428-мы дзень вайны: Украіна спадзяецца і чакае контрнаступ
Армія РФ даслала дарагія кіраваныя ракеты «Калібр» па цывільных дамах, зруйнаваны шматпавярховік і прыватны дом. На тэрыторыі Польшчы знайшлі абломкі яшчэ адной ракеты.
Контрнаступленне павінна пачацца нечакана, заявіў Рэзнікаў у інтэрв'ю РБК-Украіна: «Таму што ў гэтым сэнс вайсковай аперацыі — ніхто не павінен ведаць, што яна пачалася. Чым даўжэй не будзе ведаць вораг, тым больш верагоднасці, што яна пройдзе паспяхова». Пры гэтым ён запэўніў, што грамадства пра ўсё даведаецца, калі прыйдзе час, бо цяпер дзякуючы розным OSINT-рэсурсам ужо нічога не схаваць. Да таго ж украінскія вайскоўцы самі сацыяльна і медыйна актыўныя.
Украінскі міністр дадаў, што ў цэлым тэма контрнаступлення моцна перагрэтая: «Раней не верылі ў перамогу. Раней хацелі, каб Украіна выжыла хоць неяк мінімальна, каб хоць нейкая частка Украіны захавалася. А калі УСУ паказалі поспехі, усе пачалі верыць у перамогу. Хочуць наступнай перамогі. Гэта нармальна, гэта эмоцыі — чаканне поспеху».
4 ракеты трапілі ў жылыя дамы Мікалаева
У выніку начной ракетнай атакі на Мікалаеў адзін чалавек загінуў, 23 параненыя, сярод іх адно дзіця. Расіяне атакавалі горад ракетамі «Калібр» з акваторыі Чорнага мора. Ракеты былі запушчаны з выкарыстаннем асаблівасцяў мясцовасці і змяненняў траекторыі для ўскладнення выяўлення. «Улічваючы, што гэта высокадакладная зброя, якая працуе па каардынатах навядзення, — відавочны факт тэрору мірнага насельніцтва», — падкрэслілі ў камандаванні.
У выніку атакі адзін прыватны дом разбураны, яшчэ адзін пашкоджаны, істотныя разбурэнні атрымалі жылая шматпавярхоўка і гістарычны будынак. Пажар аператыўна ліквідаваны, працягваецца разбор канструкцый.
Армія РФ ужывае спецыяльную тактыку для падману ўкраінскай СПА, распавяла спікер АК «Південь» Наталля Гумянюк: «Тактыка заключаецца ў вылічэнні логікі спрацоўвання супрацьпаветранай абароны і спробе зрабіць сродкі паразы максімальна незаўважнымі для сродкаў СПА. Менавіта таму доўгі час дзяжурылі падводныя ракетаносьбіты».
Што адбываецца на вайне?
У Херсонскай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў адзін чалавек загінуў, яшчэ трое атрымалі раненні. У Данецкай вобласці загінулі тры чалавекі, яшчэ чацвёра атрымалі раненні.
Расіяне актывізавалі абстрэлы Запарожскай вобласці, паведаміла АВА. У выніку абстрэлу Арэхава загінулі два чалавекі. Таксама пацярпелі ад абстрэлаў Прэабражэнка, Новаданілаўка, Успенаўка.
- У захопленым РФ Мелітопалі адбыўся выбух — падарвалі чарговага калабаранта.
Як распавёў мэр Іван Фёдараў, раніцай у цэнтры горада, ля пад'езда шматкватэрнага дома па вуліцы Герояў Украіны, 67, прагрымеў выбух. Расійскія паблікі пішуць, што ў выніку выбуху ў Мелітопалі загінуў супрацоўнік прарасійскай «паліцыі» Аляксандр Мішчанка — ён памёр у лякарні, яшчэ адзін “паліцыянт” паранены.
Жыхары Мелітопаля штодня паведамляюць аб прыбыцці новых падраздзяленняў акупантаў. Так, учора ў гасцініцу Мелітопаль прыехалі кадыраўцы, таксама пастаянна фіксуецца перамяшчэнне тэхнікі па горадзе, распавёў мэр Іван Фёдараў.
- Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 27 красавіка: асабовага складу — каля 188 920 (+510) чалавек.
- Асноўныя намаганні армія РФ засяроджвае на вядзенні наступальных дзеянняў на Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках.
Падраздзяленнямі сіл абароны Украіны за мінулыя суткі былі адбітыя 54 атакі арміі РФ на гэтых участках фронту. Найбольш жорсткія баі працягваюцца за Бахмут і Мар'інку, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.
- Расіяне працягваюць будаваць эшалонную абарону вакол Марыупаля.
Пасля ўстаноўкі «зубоў дракона» пачалі ўладкоўваць бліндажы. Як распавёў дарадца мэра горада Пётр Андрушчанка, учора ўпершыню ў вялікай колькасці ваенныя грузавікі везлі драўніну ў Мангушский раён і часткова — у напрамку Бярдзянска. Колькасць саміх фартыфікацый расце па ўсіх напрамках.
Акрамя таго, армія РФ пачала рассяленне ў свабодныя дамы ў вёсках на поўнач ад Марыупаля. Па іх паведамленнях, тут будзе часткова размяшчацца корпус «абароны Марыупаля ад нацыстаў».
- Расійскія СМІ неафіцыйна паведамляюць аб звальненні намесніка міністра абароны РФ генерал-палкоўніка Міхаіла Мізінцава.
Менавіта Мізінцаў аддаваў загады бамбіць у Марыупалі радзільню, дзіцячую бальніцу і драмтэатр. У апошні час Мезенцаў адказваў за тылавое забеспячэнне, раней ён кіраваў Нацыянальным цэнтрам кіравання абаронай РФ. Яго называлі «любімчыкам Пуціна».
РФ мае грошы, каб ваяваць яшчэ год
На думку амерыканскай выведкі, Расіі хопіць грошай яшчэ як мінімум на год вайны ва Украіне, піша The Washington Post са спасылкай на злітыя сакрэтныя дакументы Пентагона. Згодна з дакументамі, Масква ўсё больш разлічвае на збор карпаратыўных падаткаў, стабілізацыйны фонд, павелічэнне імпарту, а таксама на здольнасць бізнесу прыстасоўвацца да новых умоў, каб справіцца з эканамічным ціскам.
І хоць не ўсе прадстаўнікі расійскай бізнес-эліты згодныя з курсам Крамля ў дачыненні да Украіны, і санкцыі моцна б'юць па іх, яны ўсё ж наўрад ці адмовяць у падтрымцы Пуціну і разам з чыноўнікамі зробяць усё магчымае для абыходу міжнародных санкцый, мяркуе выведка ЗША.
Расіяне ўмацоўваюць агнявыя пазіцыі на АЭС
Брытанская выведка паведамляе са спасылкай на спадарожнікавыя здымкі, што да сакавіка 2023 года расійскія войскі ўладкавалі пазіцыі, умацаваныя мяшкамі з пяском, на дахах некалькіх з шасці будынкаў рэактараў Запарожскай АЭС. Аналітыкі звярнулі ўвагу, што Расія кантралюе станцыю з сакавіка 2022 года, але гэта першыя прыкметы, што непасрэдна будынкі рэактараў інтэгруюць у тактычнае абарончае планаванне.
Выведка адзначае, што такія крокі расіян павялічваюць рызыкі прычынення шкоды сістэмам бяспекі ЗАЭС, калі баі будуць ісці вакол станцыі. Зрэшты, нанясенне непасрэдных катастрафічных пашкоджанняў рэактарам малаверагоднае ва ўмовах найбольш верагодных сцэнарыяў з ужываннем стралковай зброі, таму што гэтыя структуры вельмі добра ўмацаваныя, лічаць эксперты.
У Польшчы зноў звалілася ракета?
Паблізу польскага горада Быдгашч выявілі абломкі аб'екта, падобнага на ракету «паветра-зямля», паведамляе RMF24. На абломках ёсць надпісы на рускай мове, што можа ўказваць на савецкае паходжанне ракеты. Верагодна, яна ўпала некаторы час таму. Баявая частка ў ракеце адсутнічае. Польская пракуратура пачала расследаванне.
Зяленскі ўчора паразмаўляў з Сі Цзіньпінам
Уладзімір Зяленскі ўпершыню з пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання пагаварыў з лідарам Кітая Сі Цзіньпінам. У Кітая ёсць свая мірная ініцыятыва, да якой Кіеў ставіцца стрымана, а Захад — скептычна. Пра гэта і размаўлялі.
Зяленскі паведаміў у вячэрнім відэазвароце, што Кітай мае аднолькавы з Украінай погляд на свабоду мараходства і гандлю: «Я праінфармаваў Сі Цзіньпіна аб нашых намаганнях па аднаўленні марскога экспарту прадуктаў харчавання. І я пачуў словы падтрымкі нашай Чарнаморскай збожжавай ініцыятывы, яе падаўжэння, а таксама — падтрымкі нашых гуманітарных намаганняў, у прыватнасці, праграмы збожжа з Украіны».
Зяленскі паведаміў, што правёў сустрэчу з дарадцам прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі ў пытаннях нацыянальнай бяспекі Цімаці Бароу.
«Наша дзяржава шануе лідарскую пазіцыю Вялікабрытаніі па абароннай падтрымцы. Важна, каб Украіна атрымала вайсковыя самалёты заходняга ўзору, а таксама розныя віды ўзбраенняў, неабходныя для супрацьстаяння расійскаму агрэсару. Заклікаю Вялікабрытанію ўзяць на сябе лідарства ў фармаванні паветранай кааліцыі для Украіны», — падкрэсліў прэзідэнт.