Адзін з удзельнікаў маршу студэнтаў аштрафаваны на 4,5 млн. рублёў
Адзін з удзельнікаў маршу студэнтаў Павел Сяргей аштрафаваны на 25 базавых велічынь (4,5 млн. рублёў). Такое рашэнне вынес 23 снежня суд Маскоўскага раёна Мінска.
Павел Сяргей. Фота Радыё Свабода http://spring96.org/be/news/81710
У дачыненні да Паўла Сяргея склалі пратакол на падставе часткі 1 артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), паведамляе праваабарончы сайт spring96.org. Слуханне справы пачалося 22 снежня ў другой палове дня. Суддзя Таццяна Матыль не дазволіла выступіць адвакату, які прасіў далучыць да справы дадатковыя матэрыялы, бо палічыла іх неістотнымі.
Павел Сяргей не прызнаў сябе вінаватым. Ён і яго адвакат заявілі, што пратакол быў складзены завочна, і звярнулі ўвагу на парушэнне парадку выкліку ў суд. Аднак суддзя пастанавіла прызнаць Сяргея вінаватым.
Марш студэнтаў, арганізаваны рухам "Студэнты супраць", прайшоў у Мінску 2 снежня. Яго ўдзельнікі патрабавалі ад кіраўніцтва БДУ адмены платных пераздач і адпрацовак, спынення націску на грамадска актыўных студэнтаў, роспуску Асамблеі БДУ і стварэння новага органа студэнцкага самакіравання. Ужо падчас акцыі супрацоўнікі міліцыі сталі складаць пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні.
14 снежня міністр адукацыі Беларусі Міхаіл Жураўкоў выказаў меркаванне, што з удзельнікамі студэнцкіх акцый пратэсту, "магчыма, трэба быць больш агрэсіўнымі". "Гэты рух незразумелы, які нібыта завецца "Студэнты супраць"… Але там студэнтаў фактычна няма", — заявіў Жураўкоў.