Сёння ўночы праваслаўныя святкуюць Вадохрышча

У ноч з 18 на 19 снежня праваслаўныя пачынаюць святкаваць Вадохрышча. Хрысціянская рэлігія звязвае Вадохрышча з хрышчэннем Ісуса Хрыста Іаанам Хрысціцелем на рацэ Ярдані са з'яўленнем усіх асобаў Святой Тройцы. У каталікоў пярэдадзень Вадохрышча (6 студзеня) мае назву "Тры каралі".



p1010019.jpg

На Вадохрышча ў храмах адбываецца асвячэнне вады, якую некалі бралі з бліжэйшай рэчкі (у гэты дзень усе вадасвятныя месцы называліся "Ярданямі"), прасякаючы на лёдзе вялікі крыж і фарбуючы яго бураковым сокам у ружовы колер.

Пры асвячэнні вады на Усходнім Палессі ставілі кругом маладыя ялінкі, каб закрыць святую ваду ад усялякае нечысці, а іх галінкі потым падкладвалі пад квактух, каб было болей куранят, ці ўторквалі ў страху, каб туды не ўдарыў пярун. Ліхіх духаў на "Ярдані" адпужвалі таксама стральбою з ружжаў.

Яшчэ з дахрысціянскіх часоў верылі ў цудадзейную моц асвечанай вады, захоўваючы ў доме, як і асвечаныя купальскія зёлкі: яе давалі выпіць хвораму; апырсквалі свойскую жывёлу адразу пасля ацёлу і перад першым выпасам; садовыя дрэвы, калі яны не давалі пладоў; поле перад сяўбою дзеля ўрадлівасці і каб вывесці асот; новую хату перад засяленнем і гаспадарчыя пабудовы; пчальнікі і вуллі; труну перад тым, як пакласці ў яе нябожчыка, і выкапаны дол на могілках.

Найбольш уздзейнай лічылася вада, узятая з трох, а яшчэ лепей з сямі "Ярданяў", дзеля чаго пасылалі людзей ў розныя месцы. Казалі, хто першы зачэрпне святой вады і вернецца дамоў, той першы збярэ з поля сваю збажыну. Разабраўшы ваду, неслі яе дадому, а потым паілі з палонкі коней.

Смельчакі купаліся ў палонцы да ўсходу сонца, каб цела было бялейшае і каб ачысціцца ад грахоў. Пры адсутнасці рэк ці азёраў бралі ваду з калодзежаў, апусціўшы туды крыжык, зроблены з лучыны, які потым вешалі на варотах ад малочных ведзьмаў. Пяклі крыжыкі з цеста і елі іх.

Напярэдадні Вадохрышча сяляне пераварочвалі вазкі і сані, бо ў гэты час нібыта павінны прыходзіць вадзянікі, каб за ўвесь наступны дзень, пакуль асвечаную ваду не знясе плынь, вывезці сваіх дзяцей, якія могуць загінуць ад апускання крыжа ў ваду. З асвечанай вады ўцякае і чорт, перасяляючыся на вярбу аж да яе асвячэння на Вербніцу.

На Вадохрышча выконвалі розныя магічныя дзеянні і варажылі на гаспадарчыя справы: часалі лён, каб такімі ж гладкімі былі цяляты; лавілі шапкамі і хвартухамі падкінутую жменю гароху і па злоўленых гарошынах разлічвалі на колькасць ягнятаў, што народзяцца сёлета; па дыме ад запаленай лучыны меркавалі, адкуль на весну трэба чакаць прылёту пчаліных раёў і, адпаведна, у які бок разварочваць вуллі; раскідвалі перад вадзяной куццёю па чатырох баках хаты жытнёвае зерне на багаты ўраджай.

Варожачы на суджанага, пералічвалі калы ў плоце ("кол, каліца..."); з куццёю ў роце беглі на вуліцу і пыталіся ў першага стрэчнага імя. Існавала шмат прадказанняў будучага надвор'я і ўраджаю. Калі на Вадохрышча сцюдзёна — у жніво будзе вельмі горача; хрышчэнскі снег абяцаў урадлівы год, грыбное лета, але чакалася чарвівая капуста. Калі на Вадохрышча было цёпла, спадзяваліся, што густа ўзыдзе збажына. Воблачнае Вадохрышча прадказвала добры год, а калі на небе чыста, то і ў засеках будзе чыста.

Малады снег, што выпаў у хрышчэнскую раніцу, лічыўся добрым сродкам адбельвання палатна і лямцавання сукна. Вадохрышча звычайна супадала з самымі халоднымі днямі зімы, пасля якіх год паварочваўся на лета: "Трэшчы — не трэшчы, прайшлі Вадахрэшчы. Не к Раству, а к Пятру!"

Паводле jivebelarus.net