Aдбылося чарговае паседжанне Грамадскага Трыбуналу над сталінізмам (фота)

На гэты раз удзельнікі Трыбунала, што прайшоў на Сядзібе БНФ, разглядалі справу №3 "Калектывізацыя — боль, тэрор, страх і смерць".



Абвінаваўцамі выступілі  дзеці рэпрэсаваных калгаснікаў  Зінаіда Тарасевіч і Станіслаў Лісоўскі. Яны распавялі свае ўспаміны і жудасныя факты біяграфіі сваіх рэпрэсаваных сем'яў.  Прыводзім вытрымкі з успамінаў Зінаіды Тарасевіч: ”Трагедыя прыйшла ў ноч з 3 на 4 сакавіка 1930 г. Вечарам, можа ноччу, як усе палеглі спаць, раптам забрахалі сабакі, пачуўся крык “открывай”. Увайшло чалавек 20 ці больш. Адзін з іх, самы старшы, па нацыянальнасці яўрэй, астатнія - камсамольцы з навакольных вёсак. Яўрэй кінуўся да бабулі з паперамі: “Подписывайся, что добровольно едешь на высылку!”. Бабуля лямантуе: “Куды вы мяне забіраеце з малымі дзецьмі? Пішыце мяне ў калгас”. — "Ты чуждый элемент в колхозе", — крычыць яўрэй і кідаецца да бабулі. Бабуля гэтых слоў не зразумела: не ведала, што азначаюць словы “элемент” і “чуждый”, таму і паглядзела недаўменна на камуністычнага функцыянера. У адказ атрымала непрыстойную лаянку і загад: “Подписывайся, с..ка!”
Бабуля распісвацца не ўмела, але пад націскам, калі кідаліся ледзь не з нажом, паставіла крыжык на месцы подпісу і тым самым засведчыла, што добраахвотна едзе на смерць, — паставіла крыж на сабе і сваіх дзетках. Гэта і быў пачатак іх гібелі…..У жывых з роду маёй маці і роду майго бацькі цяпер застаецца толькі адзін чалавек. Я ўшанавала памяць аб маіх блізкіх — ахвярах бальшавіцкага генацыду на двух помніках. Я хачу, каб імёны маіх родных, старых і пажылых, юнакоў і падлеткаў, бязгрэшных дзяцей і немаўлятак, якія загінулі пакутніцкай смерцю, былі занесены ў Кнігу Памяці“.
Унук  аднаго з расстраляных беларускіх сялян, краязнаўца Станіслаў Лісоўскі распавёў  пра лес  свайго дзеда і падкрэсліў, што рэпрэсаваных падчас гвалтоўнай калектывізацыі беларусў больш за паўтара мільены, але ж помнікаў  і мемарыяльных  знакаў не больш за 40, і гэта ганьба для нашай дзяржавы, для нашага грамадства, якое не шануе памяць сваіх продкаў. Сам спадар Станіслаў яшчэ ў 1995 годзе на сродкі свае ды жыхароў вёскі Чарнагубава Капыльскага раёну Мінскай вобласці і мясцовага калгасу “Цімкавіцкі” ўсталяваў у гэтай вёсцы помнік 63 аднавяскоўцам, рэпрэсаваным за гады савецкай улады.  Лісоўскі  заклікаў грамадскасць займацца мемарыялізацыяй ахвяраў сталінізму.
Гісторык Ігар Кузняцоў прывеў лічбы рэпрэсій, мапы, назваў галоўных вінаватых у масавых рэпрэсіях пры калектывізацыі  ў Беларусі — гэта старшыня  СНК  Галадзед Н.М. і першы  сакратар  ЦК КП(б)Б Гей К.В. , якія 10 февраля 1930 г. падалі ў ЦК ВКП(б) дакладную запіску з прапановай  прызнаць  БССР республікай агульнай калектывізацыі,  адзначыўшы, што  ў 2/3 ўсіх раёнаў Беларусі ўзровень калектывізацыі перавысіў  86%.  Гэта выклікала пратэст сярод сялян, ніхто не хацеў ісці ў калгасы. Пачаліся рэпрэсіі —да  сеняшняга часу дакладна не вядома лічба нашых суайчыннікаў, якія ў 1932 -34 памерлі ад голаду, былі сасланыя ў Сібір і забітыя альбо закатаваныя.
Па выніках паседжання, удзельнікі Грамадскага Трыбуналу — гісторыкі, сваякі рэпрэсаваных, грамадскія актывісты — абвінавацілі Сталіна і яго памагатых  у злачынстве супраць чалавечнасці, у генацыдзе супраць беларускага сялянства.
Паводле інфармацыі Грамадскага Трыбуналу