Па Мікалаеву ўначы ўдарылі «Калібрамі»: разбураны шматпавярховік, ёсць ахвяры
Прынамсі адзін чалавек загінуў і яшчэ 23 атрымалі раненні ў выніку ракетнага ўдару па горадзе Мікалаеў, паведаміў кіраўнік ваеннай адміністрацыі Мікалаеўскай вобласці Віталь Кім.
Паводле ягоных звестак, у ноч на 27 красавіка расійскія войскі выпусцілі па горадзе чатыры ракеты тыпу «Калібр». Сярод пацярпелых адно дзіця.
У выніку ўдару разбураны прыватны дом, пашкоджаны жылы шматпавярховік і гістарычны будынак.
Інфармацыю пра абстрэл Мікалаева пацвярджае аператыўнае камандаванне «Поўдзень». Спікер ведамства Уладзіслаў Назараў апублікаваў у тэлеграме фота наступстваў ракетнага ўдару.
Паводле даных кіраўніка прэс-цэнтра аператыўнага камандавання «Поўдзень» Наталлі Гумянюк, удар па Мікалаеву быў нанесены з акваторыі Чорнага мора.
Удар чатырма ракетамі быў нанесены каля гадзіны ночы па мясцовым часе. Спачатку ўкраінскія крыніцы меркавалі, што гэта былі ракеты з зенітнага комплексу С-300, якімі расіяне страляюць па наземных цэлях.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пракаментаваў удар па Мікалаеву так: «Краіна-акупант ні на дзень не перастае даказваць, што асноўная мэта гэтай вайны — тэрор і знішчэнне ўкраінцаў і ўсяго ўкраінскага».
Нагадаем, уначы 2 сакавіка войскі РФ нанеслі ракетны ўдар па жылым доме ў Запарожжы з ЗРК С-300. Снарад разбурыў некалькі паверхаў, пад заваламі апынуліся людзі.
Супрацоўнікі ДСНС выратавалі 11 чалавек. Падчас разбору разбураных канструкцый дома ратавальнікі дасталі з-пад завалаў чатырох катоў і сабаку. Усяго з-пад завалаў дома спецыялісты ДСНС дэблакавалі 13 загінулых, з іх адно 8-месячнае дзіця.