АДБЯЛІЦЬ КІЛАБАЙТЫ
Прадстаўнікі электронных СМІ і блогеры ўзяліся наводзіць чысціню ў беларускай інтэрнэт-прасторы 27 студзеня афіцыйна стартавала кампанія ‘Чысты байнэт’ Яе ініцыятарамі выступілі ГА Беларуская асацыяцыя журналістаў 'Будзьма!’. Галоўнай ідэяй кампаніі ініцыятары бачаць “самарэгуляванне “інфармацыйнага Байнэту, а трыумвіратам, які ў ідэале павінен прыйсці да кампрамісу і гарманічнага суіснавання ў беларускім сеціве – “мілосны трохкутнік Журналісты – Блогеры – Чытачы. У якасці старту кампаніі ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры (IBB) адбыўся круглы стол з удзелам другіх і першых.
Прадстаўнікі электронных СМІ і блогеры ўзяліся наводзіць чысціню ў беларускай інтэрнэт-прасторы
27 студзеня афіцыйна стартавала кампанія ‘Чысты байнэт’ Яе ініцыятарамі выступілі ГА Беларуская асацыяцыя журналістаў'Будзьма!’. Галоўнай ідэяй кампаніі ініцыятары бачаць “самарэгуляванне “інфармацыйнага Байнэту, а трыумвіратам, які ў ідэале павінен прыйсці да кампрамісу і гарманічнага суіснавання ў беларускім сеціве – “мілосны трохкутнік Журналісты – Блогеры – Чытачы. У якасці старту кампаніі ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры (IBB) адбыўся круглы стол з удзелам другіх і першых.
Мэта акцыі – вырашыць шматлікія пытанні, якія нагрувасціліся ў прадстаўнікоў СМІ і блогасферы за ўвесь час (су)існавання ў інтэрнэце, а менавіта "заахвоціць прадстаўнікоў Байнету дамовіцца паміж сабою пра выкананне стандартаў «традыцыйнай» журналістыкі, адказнае стаўленне да працы з інфармацыяй (асабліва чужой), захаванне этычных норм, прынятых у прафесійным асяроддзі". Кампанія зойме час: ініцыятары просяць ва ўдзельнікаў паўгода.
Нават зацятыя прыхільнікі новай ініцыятывы адкрыта прызнавалі яе ўтапічнасць. Як і можна было чакаць, самыя злосныя “парушальнікі канвенцыі на круглы стол “Чысты байнэт не з’явіліся. Затое ўжо традыцыйна ў дыскусіі з незалежнымі мэдыя ўзялі ўдзел прадстаўнікі ўраду. Кіраўнік упраўленьня электронных СМІ Міністэрства інфармацыі РБ Генадзь Курбека, харызматычна пасміхаючыся, абвесціў:
“Мы прыслухаліся да закліку спадара Класкоўскага пакінуць веб-аратаяў у спакоі. Рэгістраваць электронныя СМІ пасля 8 лютага 2009 году ў абавязковым парадку ніхто не будзе.
Аўтар мае права
Як і было анансавана, выступалі юрысты і спецыялісты па медыя. Праўнік Сяргей Зікрацкі, якога каментавалі і дапаўнялі калегі, расказаў пра Закон РБ аб аўтарскім праве і сумежных правах. Закон быў прыняты ў 1996 годзе, калі ніхто і ўявіць сабе не мог, якую ролю набудуць інтэрнэт і электронныя СМІ ў самай блізкай будучыні. Таму дастасоўваць існыя законы да інтэрнэт-прасторы вельмі складана. Але гэта магчыма. "Меркаванне, што інтэрнэт не магчыма рэгуляваць законам – хібнае, – зазначыў выступоўца. Па яго словах, з кожным годам ступень усведамлення інтэрнэт-аўтарамі сваіх правоў павялічваецца. “Як вынік, цягам 2008 году толькі я меў 5-7 паспяховых судовых спраў, дзе аўтарам удалося абараніць свае правы на публікацыі ў інтэрнэце. Аўтары пачынаюць актыўна, а не пасіўна, як раней, рэагаваць на крадзеж сваёй інтэлектуальнай уласнасці, і гэта тэндэнцыя, паводле прагнозаў Зікрацкага, будзе толькі расці.
Правілы “добрага мавэтону
Журналіст Аляксандр Класкоўскі, які на круглым стале прадстаўляў БелаПАН, прааналізаваў механізмы парушэння аўтарскіх правоў у інтэрнэце. “Крадуць менавіта профі – дэклараваў ён, паставіўшы ў прыклад журналістам супольнасць блогераў, якая прасякнутая ўзаемапавагай і сумленна дбае пра аўтарскія правы як адно аднога, так і аб правах прафесійных СМІ. Класкоўскі ўмоўна падзяліў электронныя рэсурсы на “чэсныя і “нячэсныя – адны з якіх акуратна спасылаюцца на цытаваны тэкст, не спрабуючы выдаць запазычаную інфармацыю за ўласную, а іншыя (“Дык гэта ж інтэрнэт!) здзяйсняюць трывіяльны плагіят, часам нават спрабуючы замесці сляды хітрамудрымі спосабамі:
“Эпоха грубага крадзяжу мінула. Электронныя СМІ ператварыліся ў “вялікіх камбінатараў, якія ведаюць 400 адносна сумленных спосабаў адымання інфармацыі, – медыяэксперт проста сыпаў метафарамі.
Вынік такіх працэсаў у інтэрнэт-СМІ, як выявілася, не задавальняў многіх прысутных: замест унікальных і свежых навін карыстальнікаў байнэту чакае адна і тая ж інфармацыя, якая курсуе з рэсурса на рэсурс у фактычна нязменным выглядзе.
“Не копіпасці!
Медыяэксперт і мадэратар круглага стала Паўлюк Быкоўскі зрабіў экскурс у феномен існавання інфармацыі ў блогасферы (калі раптам нехта яшчэ не быў у курсе). Каардынатар моладзевага праекту Generation.by Юрась Сідун прапанаваў варыянты “унутрыкарпаратыўнага пагаднення супрацы СМІ і простых аўтараў у інтэрнэце. Заканадаўчыя акты не прымаюцца хутка і часам састараваюць яшчэ да прыняцця. Спроба сфармуляваць на грамадскіх пачатках нейкія “маральныя імператывы таксама не прыводзяць да станоўчага выніку. Так, украінская кампанія 2005 году 'Чысты інтэрнэт', якая часткова натхніла БАЖ, амаль не мела розгаласу ва Ўкраіне, атрымаўшы адно нешматлікія скептычныя водгукі. Аптымальным варыянтам, на думку Сідуна, з’яўляецца так званае “звычаёвае права. Яно ўжо працуе, сцвярджае ён. “Калі адзін рэсурс некарэктна спаслаўся на другі рэсурс, то хапае адной тэлефоннай размовы паміж рэдактарамі, каб вырашыць справу. Гэта – кропкавая тэрапія, але, маўляў, толькі такая і магчымая ў інтэрнэт-прасторы, якая няспынна і імкліва мяняецца.
Намеснік старшыні ГА БАЖ Андрэй Бастунец і гендырэктар УП “Надзейныя праграмы (TUT.BY) Юры Зісер ў сваіх выступах зрабілі акцэнт на тым, што аўтарскае права – толькі адзін з “папяровых законаў, які распаўсюджваецца на інтэрнэт. І дбаць пра датрыманне астатніх – таксама абавязак аўтараў і ўладальнікаў сайтаў – выдаўцоў, бізнэсоўцаў... Так, пакаяўся Зісер, у імя чысціні ўсенародна любімага “тутбаю на рэсурсе не так даўно была ўведзеная прэмадэрацыя.
Адвучыць зайца курыць
Удзельнікі круглага стала і не спрабавалі аспрэчыць, што ў многім акцыя “Чысты байнэт выглядае як распрацоўка карпаратыўнага пагаднення. Усё, што прагучала 27 студзеня, выклікала і, несумненна, яшчэ выкліча скептыцызм асноўных адрасатаў кампаніі – журналістаў, блогераў і, найперш, чытачоў – спажыўцоў інтэрнэт-кантэнту. Як ні спрабаваў каардынарар “Будзьма Севярын Квяткоўскі давесці, што тут, як і з ежай – спажывец аддасць перавагу “экалагічна чыстаму прадукту, усім было ясна: “брудны байнэт, як і фаст-фуд, рабіць прасцей і камерцыйна мэтазгодней. Так, праз паўтары гадзіны пасля заканчэння круглага стала “Чысты байнэт у сеціве з’явіўся разгромны агляд кампаніі, які базаваўся ўсяго толькі на яе анонсе.
Таму нядзіўна, што асноўнай рэччу, да якой апелявалі выступоўцы, было прафесійнае і чалавечае сумленне журналістаў. “Запытайцеся найперш сябе: а ці не краду я? – эпатаваў прысутных праўнік Сяргей Зікрацкі, – калі вы дзейнічаеце ў згодзе з уласным сумленнем, то і з законам праблем не будзе. На дадзеным этапе закон мае шмат дзірак, і, як яго не карэктуй, ён будзе іх мець. Менавіта таму словам дня было “самарэгуляванне. Падкрэслівалася, што правілы і нормы, якія паўстануць, будуць насіць хутчэй рэкамендацыйны характар: “Нельга забараніць чалавеку паліць, але інтэнсіўная прапаганда здаровага ладу жыцьця зніжае колкасць курцоў у свеце, – параўноўваў Квяткоўскі.
Далучайся!
Ініцыятары кампаніі “Чысты байнэт зрабілі акцэнт на тым, што яны адно мадэруюць грамадскую думку, а прапановы павінны паступаць ад стваральнікаў і карыстальнікаў беларускага сеціва. Але прагучалі просьбы пра канкрэтныя вынікі і рэкамендацыі.
Вольга Бабак, (БАЖ), заклікала ўладальнікаў электронных СМІ, не чакаючы якіх-кольвек канвенцый, самім сфармуляваць падрабязныя дысклэймеры для сваіх сайтаў. У іх варта прапісаць такія дробязі, як ці мае іншы рэсурс права мяняць вашы загалоўкі, павінен ажыццяўляцца гіперлінк на сайт ці на матэрыял, што капіруецца, ці павінна ў матэрыяле згадвацца імя журналіста і многае іншае.
Першы этап кампаніі “Чысты байнэт – інфармаванне інтэрнэт-супольнасці і збор прапановаў. Даслаць свае заўвагі і прапановы можна праз форму на галоўнай старонцы сайту кампаніі. У якасці выніку мадэратары прапануюць выпрацаванае агульнае пагадненне па этычных і тэхнічных нормах супрацы ў байнэце. Любы рэсурс ці аўтар, які пажадае іх датрымлівацца, зможа адзначыць сваю старонку знакам якасці “Чысты Медыяпрадукт. Калі такіх заўвагаў у вас пакуль няма, вы можаце далучыцца да кампаніі, размясціўшы яе банеры на сваім рэсурсе.