Абаронцу Курапатаў збіла машына — ён трапіў у шпіталь
Інцыдэнт адбыўся 27 чэрвеня каля 17 гадзіны падчас пікетавання рэстарацыі «Поедем поедим». Пра здарэнне Свабодзе апавёў сустаршыня БХД Павел Севярынец.
«Дзве дзяўчыны пад’ехалі да рэстарана на аўтамабілі „Таёта“ і, не зніжаючы хуткасці, хоць бачылі пікетоўцаў, паспрабавалі праехаць на тэрыторыю рэстарана. Хоць тут знак вісіць — усяго 5 кіламетраў на гадзіну.
Аўтамабіль літаральна ўехаў у пікет і збіў Леаніда Кулакова з ног. У яго пашкоджана нага і рука здзёрта да крыві. Пікетоўцы выклікалі хуткую і ДАІ. Цяпер з кіроўцам разбіраюцца супрацоўнікі ДАІ, а Леаніду Кулакову аказваюць дапамогу медыкі», — сказаў Павел Севярынец.
Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў цягам чэрвеня рэгулярна бярэ ўдзел у пікетах каля рэстарацыі ў Курапатах, закрыцця якой ужо месяц дамагаюцца актывісты розных партый і грамадскіх арганізацый дэмакратычнага кірунку.
Супрацоўнікі ДАІ раней склалі на Леаніда Кулакова некалькі пратаколаў за парушэнне правілаў дарожнага руху. У адным з пратаколаў Леанід Кулакоў напісаў, што «стаяў і будзе стаяць у пікетах», паколькі пратэстуе супраць знаходжання забаўляльнай установы ў ахоўнай зоне Курапатаў.
Алег Груздзіловіч