2 красавіка ў Гародні адбудзецца “Крыжовы шлях” Ісуса Хрыста

“Крыжовы шлях” Ісуса Хрыста, дзе адбудуцца развагі над тэкстам гарадзенскай паэткі Дануты Бічэль, пройдзе ў Гародні ў сераду, 2 красавіка.



1_krh7.jpg

Супольная малітва адбудзецца ў гарадзенскім Пабрыгіцкім храме. Паводле ксяндза Юрыя Жыгарына, набажэнства такога фармату адказвае задачам новай евангелізацыі, гэтым разам і сярод аматараў беларускай паэзіі:

— Касцёл заўсёды стараўся ўвайсці ў кожнае культурнае асяроддзе — незалежна ад мовы, незалежна ад поглядаў. Аб гэтым гаворыць Другі Ватыканскі сабор аб інкультырацыі Евангелля, таму, каб эфектыўна прапаведаваць Евангелле, мы павінны звяртацца да людзей на зразумелай для іх мове. Уваходзячы ў культуру, мы павінны пазнаваць літаратуру, таму што літаратура з’яўляецца душой народа. У беларускай літаратуры вельмі шмат хрысціянскіх матываў.

Ініцыятыва набажэнства належыць аднаму з валанцёраў парафіі на Дзевятоўцы Уладзіміру Крупенку. Да яе далучаецца моладзь з розных парафіяў Гародні. Гэтае набажэнства — спроба па-новаму паглядзець на пакуты Хрыста, на сэнс яго прыйсця, смерці і ўваскрашэння. Пачатак набажэнства а 20.00 гадзіне.

Беларускае Радыё Рацыя