Выгаднае нездароўе нацыі
Кіраўнік краіны рэгулярна кажа, што ў Беларусі не будзе ні рэформаў, ні рэвалюцый. Аднак варта было яму з’ехаць у Кітай, і рэвалюцыйныя прапановы пачалі прасочвацца на публіку. Вось толькі яны наўрад ці выканальныя.
Ледзьве не палову насельніцтва агаломшыла ініцыятыва Міністэрства аховы здароўя. Зважаючы на тое, што ў Беларусі паляць амаль 64% мужчын і 21% жанчын, а краіна знаходзіцца на 6-м месцы сярод самых палячых краін свету, паступіла прапанова забараніць паленне амаль паўсюль. Прынамсі, шэраг жорсткіх захадаў наконт гэтага ўжо знаходзіцца ва ўрадзе. Калі ён будзе зацверджаны, дык аматарам падыміць давядзецца нялёгка.
Па-першае, плануецца цалкам забараніць паленне ва ўсіх кропках грамадскага харчавання, гасцініцах, пад'ездах і дварах, на прыпынках грамадскага транспарту, у парках, скверах, установах, на дыскатэках і нават у казіно. Пры гэтым збіраюцца ліквідаваць курыльні і асобныя залы для тых, хто паліць.
Па-другое, прапануецца забараніць паліць на працоўным месцы, а «пры неаднаразовым парушэнні (два і больш разоў) прымаць меры аж да скасавання кантрактаў з парушальнікамі».
Па-трэцяе, павялічыць штраф за курэнне ў неналежным месцы ў 10 разоў: з 0,1–0,5 да 1–5 базавых велічынь.
Ну і традыцыйныя супраць курцоў захады: павялічыць узрост для набыцця цыгарэт да 21 года, парушальнікаў-прадаўцоў пазбаўляць ліцэнзіі на гандаль тытунём; прадаваць цыгарэты толькі ў спецыялізаваных (выключна дзяржаўных) крамах; забараніць любую рэкламу цыгарэт; падняць кошты на тытунёвыя вырабы.
Галоўны санітарны ўрач Беларусі Валянціна Качан абгрунтавала такія драконаўскія прапановы тым, што, паводле яе меркавання, «забаронныя захады — найбольш эфектыўныя». «Істотна паўплываць на тых, хто паліць, і на пакаленне, якое падрастае і ўжо цягнецца да цыгарэты, толькі асветніцкімі мерамі ўжо немагчыма. Давядзецца фармаваць у людзей устойлівае непрыманне тытуню мерамі забароннымі», — тлумачыць Качан.
Аналагічная сітуацыя з алкаголем. На тыдні прадстаўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Гаўдзі Галі агучыў сусветных лідараў па спажыванні алкаголю. Беларусь саступіла сваё пачэснае першае месца Літве. Паводле дадзеных за 2016 год, адзін жыхар Літвы ў сярэднім выпіў 16 літраў чыстага алкаголю. У Беларусі выпіваюць каля 15 літраў чыстага алкаголю ў год. Трэці радок займае Латвія (у сярэднім каля 13 літраў на кожнага жыхара краіны). Расія разам з Польшчай размясціліся на чацвёртым радку з паказчыкам крыху больш за 12 літраў на кожнага жыхара.
Варта адзначыць, што па выніках даследавання СААЗ за 2008–2010 гады, апублікаваным у мінулым годзе, Беларусь аказалася самай пітушчай краінай у свеце. Па выніках 2013 года Беларусь апынулася ў тройцы сусветных лідараў па выдатках насельніцтва на алкаголь, а ў 2014 годзе беларусы былі самымі пітушчымі ў Еўропе.
Такім чынам, Мінздароўя цалкам апраўдана непакоіцца пра стан здароўя грамадзян. Але ў сённяшняй сітуацыі татальнага дэфіцыту грошай урад наўрад ці прыслухаецца да дактароў. Інакш краіну чакае поўнае банкруцтва.
У цане аднаго пачку цыгарэтаў — акцызы складаюць 40% вартасці. Грошы ад акцызаў ідуць у дзяржбюджэт. У сярэднім курэц паліць пачак у дзень. Шляхам няхітрых маніпуляцыяў з калькулятарам (пачак цыгарэт 1,80 BYN, 40% акцызу, 365 пачакаў на год і курс долара 1,85), мы атрымліваем, што сярэдні курэц спансуе дзяржаву штогод прыкладна на 150 долараў. Памножыць гэта на 64% мужчын, якія паляць, — атрымаем неблагую суму больш чым у 400 мільёнаў долараў. Дададзім сюды 21% беларускіх жанчынаў — і за гэтыя грошы мы можам цалкам сплаціць наш нядаўні доўг «Газпрому».
Штрафы за «паленне ў недазволеным месцы» наўрад ці дасягнуць такой сумы, як акцызныя зборы.
З акцызамі на алкаголь яшчэ цікавей: ад 38% у цане бутэлькі «чарнілаў» да 80% — у бутэльцы гарэлкі.
Пасля такіх падлікаў усе драконаўскія прапановы Мінздароўя можна выкідаць у сметніцу.
Незразумела таксама, як выканаць патрабаванне пра продаж тытуню толькі ў дзяржаўных крамах. Бо выключна дзяржаўных крамаў у нас амаль няма.
А скасаванне кантрактаў з працоўнымі за паленне? Будзем зноў пладзіць беспрацоўе? Забыліся ўжо пра «маршы недармаедаў» увесну?
Тым больш, што рэальныя наяўныя грашовыя даходы беларусаў, паводле дадзеных Белстату, працягваюць падзенне. У студзені-сакавіку гэты паказчык скараціўся на 2,2% да аналагічнага перыяду мінулага года.
Нагадаем, у студзені-лютым рэальныя наяўныя даходы беларусаў упалі на 3,2% да аналагічнага перыяду мінулага года, а ў студзені — на 4,5%. Тым не менш, загад Лукашэнкі пра сярэдні заробак у 1000 рублёў да канца года ніхто не адмяняў. Адкуль узяць грошы на павышэнне заробкаў?
І, паводле аналітыкаў, сітуацыя можа пагоршыцца. Дапаможа гэтаму, як заўсёды, «знешні фактар». Кіраўнік Мінэканомразвіцця Расіі Максім Арэшкін на мінулым тыдні ажыццявіў новую слоўную інтэрвенцыю на карысць расійскага рубля, распавёўшы пра прычыны, на падставе якіх ён чакае ўздыму курсу долара ўжо летам бягучага года. Арэшкін адзначыў, што ў пачатку бягучага года імпарт тавараў з далёкага замежжа вырас на 20–25%, а абарот расійскіх авіяліній па замежных напрамках расце прыкладна на 30% да ўзроўню мінулага года. «І ў выніку гэтыя тэндэнцыі прывядуць да таго, што імпарт вырасце да такога ўзроўню, што бягучы рахунак плацежнага балансу перастане быць моцным», — зрабіў выснову міністр.
Ён лічыць, што імпарт дасягае піку ў ліпені-жніўні, у той жа час, калі будуць ажыццяўляцца выплаты дывідэндаў замежным акцыянерам расійскіх кампаній. Пры бягучых цэнах на нафту курс долара павінен падняцца да 62–63 RUB/USD (зараз долар каштуе 56 расійскіх рублёў).
Як вядома, усе падзенні рубля ў Расіі імгненна адбіваюцца на Беларусі. Калі прагноз Арэшкіна спраўдзіцца, беларускі рубель таксама лясне. І ў гэтай сітуацыі весці барацьбу з напаўняльнікамі беларускага бюджэту наўрад ці хто адважыцца.