94 гады на ўсіх. Пракурор запрасіў тэрміны для Марфы Рабковай і яшчэ 9 палітвязняў
Са спасылкай на ліст палітвязня Акіхіры Гаеўскага-Ханады праваабаронцам стала вядома, якія тэрміны запрасіў пракурор па справе Марфы Рабковай, Андрэя Чапюка і яшчэ васьмі палітвязняў. Агулам на ўсіх — 94 гады пазбаўлення волі.
Абвінавачанне хадайнічае аб наступных тэрмінах:
Аляксандр Францкевіч — 17 гадоў;
Акіхіра Гаеўскі-Ханада — 16 гадоў;
Марфа Рабкова — 15 гадоў;
Аляксей Галаўко — 12 гадоў;
Павел Шпетны, Мікіта Дранец, Аляксандр Казлянка, Андрэй Чапюк — па 6 гадоў;
Андрэй Марач, Даніла Чуль — па 5 гадоў.
Прысуд
па гэтай справе агучыць сёння ў 15.00 суддзя Мінгарсуда Сяргей Хрыпач.
Агулам
палітвязняў абвінавачваюць па 10 артыкулах Крымінальнага кодэкса. У матэрыялах
справы — 160 тамоў. Суд праходзіць у закрытым рэжыме, прычым усе абвінавачаныя
падалі хадайніцтва супраць закрыцця працэсу.
Раней з паведамлення СК вынікала, што палітвязням інкрымінавалі арганізацыю, кіраўніцтва або ўдзел ў «шэрагу арганізаваных злачынных груп»: «Рэвалюцыйнае дзеянне», «Народная самаабарона» і «Революцiйна дiя». У ведамстве адзначылі, што гэтыя аб’яднанні нібыта, сярод іншага, мелі «аўтаномныя ячэйкі ў рэгіёнах са сваімі нефармальнымі лідарамі» і ўвайшлі ў склад «міжнароднай злачыннай арганізацыі» як яе структурныя падраздзяленні.
СК лічыць,
што кіраўнікамі былі трое абвінавачаных і іншыя асобы, якія «хаваюцца ад
следства і актыўна робяць спробы працягнуць злачынную дзейнасць».
Таксама паведамлялася, што яшчэ дваіх затрыманых падазраюць у тым, што яны ў 2016 годзе кінулі дымавую шашку ў будынак ГУБАЗіК у Брэсце. Акрамя таго, следчыя лічаць, што затрыманыя маюць дачыненне да псавання банераў з выявай супрацоўнікаў міліцыі ў 2016–2020 гадах і падпалу білборда ў Івацэвічах.
Увесну 2017 і
2018 гадоў затрыманыя нібыта бралі ўдзел у перакрыцці праезнай часткі і
блакаванні транспарту ў Брэсце.
Паводле версіі ведамства, абвінавачаныя праз адміністраваныя імі рэсурсы публічна заклікалі да «нанясення шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі» ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года і наступныя дні.