500 метраў без тытуню

Актывісты кампаніі «За Наш Горад» ўнеслі шэраг прапаноў на заканадаўчым узроўні, якія накіраваны на стварэнне шырокіх зон «без тытуню».

pp_ns_rb.jpg


Такія ініцыятывы былі імі ўнесены ў ходзе грамадскага абмеркавання праекта дэкрэта "Аб дзяржаўным рэгуляванні абароту тытунёвых вырабаў і электронных сістэм курэння".

«Мы лічым, што спецыялізаваныя гандлёвыя аб'екты па продажы тытунёвых вырабаў павінны размяшчацца на адлегласці не менш за 500 метраў ад будынкаў арганізацый аховы здароўя, культуры, адукацыі, спецыялізаваных гандлёвых аб'ектаў па рэалізацыі тытунёвых вырабаў. Слова «Тытунь» і вытворныя ад яго, якія з'яўляюцца прамой рэкламай тытунёвых вырабаў, варта выключыць з пераліку назваў гандлёвых аб'ектаў. На наш погляд, падобная практыка рэалізацыі тытунёвай прадукцыі, дыскрэдытуе ідэю здаровага ладу жыцця і зводзіць на нішто ўсе папярэднія станоўчыя вынікі дзяржавы, накіраваныя на зніжэнне ўзроўню спажывання тытуню» — пракаментавала сітуацыю ініцыятар звароту Ганна Канюс.

Годам раней больш за 1200 жыхароў Берасця выступілі з адкрытым зваротам у сувязі з устаноўкай у масавым парадку гандлёвых аб'ектаў з назвай «Тытунь» у Брэсцкай вобласці. Занепакоенасць жыхароў выклікала тое, што гандлёвыя аб'екты «Тытунь» ўстаноўлены на прыпынках грамадскага транспарту ў непасрэднай блізкасці ад школ, дзіцячых садкоў, устаноў аховы здароўя, культуры і спорту.

«Мы патрабуем прывесці заканадаўства Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з рамачнай канвенцыяй САЗ па барацьбе супраць тытуню. Для уліку інтарэсаў грамадзян мы настойваем на заканадаўчым замацаванні абавязацельстваў выканаўчых органаў ўлічваць інтарэсы грамадзян і палажэнні Канвенцыі супраць тытуню пры выдачы ліцэнзій і дазволаў на ўстаноўку гандлёвых па продажы тытунёвых вырабаў аб'ектаў на адпаведных тэрыторыях» — дадала Ганна Канюс.

Грамадзяне і суб'екты гаспадарання могуць азнаёміцца з афіцыйным тэкстам падрыхтаванага праекта і пры жаданні па 12 чэрвеня 2017 года ўключна накіраваць свае прапановы па яго дапрацоўцы. Для гэтага на партале створана старонка з зваротнай сувяззю (http://pravo.by/novosti/obsugdenie/), а на Прававым форуме Беларусі — тэма для абмеркавання гэтага дакумента (http://forumpravo.by/forums/npa.aspx?forum=15&topic=8583) .

У Брэсцкай вобласці ў межах кампаніі «За наш горад» грамадскія актывісты аказваюць дапамогу жыхарам рэгіёнаў у вырашэнні мясцовых праблем.

Прэс-служба