнасці прафсаюзаў, уведзены дэкрэтам прэзідэнта № 2 яшчэ ў 1999 годзе, загнаў нас у своеасаблівае гета: пастаянна ствараем новыя арганізацыі, але легітымізаваць іх не можам.

Прыклад РУВП «Граніт», дзе рабочыя масава выйшлі з дзяржаўнага і стварылі незалежны прафсаюз паказаў, у якім катастрафічным становішчы яны знаходзяцца. Рэжым жорстка расправіўся з працоўнымі, якія, вобразна кажучы, сярод белага дня здзейснілі ўцёкі на волю з турмы дзяржаўных прафсаюзаў, якой адведзена роля турэмшчыка працоўных. Усіх без выключэння лідэраў арганізацыі звольнілі.

— Наіўна прагучыць пытанне: ці магчымы дыялог незалежных прафсаюзаў з урадам? Інакш кажучы — ці рэальныя прапановы па прафсаюзнай лініі дэмакратызацыйнага дыялогу?

— Пытанне ў роўнай ступені і наіўнае, і сур'ёзнае. БКДП усе гэтыя гады імкнуўся спалучаць у сваёй дзейнасці прынцыповасць у адстойванні правоў сваіх сяброў і ўсіх працоўных краіны з гнуткасцю і канструктывізмам пры наладжванні дыялогу з урадам. Пры гэтым выкарыстоўваліся механізмы міжнароднага ціску, уключаючы тую ж МАП.

Хоць мы і не былі настолькі наіўнымі, каб разлічваць, што рэжым мае сур'ёзны намер аднаўляць правы прафсаюзаў, але лічылі неабходным выкарыстоўваць любую спробу для наладжвання дыялогу. Паколькі ніхто не ведае, што стане спускавым кручком, які запусціць механізм разбурэння існай палітычнай сістэмы. Пры ўяўнай непахіснасці ўлады перамены часцяком адбываюцца тады, калі гэтага менш за ўсё чакаюць.

— Адміністрацыйная рада МАП бліжэйшай восенню падыме беларускае пытанне або адкладзе да Міжнароднай канферэнцыі працы?

— МАП — гэта праклён беларускага рэжыму. Менавіта грунтуючыся на заключэннях МАП, ЕС у 2007 годзе пазбавіў Беларусь гандлёвых прэферэнцый. Калі з Еўрапейскім Саюзам перыядычна адбываюцца невытлумачальныя ўспышкі сяброўства і наладжвання дыялогу, Мінску час ад часу ўдаецца «наставіць акуляры» Брусэлю, то з МАП ніводны з гэтых нумароў не прайшоў. І не пройдзе.

Логіка дзеянняў Міжнароднай арганізацыі працы зводзіцца да таго, каб наглядна даць зразумець беларускаму рэжыму: ні пры якіх абставінах яна не заплюшчыць вочы на беларускія праблемы.

— На падставе ўзаемаадносін Мінска і МАП можна зрабіць выснову, што беларускія ўлады разумеюць толькі мову сілы?

— Перафразуючы Льва Талстога, я б сказаў: усякая дэмакратыя адзіная і непаўторная, усе дыктатуры падобныя адна да другой. І ў гэтым плане Мінск не арыгінальны, хоць і спрабуе падкрэсліць сваю выключнасць. Любая дыктатура ўспрымае дэмакратыю як слабасць, а яе носьбітаў — слабакамі. Не трэба мець ілюзій: беларускі рэжым ніякіх іншых аргументаў, акрамя аргументаў сілы, не прызнае.

Але падкрэслю — сказанае зусім не азначае, што эканамічныя санкцыі з'яўляюцца універсальным сродкам для лячэння палітычных рэжымаў ад аўтарытарызму. Наогул лічу пазбаўленым сэнсу пытанне — што лепш: пуга ці пернік, санкцыі ці дыялог. У адных выпадках працуе адно, у іншых — іншае. Бясспрэчна адно — любому недэмакратычнаму рэжыму трэба даць ясна зразумець — яго «штукарствы» з правамі працоўных і прафсаюзаў, а ў шырокім сэнсе, з правамі чалавека, — не пройдуць дарма і не застануцца беспакаранымі. У гэтым і заключаецца наша сумесная з МАП стратэгія.

«Свободные новости плюс»