Андрэй Шарэнда: «Страху няма, маўчаць мы не будзем»

Андрэй Шарэнда і ягоная жонка Паліна Шарэнда-Панасюк падазраюцца ў абразе Аляксандра Лукашэнкі. Заведзеная крымінальная справа.

ee82b41a_b036_4cf1_828c_29ad62f7fe84_w1023_r1_s.jpg

Андрэй Шарэнда з Палінай Шарэндай-Панасюк каля суду ў Берасці 3 сакавіка

 У інтэрв’ю “Радыё Свабодзе” актывісты «Еўрапейскай Беларусі» заявілі, што рэпрэсіямі іх не запалохаць.

Андрэй і Паліна — вядомыя грамадска-палітычныя актывісты ў Берасці. Андрэй быў актыўным удзельнікам многіх акцыяў, гэтай вясной ён быў адным з лідэраў пратэстаў недармаедаў у Берасці. У часе адной з акцыяў Андрэй Шарэнда прымацоўваў каля ўваходу ў аблвыканкам плякат з надпісам «Баста!», за што на яго складалі адміністрацыйны пратакол і асудзілі. 

Разам вывешвалі расцяжку супраць Лукашэнкі ў розныя дні

 Цяпер супраць Андрэя і Паліны заведзеная крымінальная справа за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Быццам бы яны павесілі ў Берасці расцяжку, на якой была напісаная абраза ў адрас Лукашэнкі. Андрэй Шарэнда называе гэтыя абвінавачванні абсурднымі, ён кажа, што ў справе ёсць нестыкоўкі нават па даце гэтага ўчынку:

«Мы яшчэ не абвінавачаныя, нам выставілі падазрэнне, далі адпаведныя паперы. Спачатку, як ні дзіўна, выклікалі Паліну, далі ёй паперу аб завядзенні справы. Быццам 17 лютага ў 15.00 вывесіла тую расцяжку. На наступны дзень мяне выклікалі і прад’явілі, што я вывешваў расцяжку з ёй 16 лютага. Мы асабліва не маем права выдаваць падрабязнасці справы, але гэтыя дзве паперы, якія нам далі, саму сутнасць гэтай справы яскрава паказваюць».

Андрэй і Паліна расказалі, што супраць іх знайшоўся сведка, які пазнаў, што гэта быццам яны вывешвалі тую расцяжку.

«Ён блытаўся ў датах, не мог дакладна вуліцу назваць, у мяне склалася ўражанне, што яму паказалі нашы здымкі, і сказалі, што ты, маўляў, быў на той вуліцы і іх бачыў», — кажа Паліна.

 

Андрэй Шарэнда з сынам Стахам

Андрэй Шарэнда з сынам Стахам

 «Стаўленне следчых да нас вельмі варожае. Мы не даём увогуле ніякіх паказанняў, спасылаемся на тое, што маем права не сведчыць супраць сябе. І ніякіх папераў не падпісваем, гэта іх вельмі раздражняе. Цалкам магчыма, што мяне ці Паліну могуць і нейтралізаваць перад нейкай наступнай акцыяй. Гэта такі своеасаблівы кручок, які можна скарыстаць у любы момант», — сказаў Андрэй. 

Былы маладафронтавец, падазраваны ў закалотах каля Дому ўраду ў 2010-м 

Андрэя Шарэнду даўно ведаюць у Берасці як актыўнага апазіцыянера. Хлопец прыйшоў да грамадскай дзейнасці, далучыўшыся да «Маладога Фронту», цяпер ён — актывіст «Еўрапейскай Беларусі».

 Андрэй прымаў удзел у многіх масавых акцыях апазіцыі. Пасля разгону Плошчы ў часе выбараў 2010 году супраць яго была заведзеная справа за тое, што нібыта «біў вокны ў Доме ўраду». Той час, прыгадвае Андрэй, ён пераседзеў за мяжой, пакуль абвінавачанне з яго не знялі.

 Болей крымінальных спраў супраць Андрэя Шарэнды не заводзілі, але шмат разоў яго судзілі паводле адміністрацыйных артыкулаў.

 Пра Андрэя Шарэнду неяк здымалі сюжэты на БТ. Напрыканцы 2015 году дзяржаўнае тэлебачанне расказала, як у Берасці выдзяляецца арэнднае жыллё і што тут «ад жорсткага прынцыпу, што жыллё атрымліваюць на роўных усе грамадзяне, улады не адышлі». Далей распавялі пра тое, што на ўручэнні ключоў ад кватэры, «толькі адзін з гэтых шчасліўчыкаў не пляскае ў ладкі з добрай нагоды — Андрэй Шарэнда, мясцовы актывіст апазіцыі. (...) 5 гадоў таму, снежаньскім вечарам, гэты чалавек адным з першых падняўся на прыступкі Дому ўраду. Там, па дзвярах і па вокнах, ён папляскаў ад душы».

«Зрабілі такую агітку, што быццам мы тут ледзь не бясплатна атрымалі кватэру», — смяецца Андрэй ды кажа, што «не чакаў іншага з боку афіцыйнага тэлебачання».

 

Паліна Шарэнда-Панасюк

Паліна Шарэнда-Панасюк

 Андрэй Шарэнда кажа, што здаўна адчувае пільную ўвагу з боку ўладаў, праваахоўнікаў:

«Да акцыяў недармаедаў, якія ўспыхнулі гэтай вясной, у мяне было шмат затрыманняў. Можна сказаць, што перад кожнымі выбарамі у нас тут сядзяць і сочаць каля пад’езду. Летась перад парламенцкімі выбарамі 3 дні сядзелі і сачылі, каб мы чаго кепскага не зрабілі. Тая самая карціна была і перад прэзідэнцкімі выбарамі. Яшчэ тады прыходзілі са службы апекі правяраць стан нашай сям’і».

«Бывае такое, што вешаюць на мяне ўсё што заўгодна. Год таму прыйшло судовае рашэнне, штраф з Івацэвічаў, што я там быццам нейкія налепкі ляпіў. І нейкі там мяне сведка бачыў. Я нават і прыгадаць не мог, калі я быў у тых Івацэвічах», — кажа Андрэй Шарэнда. 

Пад пільным вокам сацыяльных службаў 

У Андрэя і Паліны два сыны. Меншаму, Стаху, нядаўна споўніўся год, старэйшаму, Славаміру — 8 гадоў. Шарэнды кажуць, што іхная сям’я знаходзіцца пад сістэматычным наглядам сацыяльных службаў.

«25 сакавіка мяне затрымалі ў Менску, а Паліна проста выйшла з дому схадзіць у краму, і яе затрымалі. Зразумела, што ні на якую акцыю ні ў Менску, ні ў Берасці 25 ці 26 сакавіка яна не збіралася, але яны вырашылі перастрахавацца і проста затрымалі. Атрымалася, што дома засталіся дзеці. Малодшаму якраз 25 сакавіка споўніўся год. Старэйшаму сыну 8, ён ужо самастойны, яму давялося сядзець аднаму каля гадзіны. Яшчэ добра, што паспелі патэлефанаваць знаёмаму, ён тут жыве недалёка, прыбег паглядзець дзяцей. А за ім паспела прыехаць мая маці. Як толькі яны прыехалі, праз 10 хвілін літаральна прыбылі міліцыянты, служба апекі правяраць, як тут дзеці. То бок фактычна, каб мая маці не паспела, то невядома, што было б. Знарок правакавалі, каб паказаць, што дзеці знаходзяцца адны, недагледжаныя», — расказаў Андрэй Шарэнда.

 

Малодшаму сыну Стаху 25 сакавіка споўніўся годзік

Малодшаму сыну Стаху 25 сакавіка споўніўся годзік

Паліна пільную ўвагу сацыяльных сужбаў да дзяцей тлумачыць толькі актыўнай апазіцыяй бацькоў:

«Тут усё падведзена пад палітыку: калі бацькі маюць нейкую грамадскую пазіцыю, як мы бачым не толькі на прыкладзе нашай сям’і, то ўсе гэтыя дэкрэты, у тым ліку што тычацца дзяцей, таксама выкарыстоўваюцца. Гэта як метад рэпрэсіяў, ціску на сям’ю праз дзяцей».

Андрэй распавёў, што аднойчы правяральшчыкі нават прызналіся, што іх паслалі з КДБ:

«Гэтыя службы апекі разумеюць, што яны не маюць рацыі: калі ім кажаш, што гэта палітычная справа, яны проста апускаюць вочы. Іх проста накіроўваюць, іх таксама выкарыстоўваюць. Калі год таму прыходзілі, то не ўтойвалі, што іх накіраваў КДБ. Простым тэкстам сказалі». 

«Страху няма» 

 

Андрэй Шарэнда з мегафонам на чале калоны ў часе акцыі недармаедаў у Берасці 26 лютага

Андрэй Шарэнда з мегафонам на чале калоны ў часе акцыі недармаедаў у Берасці 26 лютага

Андрэй Шарэнда мяркуе, што іх справа можа раскручвацца паводле розных варыянтаў:

«Сама справа на 100 адсоткаў палітычная. Таму што няма там ніякага складу злачынства, цалкам літаратурны тэкст. Не ведаю, якая там была экспертыза, якая прызнала нейкую нецэнзуршчыну. Я не бачу там ніводнага нецэнзурнага слова. Там проста гаворыцца, што Лукашэнка давёў краіну да ручкі», — кажа Андрэй.

«Справа палітычная, таму што з 300 тысяч насельніцтва гораду ўзяліся менавіта за апазіцыйных актывістаў. Вывесіць мог хто заўгодна, а менавіта нас чапаюць», — дадае Паліна.

Андрэй Шарэнда мяркуе, што крымінальная справа з’явілася як помста за тое, што ён быў у кіраўніцтве акцыяў недармаедаў як у Берасці, так і ў Менску, а таксама «за актыўную пазіцыю, якую адстойваю з жонкай ужо шмат гадоў».

«Ідзе мэтанакіраваны ціск на ўсіх, хто актыўна ўдзельнічаў у акцыях пратэсту. Тое самае з Наталляй Папковай, у іх да яе свой падыход, спрабуюць зламаць суткамі. А да нас вось такі. Зразумела, што справа ў нас сур’ёзная, пагражае рэальны тэрмін, да трох гадоў зняволення. Але пакуль мне з цяжкасцю верыцца, што тое, што называюць справай, можа дайсці да суду. Але не выключаю, што ці я, ці жонка, ці мы разам у любы момант можам апынуцца за кратамі», — кажа Андрэй Шарэнда.

 

Міліцыянты спрабуюць сілком вывесці Паліну з суду над яе мужам 6 сакавіка

Міліцыянты спрабуюць сілком вывесці Паліну з суду над яе мужам 6 сакавіка

 Тым не менш Андрэй і Паліна кажуць, што турмой іх не напалохаеш:

«Страху няма, і калі далей гэтая справа будзе раскручвацца, то маўчаць мы не будзем. Ёсць нейкія падпіскі аб невыдаванні, але калі справа палітычная, то яна проста падганяецца пад шаблон. Таму мы маўчаць не будзем», — кажа Андрэй.

Паліна дадае, што ўвогуле ніякіх падпісак аб невыдаванні даваць не збіраецца:

«Таму што ўся гэтая сістэма — яна нелегітымная, незаконная. Фактычна, яны бандыты, якія самі сябе называюць рознымі камітэтамі, міліцыянтамі і гэтак далей. Даваць нейкія падпіскі злачынцам — гэта ніжэй за мой гонар. Не я злачынца, а яны злачынцы. Таму што гэта яны ўзурпавалі ўладу, яны душаць свабоду, яны гэта ўсё робяць».

 www.svaboda.org