№10 замест №1: Кавалёва на Кубку свету па шахматах заменіць Ступак
Уладзіслаў Кавалёў распавёў, што адбор на Кубак свету фактычна не праводзіўся.

Замест лідара беларускай зборнай Уладзіслава Кавалёва на Кубак свету па шахматах паедзе №10 па рэйтынгу Кірыл Ступак.
«Фактычна ў Беларусі ніякага афіцыйнага адбору да Кубка свету не праводзілася. У выніку мая заява была праігнараваная, яе не разглядалі на выканкаме і не ставілі на галасаванне», — распавёў @zozhteam Уладзіслаў.
Кавалёў — самы малады беларускі гросмайстар, першы нумар зборнай. У 2020 годзе ён падпісаў адкрыты ліст спартоўцаў супраць гвалту і за сумленныя выбары. Пасля гэтага яго спрабавалі прымусіць падпісаць дадатковае пагадненне да кантракту, дзе забаранялісь публічныя выказванні без узгаднення з наймальнікам і іншыя абмежаванні. Шахматыст адмовіўся — і неўзабаве быў звольнены з нацыянальнай зборнай.