Алег Корбан: Такія нашы дзеянні санкцыянаваны нашым сумленнем
Чарговы штраф — 20 базавых, альбо 840 рублёў — за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Такое рашэнне 26 снежня вынес раённы суд у Маладзечне ў дачыненні лідара грамадскага аб’яднання «Альтэрнатыва» Алега Корбана.
«Мы маем маральнае права выходзіць на падобныя акцыі. Гэта як акцыя памяці, можна лічыць так. І такія нашы дзеянні санкцыянаваны нашым сумленнем, таму я не лічу сябе вінаватым у парушэнні артыкула 23.34 КоАП РБ», — каментуе Алег Корбан.
Акцыю супраць прымусовай працы дзяцей актывісты правялі 2 снежня ў сувязі са смерцю школьніцы на калгасным полі ў верасні гэтага года. Перад судом мусіў стаць і слынны праваабаронца Валеры Шчукін, які ўдзел у згаданай акцыі не браў. Але менавіта як Шчукіна праваахоўнікі ідэнтыфікавалі як аднаго з яе ўдзельнікаў усяго толькі на падставе наяўнасці ў пратэстоўца барады.
«Суд увогуле не павінен быў брацца за гэтую справу. Там не было аніводнага сведкі. Вы бачылі, выступалі Бажэлка ды Ахметаў, старэйшы лейтэнант і капітан, якія нічога не бачылі і нічога не ведаюць», — кажа Валерый Шчукін.
З прычыны недаказанасці справу супраць Валерыя Шчукіна ўсё ж спынілі. Тым часам група падтрымкі праваабаронцы ў інтэрнэце не прабачыла звышпільным міліцыянтам здзеку з 74-гадовага пенсіянера і на знак салідарнасці з ім стварылі дзясяткі фотамантажоў.